Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Янушкевіч: Мой дэвіз — набліжаць гісторыю да людзей


Андрэй Янушкевіч
Андрэй Янушкевіч

Выдавецтва «А. Янушкевіч» — адно з самых маладых у краіне. Але ўжо за першы год свайго існаваньня знайшло ўласную нішу на айчынным кніжным рынку. Чаму прафэсійны гісторык вырашыў падацца ў рызыкоўны кнігавыдавецкі бізнэс? Якія кнігі павінны быць напісаныя ў Беларусі ў найбліжэйшы час? Кнігавыдавец і гісторык Андрэй Янушкевіч — госьцем перадачы.

— Андрэй, ваша выдавецтва можна лічыць адкрыцьцём году. Кожная ваша кніга становіцца падзеяй — пра іх гавораць, на іх спасылаюцца. А вам яшчэ і году няма?

— Няма. Выдавецтва было афіцыйна зарэгістравана Міністэрствам інфармацыі сёлета ў сакавіку. Я працягваю займацца гістарычнай навукай, кнігавыданьне — паралельная дзейнасьць. Проста аднойчы я задаўся пытаньнем: калі ня я, то хто? З самага пачатку быў узяты кірунак на выданьне гістарычнай літаратуры, дакладней, навукова-папулярнай. Мой дэвіз: набліжаць гісторыю да людзей. Справа ў тым, што беларускія гісторыкі могуць ганарыцца сваімі арыгінальнымі дасьледаваньнямі, абараняць дысэртацыі, але пра іх дасьледаваньні ніхто ня ведае. А сказаць ім ёсьць што.

— Набліжаць гісторыю да людзей — гэта тое, чым займаўся, напрыклад, Кастусь Тарасаў?

— Так, пачынальнікам тут, можна сказаць, быў Тарасаў, потым эстафэту ад яго пераняў Вітаўт Чаропка. Першай кнігай, якая выйшла ў маім выдавецтве, была «Бітва пад Воршай 1514 году» польскага гісторыка Пятра Друджа. Гэта ўвогуле першая ў сьвеце кніга, цалкам прысьвечаная Аршанскай бітве. Потым выйшла кніга Анатоля Трафімчыка «1939 год і Беларусь. Забытая вайна», прымеркаваная да 75-х угодкаў пачатку Другой сусьветнай вайны і гэтак званага ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР. Дарэчы, яна пісалася на маю замову. Я перакананы, што калі ў нас надараецца нейкая дата, то выдаўцы павінны задумацца, якая кніга можа з гэтага паўстаць.

— Вы выступаеце за беларускі погляд на гістарычныя падзеі. І ў той жа час пра Аршанскую бітву выдалі дасьледаваньне польскага гісторыка. Які ж там можа быць беларускі погляд?

Я прапаноўваў нашым гісторыкам напісаць кнігу пра Аршанскую бітву. На жаль, ніхто не пагадзіўся.

— Я прапаноўваў нашым гісторыкам напісаць кнігу пра Аршанскую бітву. На жаль, ніхто не пагадзіўся. Дзесьці спрацавала прыказка: доўга коні запрагаюцца. У кагосьці не хапіла напрацовак па тэме. Дзіўна. Аршанская бітва для нашага гістарычнага дыскурсу хіба адна з найважнейшых падзей, а асобнага дасьледаваньня так і не зьявілася. Хоць маладыя спэцыялісты ёсьць, скажам, Алесь Казакоў, які можа сказаць нешта новае пра Бітву пад Воршай. Шкада, але да падрыхтоўкі рукапісу справа не дайшла. Вось цяпер назіраецца ажыятаж вакол манэты з Канстанцінам Астроскім. На маю думку, ён зьвязаны якраз з тым, што 500-я ўгодкі Аршанскай бітвы былі ўсё ж адзначаны ў нас досыць шырока: выйшлі тры кнігі, зьявіліся настольныя гульні, мерапрыемствы ладзіліся.

