Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Івашкевіч, чалавек, які штодня ўздымаў наш сьцяг


Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч

21.9.1959, Менск — 3.10.2013, Менск. Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.

Нас прывезьлі ў міліцэйскі ўчастак, і сяржант узяўся зрываць у мяне з шыі керамічны мэдальён. Другі служака ў форме заняўся Віктарам. Баронячыся адной рукой, другой я спрабаваў выцягнуць з кішэні пісьменьніцкае пасьведчаньне. Віктар абараняўся абедзьвюма рукамі. «Вы ведаеце, што вам сьвеціць за супраціў міліцыі!» — роў сяржант. І тут мне нарэшце ўдалося тыцнуць яму ў твар чырвоную кніжачку з надпісам «Союз писателей СССР».

Тады такія дакумэнты дзейнічалі. Рукі міліцыянтаў адразу аслаблі. Упэўніўшыся, што пасьведчаньне сапраўды маё, ахоўнік парадку пачаў кудысьці тэлефанаваць. Неўзабаве зьявіўся лейтэнант, які хацеў высьвятляць, чаму я, савецкі пісьменьнік, зьвязаўся з нацыяналістычным хуліганьнём. Тлумачэньне затрыманых наконт таго, што ладжанае моладзьдзю воднае ралі «Дзьвіна — Даўгава» супроць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС — у нашых агульных інтарэсах, атрымалася. Віктар умеў пераконваць. Памятаю, таго лейтэнанта зь мястэчка Друя асабліва ўразіла, што пасьля пабудовы плаціны пад вадой апынуцца дзясяткі вясковых могілак.

Нас вызвалілі, і мы нават пасьпелі на дзьвінскі бераг да старту ралі. Зробленыя зусім маладым скульптарам Алесем Косткам мэдальёны засталіся пры нас, як і чырвоныя пісягі на шыях. Тыя пісягі потым доўга мянялі свае колеры.

Гэта было нашае зь Віктарам першае затрыманьне. Ішоў 1987 год.

Потым, калі ён, журналіст паводле адукацыі, канчаткова абраў палітыку, у яго гэтых затрыманьняў было ў дзясяткі разоў болей. І ня проста затрыманьняў, але судоў, адседак у турме на вуліцы Акрэсьціна.

У 1988-м Віктар займаўся арганізацыяй адной зь першых чарнобыльскіх акцыяў пратэсту — экалягічнага маршу па Прыпяці. Праз год ладзіў забастоўку кіроўцаў менскіх гарадзкіх аўтобусаў. У гарачую вясну 1991-га ён ствараў страйкамы. Ужо існаваў Беларускі Народны Фронт, у якім Івашкевіч быў ад самага пачатку, прычым адразу — у ліку прызнаных лідэраў.

Да 1996 году ён працаваў сакратаром управы БНФ на тагачаснай вуліцы Варвашэні і кожны дзень уздымаў над уваходам бел-чырвона-белы сьцяг. Віктар адказваў за масавыя акцыі і фінансавае забесьпячэньне Фронту. Станіслаў Шушкевіч сьцьвярджае, што лепшага арганізатара, чым Івашкевіч, ён проста ня ведае. Не ўяўляю чалавека дэмакратычных перакананьняў, які б тут не пагадзіўся з Шушкевічам. Дый сярод «апанэнтаў» у форме і ў цывільным, бясспрэчна, хапае людзей, якія таксама былі б з гэтым згодныя: працу ім Віктар падкідаў рэгулярна.

Пяць гадоў ён рэдагаваў газэту «Рабочы». На яе старонках быў апублікаваны артыкул «Злодзей павінен сядзець у турме», за які рэдактар атрымаў у 2002-м два гады «хіміі» паводле абвінавачаньня ў паклёпе на «аўгусьцейшую» асобу.

2007–2009 гады Івашкевіч аддаў пасадзе намесьніка старшыні партыі БНФ, потым кіраваў яе менскай гарадзкой арганізацыяй. На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году стаў даверанай асобай кандыдата ад «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Саньнікава.

У апошнія гады міліцыя не забірала яго з вулічных акцыяў або з дому толькі з адной прычыны: там ведалі, што Івашкевіч сьмяротна хворы і можа памерці проста ў «варанку»...

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

XS
SM
MD
LG