У прыватнасьці, грамадзяне ЗША змогуць выкарыстоўваць на Кубе крэдытныя карткі, а амэрыканскія кампаніі — экспартаваць на выспу кампутары, мабільныя тэлефоны, тэлевізары і іншую электроніку. Фінансавым установам ЗША будзе дазволена адкрываць рахункі на Кубе для палягчэньня грашовых пераводаў. Таксама павялічылі максымальную суму грашовых пераводаў з ЗША на Кубу з 500 да 2000 даляраў.
Акрамя таго, амэрыканцы змогуць вывозіць з Кубы тавары на суму 400 даляраў, пры захаваньні ліміту 100 даляраў для алькаголю і цыгар.
Паслабленьні закранулі і дазволы для паездак на Кубу, аднак забарона на візыт у краіну ў турыстычных мэтах ўсё яшчэ застаецца ў сіле.
Кіраўнікі ЗША і Кубы Барак Абама і Рауль Кастра абвясьцілі 17 сьнежня аб намеры краінаў нармалізаваць адносіны пасьля шматгадовага эканамічнага эмбарга з боку ЗША. Гэтаму папярэднічалі паўтарагадовыя сакрэтныя перамовы, якія праводзіліся пры пасярэдніцтве Ватыкану.
Куба вызваліла з турмаў пяцьдзясят тры палітвязьні, чые імёны былі ўзгодненыя з адміністрацыяй Абамы падчас перамоваў аб нармалізацыі двухбаковых адносінаў. Гэтае рашэньне кубінскіх уладаў ліквідавала важны бар’ер на шляху правядзеньня наступнага раўнду амэрыкана-кубінскага дыялёгу, які адбудзецца ў кубінскай сталіцы 21–22 студзеня.
Канчатковае рашэньне аб скасаваньні эмбарга адносна Кубы можа прыняць толькі Кангрэс ЗША.