Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мустафа Джамілеў: Украіне трэба было цалкам ізаляваць Крым


Мустафа Джамілеў
Мустафа Джамілеў

Госьць Свабоды — Мустафа Джамілеў, адзін з лідэраў крымскататарскага нацыянальнага руху, удзельнік дысыдэнцкага руху ў СССР, палітвязень, які правёў 15 гадоў ў турмах і ссылках, экс-кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народу, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны. І найперш Мустафа Джамілеў камэнтуе ператрус, які правялі супрацоўнікі ФСБ у офісе тэлеканалу ATR, які адзіны ў Крыму вяшчае на крымскататарскай мове.

Мустафа Джамілеў: Пагрозы ATR былі даўно. Інфармацыя, якую падае тэлеканал, не адпавядае афіцыйнай расейскай ідэалёгіі. Хоць канал адкрыта і не выступаў супраць акупацыі, але даваў аб’ектыўную інфармацыю. Гэта для акупацыйных уладаў была дастатковая падстава, каб ненавідзець гэты канал.

Сёньня каля 200 чалавек уварваліся ў будынак тэлеканалу. Як мне паведамілі, у кожны кабінэт зайшлі па 2 фээсбэшнікі. Фармальна шукаюць матэрыялы, зьвязаныя з 26 лютага мінулага году, калі адбылося супрацьстаяньне прарасейскіх жыхароў і крымскіх татараў, у выніку якога прарасейскія актывісты былі адкінутыя, пасьля чаго пачалі зьяўляцца зялёныя чалавечкі. І вось гэта яны зьбіраюцца расьсьледаваць. Хаця гэта не падстава. Тыя матэрыялы, якія яны здымалі 26 лютага, падаваліся ў эфір, ніякіх сакрэтаў там няма. Проста гэта нейкая акцыя запалохваньня.

Я не выключаю, што яны закрыюць тэлеканал, таму што гэта раздражняльнік для акупацыйных уладаў. Інфармацыйная праграма «Zaman» дае аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца. Праўда, у іх ёсьць забароны. Ім нельга ўжываць тэрміны акупацыя, анэксія. Іх увесь час папярэджваюць, што нельга узгадваць Мэджліс, нельга паказваць Рэфата Чубарава (старшыню Мэджліса), тым ня менш яны гэта робяць. І, напэўна, цярпеньне скончылася ў акупантаў.

Чым скончыцца ўсё, ня ведаю. Яны закручваюць гайкі і хочуць стварыць такую духату, каб крымскія татары цалкам заціхлі, але я думаю, што гэта выклікае якраз адваротную рэакцыю.

Ганна Соўсь: Якія ёсьць цяпер магчымасьці ў крымскіх татараў атрымліваць незалежную інфармацыю?

Джамілеў: Пакуль застаецца толькі інтэрнэт і спадарожнікавыя тэлеканалы. Пакуль яны не перакрылі іх, у іх, напэўна, пакуль няма тэхнічнай магчымасьці кантраляваць спадарожнікі, якія могуць прымаць украінскія ды іншыя тэлеканалы.

Соўсь: Хутка будзе год, як Крым быў акупаваны Расеяй. Як бы вы ацанілі вынікі гэтага году пад акупацыяй?

Джамілеў: У крымскіх татараў практычна нічога не зьмянілася. Яны ад пачатку не ўспрымалі акупацыю і цяпер не ўспрымаюць. Многія людзі страцілі працу, паколькі тых, хто супраць акупацыі, як правіла, выганяюць з працы.

Я б сказаў пра расейскамоўнае насельніцтва. Няма больш эўфарыі, ніхто ня бегае з расейскімі сьцягамі. Ёсьць раздражненьне, маўляў, нас падманулі, мы не таго чакалі. Разам з тым прызнаць, што зрабілі глупства, калі віталі акупацыю, на гэта не хапае сьмеласьці. Пануе атмасфэра страху, людзі баяцца паміж сабой гаварыць, паколькі за размовы адразу выклікаюць на допыты у ФСБ, гэта найперш тычыцца крымскіх татараў. Абстаноўка прыгнечаная.

Соўсь: Ці шмат крымскіх татараў пакінулі Крым?

Джамілеў: Мы заклікаем суайчыньнікаў не пакідаць Крым, але за гэты год каля 10 тысячаў крымскіх татараў пакінулі Крым.

Соўсь: Цяпер увага заходняга сьвету працягнутая да Ўсходняй Украіны, дзе ідуць ваенныя дзеяньні. Увага да Крыму значна меншая. Ці няма ў вас уражаньня, што пра крымскіх татараў забылі?

Джамілеў: Гэта цалкам зразумела, бо ва ўсходніх рэгіёнах праліваецца кроў, і ўвага да гэтага большая. Але забываць пра Крым было б вялікай памылкай. У гэтым прасоўваньні на марыюпальскім кірунку бачыцца жаданьне злучыць сухапутную лінію, забясьпечыць сувязь Крыму з тымі марыянэтачнымі рэспублікамі, і ўласна кажучы, тут будуць і самыя гарачыя баі.

Соўсь: Калі летась вы наведвалі Радыё Свабода, то казалі пра тое, што заходнія палітыкі пераконвалі вас, што санкцыі супраць Расеі з часам дадуць свае вынікі, на што вы ім адказвалі, што хацелі б дажыць да таго часу. Як цяпер вы ацэньваеце выніковасьць заходніх санкцый супраць Расеі? Ці паўплываюць яны на сытуацыю з Крымам?

Джамілеў: Безумоўна, гэтыя санкцыі дзейнічаюць. Мы бачым, у якім стане цяпер знаходзіцца Расея, у яе проста агонія. З-за гэтых санкцый у яе расьце агрэсіўнасьць. Такая перадсьмяротная агрэсіўнасьць. Але, каб паскорыць гэта, санкцыі трэба зрабіць больш жорсткімі. Украіна таксама, на жаль, не прымае дастаткова захадаў. Трэба было цалкам ізаляваць Крым — спыніць пастаўкі харчаваньня, вады... Але тут дзейнічаюць іншыя мэханізмы — жаданьне зарабіць, бо цэны на харчы ва Ўкраіне нашмат таньнейшыя, і каб зарабіць, ігнаруюць дзяржаўныя інтарэсы. Неэфэктыўная і праца нашых украінскіх спэцслужбаў. Па Кіеве проста разгульвае расейская агентура. Мы проста не спраўляемся. Але я думаю, што паступова будзем ачышчацца...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG