Лукашэнка нагадаў, што ўрад дазволіў падвышаць кошты на імпартную прадукцыю, уключаючы прадукты харчаваньня.
«Апэльсіны, бананы і іншая зараза, якую мы сюды завозім», — прывёў прыклад Лукашэнка.
Ён сказаў, што цана на бананы вырасла, але ён сам іх не ўжывае.
«Вось каштаваў, да прыкладу, банан даляр, раней гэта было 10 тысяч рублёў. Цяпер даляр падскочыў і банан каштуе 13-14 тысяч. Я бананы не ўжываю і многія з вас таксама. Пераб’емся», — падсумаваў Лукашэнка тэму мараторыя на павышэньне коштаў.
Тлумачачы, чаму беларускаму бізнэсу не дазваляюць павышаць цэны, Лукашэнка паведаміў, што расейскі газ сёньня абыходзіцца Беларусі ў 134 даляра за тысячу кубамэтраў:
«Сёньня газ на мяжы 134 даляраў. Ні ў каго такіх коштаў няма», — заявіў Лукашэнка, нагадаўшы, што Беларусі нафту для ўнутранага спажываньня абыходзіцца ў 2 разы таньней, чым цана на сусьветным рынку.
Паводле яго слоў, гэта не дае падставы для павышэньня сабекошту прадукцыі.
«Мы ж не патрабуем паніжаць кошты. Мы просім захаваць іх, не павышаць», — сказаў Лукашэнка, адзначыўшы, што зараз ня час для таго, каб бізнэс зарабляў больш, чым зарабляюць у Расеі.