Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вось сымбаль іх...


Малюнак: Павел Татарнікаў (с) 2014
Малюнак: Павел Татарнікаў (с) 2014

«Падлюка-чалавек да ўсяго звыкае», — сказаў некалі Хведар Дастаеўскі вуснамі свайго гарапашнага героя, генія зь нямытымі валасамі. Беларусам заўжды хацелася людзьмі звацца — дык давялося вучыцца чалавечым звычкам. Пакрысе, памалу, паступова, перасільваючы сябе — але навучыліся.

Цяпер нам ужо нічога ня страшна.

Вось і новы «гасударсьцьвенны флаг» ужо даўно нікога не зьдзіўляе — хай вісіць. Тыя, хто перажыў вайну, расказваюць, што гэтаксама было з трупамі павешаных на гарадзкіх вуліцах: спачатку баяліся, адварочваліся, а потым нічога, звыклі. Бо трэба было жыць далей. Магчыма, камусьці гэта падавалася нават прыгожым: канец сьвету патрабуе сваіх дэкарацый.

Так і з чырвона-зялёным «палотнішчам». Звыкліся. Нармальна. Хапае іншых праблем.

Хай лепш такі трыкатажны цуд, чым расейскі трыкалёр. Праўда ж?

Яго яшчэ і абараняць даводзіцца. Бо беларусы вельмі часта бачаць яго ў кампаніі са сьцягам іншай дзяржавы — і ня кожны здольны ўтрымацца, каб не разлучыць салодкую парачку. Злыя мы людзі. Яны ж адзін без аднаго жыць ня могуць, наш «гасударсьцьвенны» і іхны «імперскый». А можа, гэта любоў?

Хоць трэба прызнаць, што цяперашняй беларускай уладзе яе чырвона-зялёны сьцяжок насамрэч вельмі пасуе. Якім бокам ні павярні — выходзіць нешта нягеглае. Няўклюдная, хай сабе і цалкам эўклідава, геамэтрыя. Там паласа, там кавалак вышыванкі, там чырвоны ленінскі куток: і ўсё тырчыць, шкварчыць і зелянее. Вельмі зручна — што ні цалуй, не прамахнешся. А калі ім махаць, у вачах стракаціць — што яшчэ трэба чалавеку ад сьцяга.

Бо што такое красата? Гэта калі многа ўсякай дзяшовай краскі.

Таму, калі ўявіць сабе, што аднойчы беларуская ўлада апомніцца і зробіць бел-чырвона-белы сьцяг дзяржаўным — ну, скажам, каб пазлаваць суседа — гэта будзе, як кажуць на беларускім тэлебачаньні, «зьдзек над прыродай». Ад такой улады сапраўдны сьцяг трэба берагчы. Да лепшых часоў — калі дзяшовая краска кончыцца. Калі скончыцца панаваньне нягегласьці.

Праўда, беларускія паэты, якія з прыродай заўжды на кароткай назе, з такім паваротам не зусім згодныя. Адзін зь іх, наадварот, быў перакананы, што:

«Соткала сама природа
Флаг державы Белорусской».

Прырода — яна такая: ведае, што ткаць, і куды дзьме вецер.

Гэты верш пра тое, што «сочетается счастливо цвет зеленый с красным цветом», так і называецца — «Наш флаг». Яго любяць зь бюджэтнай сьлязой уваччу слухаць настаўнікі — у выкананьні вучняў сярэдніх школаў, на ўроках «Я — грамадзянін РБ».

Тых самых вучняў, якія пра бел-чырвона-белы сьцяг і ня чулі: бо такія небясьпечныя рэчы трэба хаваць ад дзяцей, як запалкі, лекі і прэзэрватывы.

Тыя самыя настаўнікі, якія некалі так абураліся: мы толькі дзецям пачалі расказваць пра праўдзівы сьцяг і «Пагоню» — і тут на табе, зноў усё памянялі, за каго нас трымаюць?

За каго трэба, за таго і трымаюць. За ідыётаў. Але нічога, і з гэтым вы звыкніцеся, таварышы пэдагогі. Чытайце Дастаеўскага. Чытайце паэтаў чырвона-зялёнага веку, сумнага, стракатага веку, калі нікога нічога ўжо не зьдзіўляе.

Чырвона-зялёны сьцяг вучыць сэрвільнасьці. Але падлюка-чалавек да ўсяго звыкае.

Хай вісіць.

Нікому не замінае.

Сказалі — наш, значыць, наш.

Глядзіць табе ў патыліцу, зазірае праз плячо. У ім мала сэнсу — таму самыя сьветлыя галовы краіны б’юцца над тым, каб апраўдаць яго існаваньне. У ход ідзе ўсё — ад ВКЛ да ВКП(б).

«Гасударсьцьвенны флаг», а «гасударсьцьвенны флаг», а чаму ты такі моцна чырвоны?

Гэта колер штандараў Чырвонай Арміі, якая разьбіла пад Грунвальдам ненавісныя гітлераўскія орды, гэта колер беларускіх партызанаў, якія скінулі з дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў татара-мангольскае іга.

«Гасударсьцьвенны флаг», а «гасударсьцьвенны флаг», а чаму ты такі зялёны?

Гэта колер балотаў і іншых лясных масіваў, зь якімі змагаліся адважныя камунары над ракой Арэсай, гэта колер, у які фарбуюць сьцены на лесьвічных пляцоўках хрушчовак, калідоры школаў і бясплатных паліклінік, фарбуюць да ўзроўню грудзей, каб ты заўжды быў упісаны ў няхітрую дзяржаўную геамэтрыю^; гэта колер твайго дзяцінства, гэта колер тваёй радзімы.

«Гасударсьцьвенны флаг», а «гасударсьцьвены флаг», а чаму ў цябе збоку арнамэнт?

Таму што я беларускі флаг, дэбіл. Я адзіны і нязьменны, я прыйшоў на вякі. Таму што ў гэты ручнік так зручна загортваць беларускую мову — каб не рабіла непажаданых рухаў. Таму што арнамэнт — гэта так патрыятычна. Ты што, інтэрнэт не чытаеш? Я яго пакуль што не забараняў.

«Гасударсьцьвенны флаг», а «гасударсьцьвенны флаг», чаму ад цябе нікуды не схавацца?

Таму што я хачу, каб ты звыкся са мной і палюбіў мяне.

Усё прадумана. Усе звыкліся. Урок «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» працягваецца.

Ученик: Расправив белые паруса крыльев, летят аисты. Их в Беларуси очень много. Своими крыльями они как бы накрывают нашу страну. Поэтому ее так и называют — земля под белыми крыльями. Кожны ведае, што бусел — сімвал роднай Беларусі.

Игра «Собери словечко» (с, м, в, л, и, и, к, а, о). А что это такое? Что вы о ней знаете?"

Урэшце, гэта ўсяго толькі сьцяг. Быў адзін, стаў іншы, можа, будзе і нейкі трэці — галоўнае: сабраць слоўца. Я сабраў:

Москва — или?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG