Агенцтва 9 студзеня панізіла рэйтынг расейскай дзяржаўнай запазычанасьці да BBB- - усяго на адну прыступку вышэй за «сьмецьцевы» ўзровень
Fitch у сваім аналізе адзначае, што «эканамічныя пэрспэктывы значна пагоршыліся, пачынаючы зь сярэдзіны 2014 году, пасьля рэзкага падзеньня цэнаў на нафту і курсу рубля ў спалучэньні з рэзкім падвышэньнем працэнтных ставак».
Інфармацыйнае агенцтва Інтэрфакс цытуе словы неназванага расейскага ўрадавага экспэрта, паводле якога ацэнка Fitch «палітычна прадузятая» і «абсалютна эканамічна не абгрунтаваная».
Іншае рэйтынгавае агенцтва Standart&Poor ’s зьнізіла крэдытны рэйтынг Расеі да BBB- летась у красавіку.
Расея, якая зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце экспарцёрам энэргарэсурсаў, знаходзіцца на мяжы рэцэсіі пасьля таго, як цэны на нафту ўпалі як найменей на 50% з чэрвеня, а Злучаныя Штаты і Эўразьвяз увялі санкцыі пасьля далучэньня да Расеі Крыму ў сакавіку.
Fitch адзначыла, што санкцыі «працягваюць рабіць ціск на эканоміку, блякуючы доступ расейскіх банкаў і карпарацый да зьнешніх рынкаў капіталу».
Агенцтва пагоршыла свой прагноз скарачэньня расейскай эканомікі да 4% у параўнаньні з папярэднім прагнозам скарачэньня 1.5%.
«Рост можа не вярнуцца да 2017 года», — папярэджвае агенцтва.
Разам з тым Fitch дае станоўчую ацэнку ўрадавай палітыцы, адзначыўшы, што Расея мае нізкі ўзровень доўгу і высокі ўзровень рэзэрваў.
Але чым даўжэй санкцыі працягваюць дзейнічаць, дадае агенцтва, тым больш верагодна, што гэтыя станоўчыя фактары зьнікнуць.
У мінулым месяцы Цэнтральны банк РФ апублікаваў ацэнку, паводле якой эканоміка Расеі можа скараціцца на 4.7% ў 2015 годзе.
Згодна з ацэнкай службы фінансавых навінаў Bloomberg, расейскі рубель быў другой найгоршай сусьветнай валютай у сьвеце ў 2014 годзе пасьля ўкраінскай грыўны.
Урад Беларусі толькі летась дасягнуў пагадненьня з агенцтвам Fitch аб пачатку супрацоўніцтва ў пытаньні прысваеньня краіне сувэрэннага крэдытнага рэйтынгу.
Летась Standard&Poor пацьвердзіў доўгатэрміновы і кароткатэрміновы сувэрэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі на ўзроўні «B-» і «B» адпаведна (прагноз зьмены рэйтынгаў «стабільны»).