Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў з жыцьця легендарны гітарыст Уладзімер Угольнік


Уладзімер Угольнік. Аўтар фота: Сьвятлана Новікава vminsk.by
Уладзімер Угольнік. Аўтар фота: Сьвятлана Новікава vminsk.by

Па-сапраўднаму легендарны беларускі музыка Ўладзімер Угольнік пакінуў гэты сьвет увечары 15 сьнежня. Вугал (Угол), як называлі яго ў музычным асяродку, быў адным з пачынальнікаў рок-н-ролу ў Беларусі; ён зьявіўся на сцэне яшчэ ў 1968 годзе, калі ўзяў удзел у першым у БССР рок-фэстывалі.

Выступаў у складзе такіх калектываў, як «Блики», «2+2», «Пане-браце». У 1973 годзе яго, таленавітага гітарыста-самавука, запрасілі ў філярманічны калектыў «Орбита-67». Пазьней ён пачаў выступаць у «Верасах», на пачатку 80-х узначаліў ансамбаль «Тоника», які акампанаваў Віктару Вуячычу. У 80-я працаваў у складзе калектываў менскага аб’яднаньня музычных ансамбляў і музычным рэдактарам тэатру гумару «Христофор».

У 1992 годзе нарэшце атрымаў вышэйшую музычную адукацыю, калі скончыў Менскі інстытут культуры па клясах гітары і эстрадна-духавога дырыжаваньня. У гэтай жа навучальнай установе ў 1997-2005 гадах загадваў катэдрай мастацтва эстрады і дзяліўся выканальніцкім досьведам з маладымі музыкамі. Сярод ягоных вучняў — Аляксандр Салаўёў («Белорусские Песняры»), Сяргей Трухановіч («Крама», «Палац»), старшыня Клюбу гітарыстаў Беларусі Алег Капянкоў, заснавальнік фэстывалю «Ренессанс гитары» Ігар Шошын, Віктар Навумік і інш.

Уладзімер Угольнік вёў актыўную канцэртную дзейнасьць, выступаў з Тацьцянай Капянковай, Генадзем Старыкавым (дуэт «Старик и Угол»), выконваў апрацоўкі вядомых тэмаў як акадэмічнай, так і блюзавай і рок-музыкі, пісаў аўтарскія творы, якія былі выдадзеныя на трох ягоных альбомах. Ягоныя творы «Наіўная самба», «Дневные сны», «Янка-жартаўнік» зрабіліся вельмі папулярнымі як сярод маладых гітарыстаў, так сярод слухачоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG