Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮНІСЭФ: больш за тысячу дзяцей у Данбасе жывуць у бомбасховішчах


Як паведамілі прадстаўнікі Дзіцячага фонду ААН, дзеці ўсходняй Украіны, дзе працягваецца ўзброены канфлікт, знаходзяцца ў сытуацыі калясальнага стрэсу.

Супрацоўнікі ЮНІСЭФ узрушаныя глыбінёй пакут і нягод, якія даводзіцца перажыць некаторым з гэтых дзяцей. Дэлегацыя ЮНІСЭФ нядаўна наведала Данецк, які падвяргаецца пастаянным абстрэлам з боку ўрадавых войскаў і фармаваньняў сэпаратыстаў. Экспэртам Фонду ўдалося трапіць у раёны, кантраляваныя сэпаратыстамі. Яны правялі апэратыўную ацэнку 12 падземных бамбасховішчаў і налічылі каля 1000 дзяцей, для якіх гэтыя бамбасховішчы сталі жыльлём.

«Вядома, — адзначае „Голасу Амэрыкі“ прадстаўніца ЮНІСЭФ ва Ўкраіне Джавана Барберыс, — з гэтымі дзецьмі жывуць бацькі і дарослыя. Але дзеці рэдка выходзяць на вуліцу з-за жудаснай сытуацыі ў пляне бясьпекі. Таму яны кідаюць школу, не атрымліваюць належнага мэдычнага догляду. Мы сочым за сытуацыяй, але, зразумела, мы вельмі і вельмі занепакоеныя становішчам гэтых дзяцей, якія, падобна, знаходзяцца перад сур’ёзнай пагрозай».

Паводле Джаваны Барберыс, у перапоўненых бомбасховішчах вельмі холадна, і пануе абуральная антысанітарыя. Дзеці перажываюць сур’ёзную псыхалягічную траўму, а многія рызыкуюць захварэць з-за немагчымасьці захаваньня гігіены і адсутнасьці вакцын.

Як адзначае экспэрт ЮНІСЭФ, нават да пачатку крызысу мала хто з дзяцей атрымліваў прышчэпкі ад сьмяротных хвароб: з васьмі мільёнаў дзяцей ва Ўкраіне вакцынацыю праходзілі толькі каля 50%. Акрамя таго, Барберыс выказвае асьцярогі ў сувязі з магчымасьцю новай ўспышкі поліяміэліту. Яна адзначае, што крызыс ва ўсходняй Украіне закрануў каля 1,7 мільёна дзяцей, прычым асабліва моцна пакутуюць менавіта тыя, хто жыве ў сховішчах. ЮНІСЭФ прадставіў гігіенічныя наборы для больш за 1100 дарослых і дзяцей, якія жывуць у бомбасховішчы і падвалах. У найбліжэйшай будучыні Фонд плянуе раздаць зімовую вопратку, па меншай меры, 10000 дзяцей у зоне канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG