Валер Карбалевіч: «У незалежных мэдыях 20-гадоваму юбілею прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі было ўдзелена значна больш ўвагі, чым на афіцыйным узроўні. Чамусьці ўлады адзначылі гэты юбілей досыць сьціпла. Чаму?»
Валянцін Акудовіч: «Мы маем унікальную сытуацыю. Кожная праява жорсткага аўтарытарзыму звычайна задзіночаная з культам асобы. Ня так з Лукашэнкам. Думаю, справа ў ягонай знакамітай палітычнай інтуіцыі. Дзякуючы ёй ён зразумеў, што ў цяперашняй сытуацыі культ асобы шкодзіць культу ўлады. Апошняе для Лукашэнкі — бясспрэчны прыярытэт».
Сяргей Дубавец: «Такое вялікае сьвяткаваньне пярэчыць палітыцы спыненага часу, якая ажыцьцяўляецца 20 гадоў».
Карбалевіч: «Якім застанецца постаць Лукашэнкі ў падручніках па гісторыі, і асабліва, у гістарычнай памяці народа? Можна заўважыць дзіўны фэномэн. У шмат якіх краінах, нават дэмакратычных, постаць дыктатара застаецца ў людзкой памяці з станоўчым знакам. А як Лукашэнка ў гэтым сэнсе?»
Акудовіч: «Які пэрыяд будучыні мы маем на ўвазе? Відавочна, у беларускай гісторыі постаць Лукашэнкі застанецца. А ацэнкі ягонай дзейнасьці будуць розныя».
Дубавец: «Беларусы ня ведаюць кіраўнікоў сваёй краіны: і савецкіх, і постсавецкіх. Бо гэта не трансьлюецца ні ў сыстэме адукацыі, ні ў мэдыях. Калі пасьля сыходу Лукашэнкі сацыяльна-эканамічная сытуацыя пагоршыцца, то людзі будуць казаць: „Пры Лукашэнцы жылося лепш“. Пры любой іншай сытуацыі яго забудуць».
Карбалевіч: «Для гістарычнай постаці вельмі важны момант сыходу з сваёй пасады. Няўдалым сыходам можна сапсаваць нават добрае кіраваньне. Дык вось ці не спазьніўся Лукашэнка сысьці ў час?»
Акудовіч: «Пакуль не, не спазьніўся. А вось ці ня варта яму было б сысьці напярэдадні выбараў 2015 года, каб застацца ў памяці народа ў прывабным іміджы? Бо далей руская рулетка. Бо Расея ўцягне Беларусь у вір свайго паўраспаду і прынясе нам бяду. Калі Лукашэнку атрымаецца ў гэтым часе нешта адхапіць у Расеі, то ён увойдзе ў беларускую гісторыю героем. А калі згубіць Беларусь, то і ён пашкадуе, што не сыйшоў раней ад улады, і мы пашкадуем».
Дубавец: «Ён фанатычна верыць у сваю інтуіцыю і фанатычна любіць уладу. Таму сытуацыя абсалютна безальтэрнатыўная для яго. Для Лукашэнкі палітыка — азартная гульня. І чым больш ён гуляе, тым больш падзараджаецца і лепш адчувае».
Поўная вэрсія гутаркі: