Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Данецкі аэрапорт. ФОТА


Калісьці прыгожы сучасны аэрапорт ператварыўся ў руіны. Але былі ў ягонай гісторыі і лепшыя часы. Прапануем 10 фактаў пра Данецкі аэрапорт.

1. Міжнародны аэрапорт «Данецк» з 2011 году носіць імя Сяргея Пракоф’ева. Выбітны кампазытар, піяніст і дырыжор Сяргей Пракоф’еў нарадзіўся 11 (23) красавіка 1891 году ў Данбасе — у сяле Санцоўка Бахмуцкага павету Екацерынаслаўскай губэрні Расейскай імпэрыі. Цяпер гэта сяло Краснае Чырвонаармейскага раёну Данецкай вобласьці Ўкраіны.

2. Аэрапорт быў заснаваны ў 1933 годзе і называўся тады аэрапортам «Сталіна». У тым жа годзе адбыўся першы рэйс «Аэрафлёту» па маршруце Сталіна — Старабельск. На лёгкіх самалётах «У-2» выконваліся авіяхімічныя працы на палетках, санітарныя перавозкі, а таксама крыху пасажырскіх і груза-паштовых перавозак.

3. У Другую ўсясьветную вайну ўвесь лётна-тэхнічны пэрсанал увайшоў у склад 87-га гвардзейскага асобнага Сталінскага палку цывільнай авіяцыі.

4. У 1961 годзе аэрапорт «Сталіна» (як і горад) перайменавалі ў «Данецк».

5. З 1993 году з аэрапорту «Данецк» пачаліся інтэнсіўныя міжнародныя палёты на самалётах «Як-42». Адсюль ляталі ў больш як 40 краінаў сьвету.

6. За час існаваньня аэрапорту адбыліся тры авіякатастрофы. 24 лютага 1968 году пры ўзьлёце разьбіўся «Іл-18»; 29 жніўня пры пасадцы пацярпеў аварыю «Ан-26», 5 чальцоў экіпажу былі параненыя; 13 лютага 2013 году пры пасадцы разьбіўся чартэр з Адэсы з чыноўнікамі і бізнэсоўцамі, якія ляцелі на матч паміж «Шахтарам» і «Барусіяй». Загінулі 5 чалавек, 12 былі траўмаваныя.

7. У 2012 годзе завяршылася рэканструкцыя аэрапорту да Чэмпіянату Эўропы па футболе 2012 году. Яна абышлася ў 875 мільёнаў даляраў, што перавысіла першапачатковы каштарыс у 3,5 раза. Быў адкрыты новы сяміпавярховы тэрмінал з прапускной здольнасьцю 3100 пасажыраў за гадзіну. Паводле праекту, аэрапорт павінен быў абслугоўваць да 5 мільёнаў пасажыраў у год і стаць другім па загружанасьці ва Ўкраіне пасьля Кіева.

7. Паводле стану на травень 2014 году з аэрапорту «Данецк» выконваліся рэйсы 13 авіякампаніяў у 17 гарадоў 12 краін сьвету: Салёнікі, Дубай, Мюнхэн, Стамбул, Анталья, Шарм-Эль-Шэйх, Ашгабад, Тэль-Авіў, Барсэлёна, Баку, Масква, Сургут, Кіеў ды іншыя.

8. 26 траўня 2014 году праца аэрапорту была прыпынена. Сюды прыбылі дзясяткі ўзброеных людзей з батальёну «Ўсход» і запатрабавалі вывесьці ўкраінскіх вайскоўцаў, якія ахоўвалі ўнутраны пэрымэтар, і перадаць кантроль над аэрапортам так званай «Данецкай народнай рэспубліцы». Завязаўся бой. З боку апалчэнцаў загінулі больш за 50 чалавек, 43 паранена. Спаміж апалчэнцаў, якія загінулі, 33 былі грамадзянамі Расеі. Тэрыторыя аэрапорту засталася пад кантролем украінскіх сілавікоў.

З траўня па студзень ідуць баі. Частку аэрапорту (стары тэрмінал) захапілі прарасейскія сэпаратысты. Большую частку тэрміналу ўтрымліваюць украінскія вайскоўцы, таксама як і прылеглую да аэрапорту вёску Пяскі.

9. Абаронцаў аэрапорту называюць «кібаргамі». Спачатку гэтая мянушка зьявілася ў сацсетках як характарыстыка з боку сэпаратыстаў, а потым перакачавала ва ўкраінскія СМІ.

10. Баі актывізаваліся 16–20 студзеня. Сэпаратысты некалькі разоў заяўлялі, што захапілі аэрапорт, аднак усе іх атакі ў гэтыя дні былі адбітыя. Ёсьць інфармацыя пра шматлікія ахвяры сярод нападнікаў. 20 студзеня частка перакрыцьцяў новага тэрмінала рухнула, сярод украінскіх вайскоўцаў шмат параненых.

Разбураны Пуцілаўскі мост па шляху да аэрапорту
Разбураны Пуцілаўскі мост па шляху да аэрапорту

Украінскае войска падчас абароны аэрапорту
Украінскае войска падчас абароны аэрапорту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG