Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гішпанскія ружы», не зламаныя генэралісімусам


Пісьменьніца Дульсэ Чакон выдала раман «Голас, які ўсыпілі» (La voz dormida, 2002), што «закрануў сумленьне Гішпаніі». Ён прысьвечаны грамадзянскай вайне (1936-1939) і апавядае пра лёс кабет, якія «перажылі яе пекла». На наступны год аўтарка памерла: рак. Можна сказаць, яна заплаціла жыцьцём за свой твор. У 2014-м выйшаў польскі пераклад, дзякуючы якому я пазнаёміўся з кнігай, якая хвалюе, выклікае эмоцыі. Ты суперажываеш пэрсанажам, якія да канца раману працягваюць верыць, што Рэспубліка, нават забітая і пахаваная, лепш, чым фашысцкая Гішпанія. Яны ня могуць скарыцца тым, хто аднаасобна вырашыў напісаць гісторыю, яны захаваюць сваю годнасьць. Дульсэ Чакон казала ў інтэрвію, што яе кніга — выраз пашаны жанчынам, «якія маўчалі занадта доўга». «Я дала ім голас» — падкрэсьліла пісьменьніца.

«Гішпанскімі ружамі» назвалі першых трынаццаць жанчын, расстраляных фалангістамі. А потым былі сотні іншых. У рамане адна кабета хаваецца ранкам на могілках, каб пасьля чарговага расстрэлу адрэзаць нажніцамі кавалачак адзеньня кожнай з ахвяраў. Перад брамай могілак чакаюць сваякі, каб пазнаць па лапіках родных, пахаваць якіх ім не дазволяць. «Палова Гішпаніі ходзіць у жалобе» — кажа яна.

Некалі сучасьнік Шэксьпіра Томас Кід напісаў «Гішпанскую трагедыю», запачаткаваўшы новы жанр у ангельскім тэатры, названы «трагедыяй помсты». Тое, што здарылася ў рэальнай Гішпаніі, стала сапраўднай трагедыяй помсты. Маленькі генэрал, якога за даволі невялікі рост (164 см) называлі «генэральчыкам» (аб гэтым згадваецца ў рамане Дульсэ Чакон), узьняў путч (падрыхтаваны агентурай Канарыса па даручэньні фюрэра) супраць Рэспублікі, якую перамог з дапамогай Мусаліні і Гітлера. І абвясьціў сябе таксама правадыром, каўдыльё. Пажыцьцёвым. Помшчаньне пераможаным было важнай часткай яго ўнутранай палітыкі. Аб гэтым кніга Дульсэ Чакон.

Гэты нявыдуманы раман узьнік з асабістай неабходнасьці, тлумачыла пісьменьніца. Ёй хацелася адкапаць гісторыю Гішпаніі, зьнявечаную цэнзурай і замоўчаную. Яе бацька быў франкісцкім чыноўнікам, зь лягеру пераможцаў. А ёй хацелася ведаць праўду. Пазьней яна скажа, што для многіх грамадзянская вайна так ніколі і не закончылася. Яна шукала ацалелых ахвяраў вайны, каб высьветліць тое, што не вывучалася ў школе. Але аб некаторых рэчах мусіла напісаць лагодней, каб ашчадзіць чытачам брутальнасьці пачутага.

Зьбіраючы матэрыял для кнігі, пісьменьніца сутыкнулася з тым, што страх помсты жыў у людзях яшчэ пры канцы 1990-х гадоў! Яна чатыры гады езьдзіла па Гішпаніі, сустрэлася зь дзясяткамі людзей (у канцы кнігі даецца пералік прозьвішчаў), якія «падаравалі ёй свае гісторыі». І некаторыя суразмоўцы прасілі не называць іхніх прозьвішчаў. Некаторыя з жанчын, перш чым гаварыць, зачынялі вакно, каб не пачулі суседзі і не даведаліся, што яны былі ўсё жыцьцё супраць Франка. Чаму так? На схіле ХХ стагодзьдзя, у дэмакратычнай Гішпаніі? Таму што было вырашана пасьля сканчэньня ўлады Франка, што мір у грамадзтве лягчэй захаваць, калі забыцца на нядаўнюю гісторыю, не варушыць мінулае. Таму што суседзі да сёньня «глядзяць адны на другіх ваўком і мовяць пра сябе „рохілос“, чырвоныя, або „фашас“, фашысты». Раман перапыніў маўчаньне Гішпаніі, расьцятай шнарам крывавай вайны, што трывала дзясяткі гадоў, адзначалі крытыкі.

