Раней гэта быў буйны транзытны вузел. Але на працягу ўжо многіх месяцаў Данецкі аэрапорт -- адно з цэнтральных месцаў баявых дзеяньняў ва ўсходняй Украіне. Журналісты Свабоды пабывалі і ў лягеры сіл АТА, і ў прарасейскіх сэпаратыстаў.
Калі мы спрабавалі даехаць туды ад цэнтру Данецку, атрымалася чатыры гадзіны цяжкога падарожжа. Раней гэткая паездка займала 20 хвілін.
Мы праехалі чатыры кантрольна-прапускныя пункты прарасейскіх сэпаратыстаў, перш чым дасягнуць тэрыторыі, кантраляванай урадавымі войскамі Украіны.
На ўскраіне аэрапорта, у цесным падвале, разьмяшчаюцца ўкраінскія вайскоўцы, якія атрымліваюць толькі мінімальныя пастаўкі і жывуць без асноўных выгодаў.
Гэтыя вайскоўцы тыднямі застаюцца ў падвале, у той час як вакол ідуць спарадычныя баі.
Сьцены ўпрыгожаныя дзіцячымі малюнкамі, прывезенымі добраахвотнікамі, каб падтрымаць дух сярод байцоў.
За некалькі сотняў мэтраў адсюль сэпаратысцкія баевікі ўзялі пад кантроль адзін з тэрміналаў аэрапорта.
Каб патрапіць туды, нам давялося прасіць дазволу ў сэпаратысцкай частцы пад назвай «Усход». Яны паказалі нам сьляды апошніх баёў.
У сэпаратыстаў, як выглядае, добры настрой. Але ім ніколі не даводзіцца доўга чакаць чарговай перастрэлкі.
Найцяжэйшыя баі заўсёды адбываюцца ўначы, сярод руінаў ад будынкаў колішняга аэрапорта.