Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказалі экспэрты.
19 сьнежня рашэньнем ураду і Нацбанка ўведзены 30-працэнтны збор пры продажы валюты фізычным і юрыдычным асобам. Камісія будзе пералічвацца ў бюджэт. Пры гэтым 50 % сваёй валютнай выручкі прадпрыемствы павінны будуць абавязкова прадаваць дзяржаве.
У той жа дзень Савет міністраў прыняў пастанову № 1207, згодна зь якой быў уведзены мараторый на падвышэньне коштаў на спажывецкія тавары, а таксама на любое падвышэньне тарыфаў на паслугі натуральных манаполіяў і суб’ектаў гаспадараньня, якія займаюць дамінуючае становішча на таварным рынку.
Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, юрыст і эканаміст Сяргей Балыкін адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што рэалізацыя гэтых пастаноў ураду будзе мець цяжкія наступствы для эканомікі Беларусі:
Гэта абсалютна ня рынкавае рашэньне, і прывядзе яно толькі да аднаго — да пагаршэньня эканамічнага стану Беларусі.
«Гэта абсалютна ня рынкавае рашэньне, і прывядзе яно толькі да аднаго — да пагаршэньня эканамічнага стану Беларусі. Глядзіце, што атрымліваецца: з аднаго боку, прымушаюць прадаваць тавары па старых коштах, але ж мы бачым, што фактычны курс замежнай валюты нашмат вышэйшы, чым быў раней. Тым самым у беларускіх гандляроў і вытворцаў вымываюць абаротныя сродкі дзеля таго, каб падтрымаць імідж уладаў. Зь іншага боку, калі кошты будуць нізкімі, а попыт вялікім, і кошты будзе нельга ўздымаць, то мы вернемся ў савецкія часы зь іх дэфіцытам тавараў, чэргамі і г. д.»
Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што сёньняшняя сытуацыя прывядзе да банкруцтва імпартэраў: ва ўмовах 30%-га падатку на набыцьцё валюты выдаткі прадпрыемстваў вырастуць, а пакрыць гэтыя выдаткі можна будзе толькі праз павышэньне коштаў. То бок, імпартэры павінны будуць або падвысіць кошты на сваю прадукцыю, або збанкрутаваць.
Экспэрт пры гэтым лічыць, што з боку ўраду гэта — сьвядомы ўдар па імпартэрах:
Урад сьвядома пайшоў на такія захады, каб іх прыціснуць, каб зьніклі тыя структуры, якія сюды імпартуюць тавары.
«Урад сьвядома пайшоў на такія захады, каб іх прыціснуць, каб зьніклі тыя структуры, якія сюды імпартуюць тавары. Таму што яны ня могуць не разумець, на што ідуць, калі патрабуюць ад крамаў, каб тыя прадавалі тавары па старых коштах. Урад даўно змагаецца з імпартам — і беспасьпяхова, а тут падвярнуўся такі выпадак. Магчыма, яны нават лічаць, што для гэтага хопіць некалькіх месяцаў, бо гэты падатак на паўтара месяцы і ўвялі (паводле ўказу прэзыдэнта, 30%-ны падатак будзе дзейнічаць да 1 лютага 2015 году — РС)».
Сяргей Балыкін зьвяртае ўвагу на тое, што імпартэры — гэта ня толькі тыя, хто завозіць у Беларусь спажывецкія тавары, але і прамысловыя прадпрыемствы, бо беларускія тавары (тыя ж пральныя машыны ці лядоўні) вырабляюцца з імпартных камплектуючых. Таму банкруцтва імпартэраў замежных тавараў будзе адначасова банкруцтвам беларускіх вытворцаў — тых, хто павінен стварыць альтэрнатыву замежным таварам.
Які ў такім выпадку сэнс апошніх рашэньняў уладаў — Балыкін не разумее:
Мне цяжка зразумець сэнс у тым, што ня мае ніякага сэнсу і ніякай лёгікі. З аднаго боку, спадар Лукашэнка вымушаны трымаць валютны курс, таму што для яго гэта — палітычнае пытаньне.
«Мне цяжка зразумець сэнс у тым, што ня мае ніякага сэнсу і ніякай лёгікі. З аднаго боку, спадар Лукашэнка вымушаны трымаць валютны курс, таму што для яго гэта — палітычнае пытаньне. Зь іншага боку, ён вымушаны абмяжоўваць попыт на замежную валюту, бо такая цяпер гандлёвая сытуацыя. Ён імкнецца забіць двух зайцаў адным стрэлам, але гэта яшчэ ні ў каго не атрымалася», — канстатуе экспэрт.
Паводле Леаніда Злотнікава, у краіне цяпер не хапае рэсурсаў, каб усе патрэбы людзей забясьпечыць на тым узроўні, як гэта было раней. Таму ўлада вырашыла адсекчы тыя замежныя тавары, ад якіх магчыма адмовіцца. У сувязі з гэтым экспэрт зьвярнуў увагу на тое, што ў дадатку да ўказу прэзыдэнта № 607 «Аб падатку на біржавыя апэрацыі па набыцьці замежнай валюты» апублікаваны сьпіс тавараў, для разьлікаў за якія набыцьцё замежнай валюты вызваляецца ад 30% падатку. У гэты сьпіс уваходзяць газ, нафта і электрычная энэргія — то бок, тыя тавары, якія жыцьцёва неабходныя для эканомікі дзяржавы.
Паводле пастановы Савета міністраў № 1207 Міністэрства гандлю, Белкаапсаюзу, аблвыканкамам і Менгарвыканкаму даручана не дапускаць росту розьнічных коштаў на спажывецкія тавары і забясьпечыць наяўнасьць шырокага асартымэнту на гандлёвых аб’ектах, уключна з інтэрнэт-гандлем.
Пры гэтым абвешчана, што дзяржаўныя органы будуць праводзіць паўсюдныя праверкі розьнічных гандлёвых сетак, інтэрнэт-крамаў.
У пастанове ўраду адзначаецца, што пры парушэньні патрабаваньняў ураду будуць ужывацца меры пакараньня аж да закрыцьця гандлёвых аб’ектаў.