У пэўным сэнсе гэта турэмны раман. Жаночая турма «Вэнтас» — месца, дзе няма міласэрнасьці, хоць кіруе там каталіцкая манашка Трутка. Але яна ненавідзіць зьняволеных. «Камуністычная пачвара!» — лямантуе Трутка і б’е ў твар зьняволеную сьціснутым кулаком... Касьцёл служыць фашысцкаму рэжыму. У службе бясьпекі ў Мадрыдзе катуюць арыштаваных жанчын пад грунтоўным расьпяцьцем на сьцяне. Выбіваюць вочы і зубы, адна з сувязных памірае на допыце пад кулакамі і абцасамі афіцэраў. А вайна, між іншым, ужо закончылася.

Раман пачынаецца з Гартэнзіі, маладой прыгажуні, «якой наканавана было загінуць». Добраахвотна ўступіла ў рэспубліканскую міліцыю, потым была з мужам Фэліпэ ў партызанах. Спусьцілася з гор, каб набыць у вёсцы курыцу, хоць было вядома, што гэтага нельга рабіць, бо вёскі пад кантролем фалангістаў. Яна цяжарная. У турме чакае прысуду. Прысуд будзе: сьмерць. Адзіная ласка — яе расстраляюць пазьней, як народзіцца дзіця. (Зварот да Франка з просьбай захаваць жыцьцё будзе безвыніковым.) Гартэнзія хоча перадаць дзіцяці свае думкі, для гэтага яна атрымала з волі сшытак з блакітнай вокладкай. Ад мужа, якому таксама наканавана загінуць. Роды спазьняюцца, дзіця быццам ня хоча «сьпяшацца», падаўжаючы крыху жыцьцё маці.

Юная сястра Гартэнзіі Пэпіта ходзіць да яе на рэдкія спатканьні ў турму. Калі Гартэнзію расстраляюць, ёй удасца забраць немаўля, дзяўчынку. У падобных выпадках дзеці заўжды траплялі ў дзетдом. Пэпіта выконвае небясьпечныя заданьні, каб дапамагчы сястры, партызанам, але пастаянна баіцца, яна ведае, што ня вытрымае катаваньняў і выдасьць усё, што ведае. У такіх умовах узьнікае каханьне: Паўліна — партызан, ягоны бацька, афіцэр гішпанскай арміі, загінуў за Рэспубліку. Ён сам у кампартыі. Прыгажун. Вельмі прыгожая Пэпіта, у якой «немагчыма блакітныя вочы». На яе вочы зьвяртаюць увагі цягам кнігі розныя людзі, таксама каты ў «бясьпецы», куды Пэпіта аднойчы трапляе выпадкова, праз неразважнасьць нарачонага. Прыпыніўшы партызанку, яны з падробленымі дакумэнтамі пакідаюць Гішпанію. Наступнага дня ён дасылае ёй ліст, падпісаўшы яго сваім новым імем, якога яна ня ведае. Але ліст дасланы з Тулузы, дзе знаходзяцца ў выгнаньні былыя рэспубліканцы. Паштар адразу ідзе ў службу бясьпекі, каб паведаміць. І Пэпіту хуценька забіраюць на допыт. Яна траціць прытомнасьць. Але яе нечакана ратуюць, «па знаёмствe».

