Армэнія сёньня афіцыйна далучылася да Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), дамова аб стварэньні якога ўступіла ў сілу напярэдадні.
Такім чынам, у аб’яднаньне цяпер уваходзяць чатыры дзяржавы — Расея, Беларусь, Казахстан і Армэнія. На тэрыторыі ЭАЭС забясьпечваецца свабода руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы.
Агульных межаў з краінамі мытнага саюзу Армэнія ня мае. Па гэтай прычыне ў дамовы аб далучэньніі адзначаецца асаблівы парадак праходжаньня грузаў паміж замежнымі дзяржавамі і сябрамі саюзу. Пераходны пэрыяд для адаптацыі законаў і ўніфікацыі мытных правілаў разьлічаны на восем гадоў. У сувязі з далучэньнем да ЭАЭС Армэнія пачне перамовы зь сябрамі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі аб зьмене сваіх абавязальніцтваў у рамках СГА.
Эўразійскі эканамічны саюз адкрыты для ўступу іншых дзяржаваў. Так, наступным сябрам аб’яднаньня, ужо ў траўні гэтага году, стане Кыргыстан. Пазьней у ЭАЭС павінны таксама ўступіць Ізраіль, Індыя, Турцыя, Віетнам і Узбэкістан.
Ва ўстаноўчых дакумэнтах асабліва падкрэсьліваецца, што новае аб’яднаньне зьяўляецца эканамічным і выключае які-небудзь палітычны складнік.