— Але ўсё гэта рабілася грамадзкімі высілкамі. Дзяржава абмежавалася выпускам юбілейнай манэты.

— Я не рабіў бы націску на ўдзеле дзяржавы. Зразумела, што ў сёньняшняй палітычнай сытуацыі дзяржаве выгодней было амаль праігнараваць гэтую падзею. Што яна і зрабіла. Мне больш цікава другое. Вельмі добра, што ў нас ствараюцца грамадзкія структуры, якія могуць самі, без дапамогі дзяржавы прынагодна выдаць кнігу, прыдумаць і рэалізаваць нейкую ідэю. Гэта тое, што можа прывесьці наша грамадзтва да роздуму, да зацікаўленьня той жа гісторыяй.

— Ваша выдавецтва — адно зь нямногіх прыватных, якое плаціць ганарары аўтарам. Як вам гэта ўдаецца?

— Дык трэба ж заахвочваць аўтараў! Гэта першая прычына. Зь іншага боку, пралічыўшы ўсе выдаткі і патэнцыйныя прыбыткі, неабходна выдавецкі працэс ставіць на нармальныя, цывілізаваныя рэйкі. Гэта калі выдавецтва шукае аўтараў, заахвочвае іх, выдае прыгожыя кнігі, займаецца іх рэклямай, маркетынгам, распаўсюдам літаратуры. І — дзеліцца сваім прыбыткам з аўтарам. Вельмі крыўдна назіраць, як у нас ставяцца да навукоўцаў, асабліва да гуманітарыяў. Склаўся стэрэатып, што яны павінны рабіць сваю працу ледзь не бясплатна. А я лічу, што праца навукоўца, дасьледчыка — гэта элітная праца, і яна павінна аплачвацца высока, тым больш, калі ў замоўніка ёсьць грошы. Мне вельмі хочацца зламаць гэты заганны стэрэатып.

— Максім Танк у сваіх вядомых «Лістках календара» пісаў пра віленскага выдаўца Клецкіна: ён выдаў цэлую гару кніг, якую можна параўнаць з Замкавай гарой. Зь якіх кніг праз гадоў дзесяць складзецца ваша «кніжная» гара?

— Лічу, што патэнцыял нашых гісторыкаў-дасьледчыкаў настолькі вялікі, што насамрэч праз адно-два дзесяцігодзьдзі напісаныя імі кнігі маглі б скласьці цэлую гару. Я нядаўна пабываў на кірмашы гістарычнай кнігі

У нас няма кніг пра Бітву на Ворскле ў 1399 годзе, пра Клецкую бітву з татарамі ў 1506 годзе...

ў Варшаве і пабачыў, якая вялікая зацікаўленасьць да такога роду літаратуры ў нашых суседзяў. А беларуская гісторыя ня менш багатая на падзеі, проста яна не распрацаваная. Скажам, у нас няма кніг пра Бітву на Ворскле ў 1399 годзе, пра Клецкую бітву з татарамі ў 1506 годзе... І такіх неапісаных падзеяў — безьліч. Генадзь Сагановіч у свой час адкрыў гэтак званую «невядомую вайну» сярэдзіны ХVII стагодзьдзя з Масковіяй. З той пары, з 1995 году, беларускія дасьледчыкі не выдавалі кніг на гэтую тэму, хоць там — капаць і капаць. Іншыя неахопленыя напрамкі — як жылі нашыя гарады, як жылі нашыя сяляне, як на практыцы рэалізоўваліся статуты ВКЛ. Я ўжо не кажу пра рэлігійныя справы, пра тое, як нашы шляхцічы і магнаты вучыліся за мяжой, як падарожнічалі па сьвеце.