Кнігу складаюць гісторыі кабет, якія трапілі ў турму. Юная Эльвіра, сястра Паўліна, разам з маці і тысячамі іншых чакала ў порце Алікантэ эвакуацыі. Але караблі ад Лігі Нацый, абяцаныя францускім консулам, не прыйшлі. Горад захапілі фалангісты. Салдаты і афіцэры Рэспублікі канчалі самагубствам на вачах людзей. Усіх захопленых уцекачоў франкісты абвясьцілі палітычнымі вязьнямі, кінулі ў канцлягеры і турмы.

Рэмэ. Простая вясковая кабета. Калі паўсюль ужо былі фалангісты, яна дома стала шыць сьцяг Рэспублікі, яе схапілі, зьдзекаваліся, улілі ў горла літар рыцыны, на вачах дзяцей. Затым нагала пагалілі, пакінуўшы пасмачку, да якой прывязалі стужку з колерамі сьцягу Рэспублікі. Кінулі за краты. Палявы суд даў ёй дванаццаць год за недашыты сьцяг.

Тамаса. Ёй у турме сядзець дваццаць год. Усёй сям’ёю яны зьбіралі ў садзе аліўкі, якія пападалі на зямлю, іх схапілі фалангісты, чатырох дзяцей і нявестку саштурхнулі з моста ў раку і перастралялі ўжо ў вадзе. Такі ж лёс чакаў і яе з мужам, толькі што яна выплыла, выцягнуўшы яго з вады, ужо нежывога. Яе адразу схапілі.

Фэліпэ і Паўліна вернуцца, каб працягнуць партызанку. Будзе створанае злучэньне. І партызаны нават захопяць вёску, вывесяць сьцяг Рэспублікі. 1943 год! Але карнікі зруйнуюць яе, помсьцячы, а жыхароў выселяць... Першы зь іх загіне. А Паўліна ўратуецца. Але неўзабаве ён крыху страціць пільнасьць, будзе схоплены ў Мадрыдзе і атрымае трыццаць (!) гадоў турмы. Вялікія надзеі на заходніх хаўрусьнікаў, што пасьля перамогі над Гітлерам яны не пакінуць без увагі фашысцкага дыктатара ў Гішпаніі, ня спраўдзіліся...

Пэпіта будзе гадаваць дачку сястры, чытаць ёй маміны сшыткі і езьдзіць раз на год (як было дазволена) на спатканьне з Паўліна, які будзе сядзець у турме ў Бургасе. Ён праседзіць дзевятнаццаць гадоў. Яму крыху пашанцуе: памрэ Папа Рымскі (ад раку), з нагоды чаго Франка правядзе шырэйшую амністыю. 1963 год. Ксёндз будзе супраць, Паўліна камуніст! Пэпіце, яна дбайная прыхаджанка, зь цяжкасьцю ўдасца яго ўгаварыць даць ім шлюб. Гэта трэба зрабіць хутка, каб адразу пакінуць Мадрыд: былому палітвязьню забаронена знаходзіцца ў сталіцы.

1976-ы. Франка ўжо няма (памёр у 1975-м), а 29 красавіка, як заўсёды, да Паўліна (якога даўно па чужых дакумэнтах было зваць інакш — Хаймэ) і Пэпіты зноў прыйшлі паліцыянты, каб прэвэнтыўна затрымаць яго, каб ня ўдзельнічаў у сьвяце Першага траўня. Але ён толькі што памёр... Яна чакала яго дзевятнаццаць гадоў. Разам яны пражылі няпоўныя трынаццаць.

Выдаўцы раману зазначаюць, што ў Гішпаніі дагэтуль не асуджаныя злачынствы, што зьдзяйсьняліся дыктатурай Франка амаль сорак гадоў. Ад самага пачатку грамадзянскай вайны палітычных праціўнікаў зьнішчалі масава. Катаваньнямі спрабавалі зламаць сотні тысяч вязьняў, «якіх падазравалі ў сымпатыях да Рэспублікі» і Народнага фронту. У Гішпаніі дзьве з паловай тысячы масавых пахаваньняў забітых, іхнія імёны застаюцца невядомыя. Пакуль ускрылі менш за дзясятую частку гэтых братніх магілаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG