На відэазапісы адзін з палявых камандзіраў групоўкі Наср Аль-Ансі заяўляе, што напад на часопіс была помстай за прарока Мухамэда. Выданьне не аднойчы атрымлівала пагрозы за публікацыю карыкатур на прарока.
Ахвярамі ўзброенага нападу на рэдакцыю Charlie Hebdo 7 студзеня сталі 12 чалавек, сярод іх 8 журналістаў і двое паліцэйскіх. Пазьней у выніку абстрэлу францускіх паліцыянтаў і захопу закладнікаў у кашэрнай краме ў Парыжы загінулі яшчэ 5 чалавек.
Тэрарыстычныя напады, паводле зьвестак сьледзтва, учынілі тры ісламскіх экстрэміста, усе яны былі забітыя ў ходзе паліцэйскіх апэрацый.
Сёньня, праз тыдзень пасьля атакі на Charlie Hebdo, у продаж паступіў новы нумар часопіса з чарговай карыкатурай на прарока Мухамэда на вокладцы. На выяве журботны чалавек у турбане трымае ў руках таблічку «Je suis Charlie» («Я — Шарлі»). Па ягонай шчацэ коціцца сьляза. Загаловак выданьня — «Усе даравана».
Часопіс выйшаў рэкордным тыражом у 3 мільёны асобнікаў, ля кіёскаў выстройваліся чэргі.
Рашэньне супрацоўнікаў Charlie Hebdo надрукаваць новую карыкатуру на прарока Мухамэда ўжо прывяло да новых пагроз на сайтах радыкальных груповак, адзначае «Бі-бі-сі».
[