Паміж Калядамі і Новым годам
няма амаль нічога.
Амаль усё можа зьмясьціцца
у звычайнай чорнай сумачцы...
— напісаў мой улюбёны дацкі паэт ў вершы пад назвай «Паміж Калядамі і Новым годам». Гэтыя словы я згадваю штогод пасьля каляднай мітусьні, калі да Новага году застаюцца два-тры дні, якія немаведама чым запоўніць. Запозна дарабляць ня зробленае ў бягучым годзе, зарана пачынаць новае, задуманае на наступны. Можна толькі сузіраць сваю безьзьмястоўнасьць, разам з паэтам:
Дні не скарачаюцца
і жыцьцё не падаўжаецца
і сьмерць не набліжаецца.
І нішто не адчуваецца больш аддаленым
чым гэта, што напісалася
у цені гэтага нізкага сонца.
Ян Максімюк; Хенрык Нордбрандт
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас maksymiukj@rferl.org. Аўтарства чытацкіх допісаў пазначым, ганарараў плаціць ня будзем.