Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Рэйтан, беларускі Дон Кіхот


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава, прысьвечаная памяці славутага палітычнага дзеяча 18-га стагодзьдзя Тадэвуша Рэйтана.

Вэрнісаж да 275-й гадавіны народзінаў Тадэвуша Рэйтана падрыхтавалі сябры арт-суполкі ягонага імя. Іх падтрымалі іншыя мастакі, якія прапанавалі для экспазыцыі свае працы.

Выстаўлена каля 100 карцінаў, папяровых дакумэнтаў, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю Тадэвуша Рэйтана, прысьвечаныя яму літаратурныя творы. Прысутныя паглядзелі дакумэнтальна-гістарычную стужку «Тадэвуш Рэйтан: беларускі Дон Кіхот».

Адам Мальдзіс
Адам Мальдзіс

На вэрнісажы выступілі беларусіст Адам Мальдзіс, рэжысёр Уладзімер Арлоў, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, мастакі суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Алесь Родзін і Зьміцер Юркевіч.

«Рэйтан уяўляе сабой прыклад сапраўднага патрыёта, ня якога трэба арыентавацца. Ён змог супрацьстаяць мацнеўшаму ціску, адкрыта называў падтрымку часткі польскіх дэпутатаў падзела Рэчы Паспалітай здрадай і застаўся верным сваім прынцыпам да канца жыцьця»,— адзначыў Зьміцер Юркевіч.

Паводле мастака Алеся Родзіна, важнай задачай выставы зьяўляецца прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці і палітыкаў да лёсу маёнтка Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы (цяпер у Ляхавіцкім раёне), які зараз фактычна выстаўлены на таргі для камэрцыйнага выкарыстаньня. Мастакі ўпэўненыя, што такое недапушчальна, у сядзібе Рэйтана дзяржава абавязкова павінна стварыць мэмарыяльны музэй і культурны цэнтар.

Валер Мазынскі, Алесь Пушкін
Валер Мазынскі, Алесь Пушкін

Сваімі ўражаньнямі ад выставы падзяліўся рэжысэр Валер Мазынскі:

«Чым далей жыву, тым бліжэй мне становіцца старадаўняя гісторыя. Гэта чарговы ўздых свайго, сьвежага, сапраўднага, хоць і вельмі далёкага».

Шэраг карцін для выставы сярод іншых мастакоў прапанаваў Мікола Купава:

«Мае працы паказваюць тую эпоху, тую культуру, архітэктуру, дзеячоў, зь якімі кантактаваў Рэйтан. Напрыклад, Наваградзкі замак. Тут праходзіў наваградзкі сойм, на якім Рэйтана выбралі дэпутатам на Сойм Рэчы Паспалітай».

Мікола Купава
Мікола Купава

Выстава, прысьвечаная памяці Тадэвуша Рэйтана, будзе адкрытая для наведнікаў цягам месяца.

Дэпутат Сойма Рэчы Паспалітай Тадэвуш Рэйтан быў шчырым патрыётам аб’яднанай польска-беларуска-літоўскай дзяржавы. Ён у 1773 годзе падчас надзвычайнага Сойма Рэчы Паспалітай рашуча выступіў супраць яе падзелу, які інсьпіравала Расея, выкарыстаў увесь свой палітычны ўплыў і вынаходлівасьць, каб пераканаць дэпутатаў у неабходнасьці захаваньня адзінай дзяржавы. Ягоная прынцыповасьць выклікала павагу нават яго ворагаў. Нягледзячы на тое, што захаваць Рэч Паспалітую не ўдалося, слаўнае імя Тадэвуша Рэйтана засталося ў гісторыі.

Зьміцер Юркевіч
Зьміцер Юркевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG