Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: людзі ня дурні


Людзі скупляюць тэхніку ў менскай краме, 19 сьнежня
Людзі скупляюць тэхніку ў менскай краме, 19 сьнежня

«Галоўным напрамкам нашай працы з пачатку новага году і ў далейшым будзе найжарстчэйшая эканомія. Мы занадта расхлябана паводзім сябе пры ўсёй нашай руплівасьці адносна фінансаў. Эканомія — пытаньне нумар адзін наступнага году. Гэта тычыцца ўсіх», заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Ён загадаў усім дзяржорганам і структурам скараціць матэрыяльнае забесьпячэньне ў два разы. Але гэта ня тычыцца заробкаў.

«Мы ўжо дайшлі да таго, што ў нас усе, хто можа, павінен і не павінен, езьдзяць на пэрсанальных аўтамабілях. А бэнзін сёньня каштуе нятанна. Вось, здавалася б, дробязь, а ўсе хочуць мець годны заробак і танныя крэдыты на жыльлё як мінімум. Гэта правільна. Таму зарплату і жыльлё мы будзем падтрымліваць, а дзе можна скараціцца — там трэба абавязкова скарачацца, аптымізавацца».

«Колькі б у нас грошай ні было, мы будзем эканоміць, дзе толькі можна. Чаму? Ну, хопіць ужо куляцца з гэтымі валютамі. Трэба зразумець адно: калі мы хочам стабільнасьці на валютным рынку, то, пачынаючы ад простага грамадзяніна, нас з вамі, і заканчваючы юрыдычнымі асобамі, кожны павінен хоць па капейчыне ўносіць у рэзэрву дзяржавы. Калі гэта будзе — будзе стабільнасьць. А калі будзе, што адны прыносяць у краіну валюту і грошы, а іншыя проста прыходзяць у абменьнікі, іх скупляюць і марнуюць або кладуць у панчоху, тады і краіна будзе так куляцца», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка супакойвае: «Што б ні здарылася ў нашай краіне, нават калі горшы сцэнар будзе, мы ўсё роўна за паўгоду стабілізуемся. Мы ўсё роўна зь любой сытуацыі выкараскаемся, таму што мы ўжо ня тыя, што былі дзясятак, а можа, і два дзясяткі гадоў таму. Таму ня трэба ахаць, вохкаць, трэба рыхтавацца да Новага году і Калядаў».

«Як я ўжо сказаў, кіраўніцтва Нацбанку, урад, ды і я не зацікаўленыя ў тым, каб бегчы ўсьлед за Расеяй і Ўкраінай. Мы ня хочам капіяваць тое, што адбываецца ў нашых суседзяў, у нашых братоў. Мы з усіх сіл, ня маючы такіх велізарных рэзэрваў, дапусьцім, як Расейская Фэдэрацыя, сьціснуўшы зубы, трымаемся».

«Ня бегайце, як апантаныя, з гэтым рублём»

«І я не дарма сказаў, што ў дадзеным выпадку сытуацыя вельмі сур’ёзная, усё залежыць ад нашых людзей: будзе дэвальвацыя — ня будзе, абрынем — не абрынем, абвалім — не абвалім. Гэта нашы людзі, я ў свой час пра гэта ўжо казаў: ня бегайце, як апантаныя, з гэтым рублём па абменьніках і не абменьвайце на валюту, не гандлюйце, бо гэта будзе мець наступствы», — адцеміў Лукашэнка.

«Вядома, людзі ня дурні, яны разумеюць, што Расея абвалілася, ва Ўкраіне, вы бачыце, якая сытуацыя. А гэта нашы асноўныя рынкі, куды мы прадавалі сваю прадукцыю і адкуль атрымлівалі валюту. Натуральна, пры такіх абвалах мы ня маем тых аб’ёмаў валюты, якія былі ўчора. І яны пачынаюць неяк страхавацца. Людзі ж не разумеюць, а можа, ня хочуць разумець, што ў гэтага працэсу ёсьць зваротны канец, які ўдарыць іх і нас па галаве, — гэта павелічэньне попыту на валюту. А калі попыт павялічыўся, значыць, расьце цана валюты», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

«Могуць мне сказаць: слухайце, а навошта нам гэты попыт і прапанова? Давайце неяк валюту рэгуляваць адміністрацыйна. Можна адміністрацыйна. Але ўсё ж людзі хочуць, каб была свабода: ёсьць у мяне лішнія рублі — я пайшоў і купіў валюту. Ці мне патрэбная валюта — я яе купіў, ёсьць у мяне валюта — пайду прадам і куплю рублі», — дадаў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка Беларусі, пры вольным рынкавым працэсе абмену валюты і ў іншых сэктарах таксама павінна быць свабода:

«Мы ня можам рэгуляваць тут, а там адпускаць, даваць поўную свабоду. Мы ня можам тут куплю-продаж зрабіць свабоднымі, а дзесьці нешта стрымліваць. Калі вольная — значыць вольная. Але бываюць пікі. Вось Нацбанк павінен за кошт гандлю рэзэрвамі гэтыя пікі згладжваць. Што мы і робім дагэтуль. Але калі людзі вырашылі перавесьці частку сваіх сродкаў у валюту і павялічваюць попыт на яе, валюта будзе даражэць. Што ў нас так плаўна і адбывалася, без усялякіх абвалаў», — падкрэсьліў Лукашэнка.

«Галоўнае ня кінуцца ў вір за Расеяй»

«Для нас цяпер галоўнае — не дапусьціць абвалаў, ня кінуцца ў вір за Расеяй, таму што мы ня ведаем, які там будзе рубель і г. д. Мы ведаем адно — што мы нясём вялікія страты ў сувязі з абвалам расейскага рубля, таму што гэта наш асноўны рынак», — цытуе БЕЛТА Лукашэнку. Ён дадаў, што на Расею прыпадае 42% беларускага экспарту і каля 15-20% — на Ўкраіну.

«То бок сытуацыя няпростая. І, сказаўшы людзям пра тое, што мы ня хочам, каб у нас рэзка абвалілася нацыянальная валюта, нам хацелася б прайсьці гэты пэрыяд вось такім чынам спакойна. Пакуль у нас сіл для гэтага хапае», — заявіў кіраўнік краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG