Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе для забойцы Саламацінай 17 гадоў турмы


Павал Цыняўскі
Павал Цыняўскі

2 лютага ў судзе Фрунзенскага раёну Менску па справе аб жорсткім забойстве 18-гадовай жыхаркі Смалявіцкага раёну Юліі Саламацінай адбыліся спрэчкі.

Абвінавачанаму ў забойстве Юліі Саламацінай дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў 17 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Пракурор Сяргей Кротаў папрасіў суд прызначыць абвінавачанаму Паўлу Цыняўскаму па сукупнасьці злачынстваў пакараньне ў выглядзе 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму (першыя пяць гадоў ён правядзе ў турме), а яго маці Галіне Цыняўскай, якая актыўна дапамагала сыну хаваць сьляды злачынства, — два гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, — паведамляе БелаПАН.

Пракурор Кротаў.
Пракурор Кротаў.

Дзяржабвінаваўца прапанаваў суду задаволіць патрабаваньні пацярпелай і спагнаць з Цыняўскага ў кошт пагашэньня маральнай шкоды 1,5 млрд рублёў, з Цыняўскай — 0,5 млрд рублёў.

Віна абодвух абвінавачаных у судзе даказаная ў поўным аб’ёме, канстатаваў дзяржабвінаваўца.

Дзеяньні абвінавачанага сьледзтвам кваліфікаваныя паводле ч.1 арт.139 (забойства) і ч.1 арт.377 (пашкоджаньне афіцыйных дакумэнтаў, зьдзейсьненае зь іншых асабістых памкненьняў) КК, абвінавачванай — паводле ч.2 арт.405 (укрываньне асобы, якая ўчыніла асабліва цяжкае злачынства, прыладаў і сродкаў зьдзяйсьненьня гэтага злачынства, сьлядоў злачынства) і ч.1 арт.377 КК.

Абое падсудныя, як прызнаў суд, пры сьвядомасьці. На сьледзтве і ў судзе яны сваю віну прызналі цалкам.

Забойства Саламацінай было ўчынена 18 ліпеня 2014 году ў кватэры абвінавачаных. Малады чалавек, будучы п’яным, падчас сваркі на глебе раптоўна ўзьніклых непрыязных адносін ударыў дзяўчыну, якая прыехала да яго ў госьці, нажом, а потым задушыў папругай. Затым разам з маці з дапамогай баўгаркі, сякеры, нажоў разьдзяліў цела, жанчына зварыла вантробы і асобныя часткі цела забітай, здрабніла іх, перакруціла на мясарубцы і спусьціла ў каналізацыю. Рэшткі трупа і пашпарт забітай сын з маці закапалі ў лясным масіве на скрыжаваньні вуліц Прытыцкага і Ефрасіньні Полацкай, а потым паспрабавалі спаліць. Пасьля гэтага кінуліся ва ўцёкі. У міліцыю ў Бягомлі яны здаліся 27 ліпеня.

Жыхарка пасёлку Кастрычніцкі Смалявіцкага раёну Менскай вобласьці Юлія Саламаціна зьнікла ў ліпені 2014 году, пасьля таго як адправілася ў Менск на сустрэчу з маладым чалавекам, зь якім пазнаёмілася ў інтэрнэце. У ходзе расьсьледаваньня справы па факце яе зьнікненьня былі атрыманыя зьвесткі, якія паказвалі на крымінальны характар падзеі. Да сьледчых дзеяньняў і апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі прыцягнутыя найбольш вопытныя супрацоўнікі УСК па Менску і ГУУС Менгарвыканкаму. У пошуках дзяўчыны актыўна ўдзельнічала грамадзкасьць.

На першых допытах абвінавачваны казаў пра сьмерць дзяўчыны як пра няшчасны выпадак — ён штурхнуў, яна, падаючы, ударылася скроньню аб край стала і памерла. Пры гэтым не адмаўляў, што быў моцна п’яны, не адмаўляў, што потым расьсек цела баўгаркай з дапамогай маці, спаліў рэшткі загінулай і акрываўленыя рэчы, якія сьведчылі пра злачынства.

Затым малады чалавек зьмяніў паказаньні, бо сукамэрнік яму параіў, як ён выказаўся, «аблягчыць душу». І распавёў сьледчаму, што запрашаў дзяўчыну, зь якой да 18 ліпеня 2014 года два тыдні размаўляў толькі ў сацсетцы, каб уступіць зь ёй у інтымную сувязь. Пры гэтым у інтэрнэце маладыя людзі, як сьцьвярджаў абвінавачваны, «адкрыта гаварылі на сэксуальныя тэмы». Госьця прыехала ноччу. Малады чалавек быў моцна п’яны. На гэтым і на «правалах у памяці» ён настойваў пастаянна, кажучы, што «правалы ў памяці былі спачатку ад п’янкі, а потым ад зробленага». Так, падсудны, ужо прызнаўшы, што задушыў дзяўчыну, ня памятае, з-за чаго і як у ягоных руках апынуўся рэмень, а таксама дэталі расчляненьня трупа.

Пры гэтым абвінавачваны памятае, што дзяўчыну, якая апынулася ў гасьцях, прымусіў памыць посуд, выпіваў зь ёй, а калі яна адказала адмовай на выказаную ў грубай форме прапанову выканаць пэўныя сэксуальныя дзеяньні, паласнуў ёй нажом па далоні. Бінт яны знайшлі ў халадзільніку, і пасьля перавязкі дзяўчына заставалася ў кватэры. Наступным разам сьвядомасьць да абвінавачанага, як ён сьцьвярджаў, вярнулася, калі душыў Саламаціну рэменем. Затым — раніцай 18 ліпеня.

Варта адзначыць, што на гэтую справу зьвярнуў увагу Аляксандар Лукашэнка. На прэс-канфэрэнцыі 29 студзеня ён сказаў, што ня варта залішне сурова караць людзей, калі толькі гаворка не ідзе пра наўмыснае забойства. «Я заўсёды займаў пазыцыю, што ня трэба ламаць лёс чалавека, калі яго віна ня тычыцца забойства — тыпу: забіў, расчляніў з мамай, парэзаў на кавалкі і недзе закапаў». Стаўленьне дзяржавы да падобных забойстваў, па словах Лукашэнкі, павінна быць адназначнае: «Падонак — да сьценкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG