Леанід Аўтухоў, актывіст партыі БНФ, атрымаў ліст з Гарадоцкага цэнтру занятасьці. Яму паведамілі, што здымаюць яго з уліку і больш ня будуць займацца ягоным працаўладкаваньнем.
Спадар Аўтухоў шакаваны: два тыдні таму ён наведаў цэнтар занятасьці, яму прапанавалі некалькі вакансіяў, якія не падышлі з розных прычынаў, і ўжо быў прызначаны дзень наступнага візыту:
«Атрымаў загад прыйсьці 12 лютага — гэта мой абавязак зьяўляцца ў цэнтар занятасьці штомесяц, каб скарыстацца наяўнасьцю новых вакансіяў, калі яны ёсьць. Мінулым разам я хадзіў 14 студзеня. Мне прапанавалі працу кіроўцы ў Віцебску з акладам 2 мільёны, тут я адмовіўся адразу. І яшчэ дзьве вакансіі ў мясцовым леспрамгасе — працу электрыка і мэханіка. Ні адно, ні другое — не мая прафэсія. Ну, гадоў 25 таму я працаваў пэўны час электрыкам, але цяпер іншае абсталяваньне, і я нават не вазьмуся. Да таго ж у мяне ёсьць новая, запатрабаваная спэцыяльнасьць — кіроўцы катэгорыі „Е“, для машын з прычэпамі. Няўжо ва ўсім Гарадоцкім раёне няма такой працы?»
Леанід Аўтухоў згадвае, што ў тую самую ўстанову — у гарадоцкую філію леспрамгасу — яго ўжо накіроўвалі працаваць кіроўцам. Але езьдзіць, як высьветлілася, там няма на чым — няма спраўных машын. Машыну трэба рамантаваць, а ў той час, калі транспартны сродак не працуе, кіроўца атрымлівае толькі мінімальны заробак. На такія ўмовы Леанід Аўтухоў ісьці адмовіўся. І распавёў незалежным СМІ, што на Гарадоччыне ў цэнтры занятасьці прапануюць вакансіі, якіх фактычна няма.
Гэтага, на думку апазыцыянэра, яму і не даравалі:
«Было дужа незадаволенае кіраўніцтва леспрамгасу, бо „праславілася“ на ўвесь сьвет. Дарэчы, у іх зноў зьявілася вакансія кіроўцы, хоць дзейных машын па-ранейшаму няма. Але мне быць кіроўцам больш не прапануюць. Мінулым разам у цэнтры занятасьці я патлумачыў, чаму не магу працаваць ні электрыкам, ні мэханікам. Гэта ж не мая спэцыяльнасьць! У адказ атрымаў ліст, што двойчы адмовіўся ад працаўладкаваньня, і таму мяне здымаюць з уліку».
Ліст з цэнтру занятасьці датаваны 23 студзеня, але ў ім сказана, што з уліку Леаніда Аўтухова зьнялі яшчэ 14 студзеня, адразу пасьля ягонага апошняга візыту ва ўстанову. Наступным крокам, мяркуе апазыцыянэр, можа стацца спагнаньне грошай за курсы кіроўцаў, якія ён наведваў па накіраваньні цэнтру занятасьці.
Спадар Аўтухоў лічыць, што «дармаедам» яго зрабілі невыпадкова — што гэта працяг таго самага ціску, які распачаўся 6 гадоў таму. Пасьля ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе яго скарацілі зь мясцовай структуры ЖКГ. І з тае пары ён ніяк ня можа ўладкавацца на працу. Спачатку ў цэнтры занятасьці яму давалі накіраваньні, але адмаўлялі ўжо на прадпрыемствах, як толькі даведваліся, што ён апазыцыйны актывіст. Потым пачаліся такія прапановы, што прыняць іх проста немагчыма. Аднак Леанід Аўтухоў ня хоча здавацца: ён зьбіраецца давесьці цэнтру занятасьці, што з уліку яго зьнялі беспадстаўна.