— Вы аўтар цікавай кнігі пра Інфлянцкую вайну — вайну паміж ВКЛ і Масковіяй за Прыбалтыку. Днямі ў Калінінградзкай вобласьці прайшлі грандыёзныя вайсковыя манэўры з пускамі баявых ракетаў. Палітыка Масквы адносна гэтага рэгіёну застаецца нязьменнай?

— У ХVI стагодзьдзі імпэрскія амбіцыі Маскоўскай дзяржавы толькі прарасталі. Сёньня мы бачым працяг той жа палітыкі. У ХV—ХVI стагодзьдзях быў зададзены код зьнешняй палітыкі Масковіі, які базаваўся на тым, што Масква — трэці Рым. Ну і на ідэі зьбіраньня ўсіх «рускіх земляў». Сёньняшняя Расея ад гэтых дзьвюх ідэяў не адмаўляецца. Адсюль — падзеі ва Ўкраіне, бо Расея ня хоча адпускаць яе ў вольнае плаваньне, бо Ўкраіна — гэта нібыта таксама старадаўні абсяг «рускіх земляў». У гэтым пляне можна лёгка перакінуць масток паміж падземі ХVI стагодзьдзя і днём сёньняшнім.

— У нас ёсьць мазахісцкая схільнасьць — называць імёнамі сваіх ворагаў памятныя мясьціны. У Полацку ёсьць «вал Івана Грознага, у Кобрыне — музэй Суворава і г.д. У гэтай сувязі мне прыгадваецца эпіграма Ніла Гілевіча пра аднаго «звышудзячнага беларуса-патрыёта», які «ад настальгіі па раі за Польшчай / лічыць задачай сваёй найбольшай — / ля шляху між Менскам і Маладэчнам / паставіць камень з надпісам вечным: / «Тут, у дваццатым, спыняўся пры дрэве / Юзаф Пілсудзкі па малой патрэбе». Што нам рабіць з такой «звышудзячнасьцю»?

— Гэта сапраўды нацыянальная праблема. Мы проста не адрозьніваем свайго ад чужога, дакладней, мы ня ведаем, што ёсьць сваё, а што — чужое. Мы ня ведаем, чым нам трэба ганарыцца і на чым будаваць уласную ідэнтычнасьць. Нават калі браць сфэру гісторыі, мы па-ранейшаму вельмі моцна залежым ня толькі ад расейскіх

Варта нарэшце і нам кінуць кліч: “Давайце шукаць у гісторыі беларусаў!

гістарыяграфічных стэрэатыпаў, мы залежым і ад польскіх, і ад літоўскіх. Як паўставала, скажам, літоўская гістарычная думка? Адзін з карыфэяў літоўскай даваеннай гістарыяграфіі Адольфас Шапока кінуў кліч: «Давайце шукаць у гісторыі літоўцаў!». І што мы сёньня бачым? Літоўцы па сёньня гэтым займаюцца. Дзе толькі можна, паўсюль вышукваюць Літву і літоўцаў. Дзесьці мы нават ад гэтага пакутуем, бо забіраюць нашу гісторыю. Таму варта нарэшце і нам кінуць кліч: «Давайце шукаць у гісторыі беларусаў!». Вось апошняя сёлетняя кніга, выдадзеная ў маім выдавецтве, — «Таямнічы сьвет беларускіх гербаў» Аляксея Шаланды. Мне як выдаўцу могуць зрабіць закід — якія беларускія гербы ў ХVI стагодзьдзі? І я адкажу: так, маеце рацыю, але мяне не цікавіць навуковая дакладнасьць. Гісторыя ўрэшце — навука недакладная. Мяне найперш цікавіць акцэнтаваньне ўвагі на тым, што гэтыя гербы — наша спадчына. Мы пра іх пішам, мы акцэнтуем увагу людзей — паглядзіце, якое багацьце было ў нашых продкаў, і зразумейце, што гэта наша спадчына, а не чыясьці. І ніхто нам ня можа забараніць шукаць і знаходзіць у гісторыі беларусаў і беларускае.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG