Гэтак брытанская газэта Financial Times піша пра выказваньне Лукашэнкі на мінулым тыдні, калі ён заявіў, што ў абставінах валютнага крызысу Расея павінна разьлічвацца за беларускія тавары ў далярах на аснове бягучага абменнага курсу. Матэрыял брытанскай газэты мае загаловак «Высьпятак рублю, калі ён ужо ўпаў».
Паводле газэты, Лукашэнка бачыць абясцэньваньне расейскага рубля як магчымасьць памяняць умовы Эўразійскага эканамічнага саюзу з Расеяй і Казахстанам ды перайсьці ў гандлёвых разьліках з Масквой на цьвёрдую валюту.
«Ня надта прыгожа даваць высьпятка партнэру, які упаў, але калі тактыка працуе, дык чаму ж не?» — рытарычна пытаецца журналістка Ізабэл Горст і адзначае, што Расея толькі што пагадзілася прадаваць Беларусі газ ў 2015 годзе на такіх самых спрыяльных умовах, што і ў 2014, ды пачала зьнімаць некаторыя абмежаваньні на імпарт беларускага малака і мяса.