ЗША мяркуюць, што эканамічныя санкцыі застаюцца лепшым спосабам узьдзеяньня на Расею ў сувязі з украінскім крызісам, а пастаўкі зброі Кіеву не гарантуюць вырашэньня праблемы, піша «Голас Амэрыкі».
Пра гэта заявіў намесьнік дарадцы Белага дома па нацыянальнай бясьпецы Бэн Роўдс.
«Мы па-ранейшаму лічым, што лепш за ўсё на разьлікі Расеі можна паўплываць праз эканамічныя санкцыі, якія глыбока ўгрызаюцца ў расейскую эканоміку», — заявіў Роўдс у інтэрвію CNN.
Камэнтуючы выказваньні высокапастаўленых прадстаўнікоў адміністрацыі, што Вашынгтон зноў разглядае пытаньне аб пастаўках зброі Ўкраіне для барацьбы з сэпаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея, Роўдс заявіў:
«Мы ня думаем, што адказам на крызіс ва Ўкраіне можа быць проста ўвоз дадатковай зброі».
Пытаньне аб перадачы сьмяротнай зброі Ўкраіне «вывучаецца сьвежым поглядам» — так высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі пракамэнтаваў Reuters дыскусіі сярод чальцоў адміністрацыі Барака Абамы аб мэтазгоднасьці паставак абарончых узбраеньняў для падтрымкі ўкраінскай арміі.
«Чым скончацца гэтыя дыскусіі, мы ня ведаем», — сказаў чыноўнік.
У чацьвер дзяржсакратар ЗША Джон Кэры выяжджае ў Кіеў для перамоваў з урадам Украіны. У гэты ж дзень міністры абароны НАТО сустракаюцца ў Бруселі.
Пераасэнсаваньне палітыкі адлюстроўвае настроі, якія амэрыканскія афіцыйныя асобы характарызуюць як расчараваньне з нагоды таго, што працягваецца падтрымка сэпаратыстаў Масквой, нягледзячы на шматмесячныя міжнародныя эканамічныя санкцыі і правал апошняй спробы мірных перамоваў на выходных.
У дакладзе трох дасьледчых цэнтраў ЗША, у тым ліку Атлянтычнай рады, апублікаваным у панядзелак, гаворыцца, што ЗША павінны неадкладна санкцыянаваць вылучэньне 1 мільярда даляраў ваеннай дапамогі Кіеву і каардынаваць яе з Польшчай, краінамі Балтыі, Канадай і Вялікабрытаніяй.
«Захад мусіць разумець, што калі мы будзем марудзіць, кошт будзе толькі ўзрастаць», — гаворыцца ў дакладзе, у якім указваецца, што ваенная дапамога павінна ўключаць лёгкія бранябойныя ракеты, бесьпілётныя лятальныя апараты, а таксама браніраваныя ўсюдыходы Humvee.
Адзін з аўтараў дакладу, былы амбасадар ЗША ва Ўкраіне Джон Хэрбст адзначыў, што дыпляматычныя намаганьні, відавочна, праваліліся, і Масква лічыць, што яна можа дамагчыся свайго на полі бою.
«Мы не выступаем за ваеннае рашэньне, мы лічым, што ўкраінскія вайскоўцы ня могуць перамагчы расейскую армію, а ў дадзены момант расейскі ўрад не выяўляе ніякай цікавасьці да дыпляматычнага ўрэгуляваньня, — лічыць Хэрбст. — Але каб прыйсьці да па-сапраўднаму дыпляматычнага вырашэньня пытаньня, трэба пазбавіць Крэмль магчымасьці ваеннага рашэньня».