Жыхары Магілёва адказалі на пытаньне «Ці пацярпелі вы ад дэвальвацыі беларускага рубля?».
Дзяўчына: «Вядома ж кожны адчуў у сваім кашальку не мінус трыццаць працэнтаў. Мы пакуль прайшліся па рынку пэўна кожны пяты казаў, што стала горш. Але мне падаецца, што будзе яшчэ горай. Пятнаццаты год будзе цікавым».
Хлопец: «Чуў, што гэта адбылося, але на мне гэта не сказалася. Я проста, відаць, не займаюся вялікімі сумамі. Я мастак. Я, крыху ў іншым сьвеце, відаць, знаходжуся. Калі не адчуў, то, відаць яшчэ зь яго не выходжу».
Мужчына: «Не катастрафічна!. У мяне былі грошы ў валюце ў асноўным. Я прадчуваў, што гэта адбудзецца, але спазьніўся крыху на некалькі месяцаў, каб наагул ня мець праблемаў. Як у Расеі горшае, гэтак будзе горшаць і ў Беларусі. Я працую ў прамысловасьці, дык яна ляжыць і няма ніякіх шанцаў, што яна падыміцца».
Хлопец: «Я займаюся распрацоўкай сайтаў, таму мне валюта ў асноўным ідзе. Выстаўляю рахункі ў далярах, дык мне яшчэ лепей стала. Цэны ж беларускія засталіся ранейшыя, дык мне ад гэтага крыху лепей».
Мужчына: «Вядома ж пацярпеў. У мяне было ў беларускіх дзьве тысячы, а стала паўтары. Аптымізму ў мяне мала. Ды яно ўсясьветнае ідзе зьніжэньне ўзроўню жыцьця — ня толькі ў Беларусі».
Мужчына: «Я не пацярпеў, бо я ня веру нашаму прэзыдэнту. І ў казкі, што мне гаварылі і блізка ня верыў. Я даўно ўсё памяняў, што было як стала быць. Зь цяперашнім кіраўніцтвам ніякай пэрспэктывы ня будзе абсалютна. Мы як звычайна будзем прасіць пазыку ў Расеі і чакаць, калі яна нам нешта дасьць».
Мужчына сталага веку: «Я вам скажу чэсна — ніяк не пацярпеў, бо ў мяне грошы проста няма. Я пэнсіянэр».
Мужчына: «А што ён дужа абясцэніўся, ці што? Нібыта ўсё і ў парадку. Я нават не прыкмеціў нічога».
Жанчына: «Не, не пацярпела, бо грошы, ці так няма, ці так няма — таму ўсё ў парадку».
Жанчына: «У нас запасаў няма вялікіх, таму мы падладжваемся да таго як усё адбываецца. На некаторыя прадукты цэны падняліся. На грэчку, напрыклад, цана была сем тысяч, а цяпер ужо 10-12 тысяч. Гэта істотна. Заробкі ж не растуць. З чаго ім расьці».
Жанчына: «Адчуваецца вядома ж. Заробак у далярах цяпер стаў меншы. Цяжка цяпер. Але жыць трэба з аптымізмам. Што зробіш? Нічога ня зробіш»!.