Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Эўрапарлямэнту: слова Беларусь я ні разу тут яшчэ не пачуў


Ярамір Шцеціна
Ярамір Шцеціна

Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Чэхіі Ярамір Шцеціна лічыць, што правы чалавека ўжо не зьяўляюцца прыярытэтам ані ў чэскай палітыцы, ані ў эўрапейскай, а Беларусь у Эўрапарлямэнце нікога не цікавіць.

Ярамір Шцеціна — чэскі журналіст і палітык. У якасьці ваеннага карэспандэнта асьвятляў падзеі ў Нагорным Карабаху, Чачэніі і Аўганістане. У Эўрапарлямэнт Ярамір Шцеціна абраны са сьпісу найвялікшай апазыцыйнай партыі Чэхіі ТОП 09, лідэрам якой зьяўляецца былы міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг. У Эўрапарлямэнце Ярамір Шцеціна ўваходзіць у дэлегацыю па дачыненьнях зь Беларусьсю.

У інтэрвію Радыё Свабода Ярамір Шцеціна распавёў, што верыць у тое, што іскра Майдану прыйдзе ня толькі ў Беларусь, але і ў Расею, а таксама пра тое, чаму Эўразьвяз мусіць падтрымліваць кантакты зь беларускімі ўладамі і ці разумеюць у Эўропе магчымасьць ваеннай агрэсіі Расеі ў дачыненьні да Беларусі.

— Спадар Шцеціна, вы выступаеце за тое, каб Эўразьвяз меў двухбаковыя кантакты зь Беларусьсю на найвышэйшым узроўні. Ці азначае гэта, што вы падтрымліваеце супрацу з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам? І што тады Эўропа мусіць зрабіць з санкцыямі ў дачыненьні да афіцыйных беларускіх уладаў?

— Санкцыі павінны прымяняцца. Але я б не казаў спачатку пра нейкую вялікую супрацу. Я больш за ўсё кажу пра кантакты з уладамі. Калі зноў будуць падзеі, зьвязаныя з Усходнім Партнэрствам, там ня можа не прысутнічаць беларускі прэзыдэнт. Але ён мусіць атрымаць там вельмі моцную крытыку. Ёсьць розныя спосабы прэсінгу. Адзін са спосабаў — дыпляматычны. Дыпляматычнымі словамі можна выказаць нават вельмі вялікае пачуцьцё варожасьці. Напрыклад, можна гэта сказаць з усьмешкаю. Але каб гэтая беларуская сыстэма даведалася, што ня можа такім чынам з Эўропай існаваць.

— Аляксандр Лукашэнка 20 гадоў застаецца ва ўладзе — падаецца, што ён не разумее такіх намёкаў і дыпляматычнага прэсінгу.

— Я не хачу цяпер вырашаць сытуацыю ў Беларусі, але я думаю, што гэтая іскра Майдану калі-небудзь прыйдзе ў Беларусь. Я думаю нават, што ня толькі ў Беларусь, але калі-небудзь прыйдзе нават у Маскву. Украінцы проста зразумелі, у чым справа, і гэты прыклад ужо ніхто ня можа закрыць.

— У Беларусі ёсьць людзі, якія наўпрост кажуць, што чакаюць расейскіх войскаў, калі апазыцыя гвалтоўным чынам прыйдзе да ўлады. Як вы лічыце, ці ёсьць магчымасьць таго, што Беларусь стане наступнай Украінай і як адрэагуе Эўропа ў такім выпадку?

— Гэтая небясьпека, вядома, існуе. Гэтая сытуацыя вельмі складаная. Я быў нядаўна на Данбасе, на лініі фронту ў Данецку і Арцёмаўску. Я ня маю шмат аптымізму, таму што калі я пагляджу, як сотні гадоў таму Масква заўсёды тапіла ў крыві ўсе бунты, якія былі. Я таксама баюся, што частку віны за гэта нясе гэты «славуты» Эўрапейскі зьвяз і нават Эўрапейскі парлямэнт, чальцом якога я зьяўляюся. У дачыненьні да Ўкраіны Эўрапейскі парлямэнт грае фарысэйскую ролю: на словах кажа пра санкцыі і іх карысьць, але нічога канкрэтнага пасьля ня робіць. А гэта — Украіна, якая ў цэнтры інтарэсаў. Беларусь там абсалютна нікога не цікавіць. Я ў Эўрапарлямэнце 5 месяцаў, а слова «Беларусь» яшчэ ня чуў. Гэта вельмі небясьпечная гульня, бо пасьля можа прыйсьці Ўладзімір Уладзіміравіч Пуцін і прымяніць мэтады схаванай гібрыднай вайны нават у Беларусі.

— Ці ўся Эўропа гэта разумее?

— У старых чальцоў Эўрапарлямэнту адсутнічае гістарычная памяць, якую маем мы, краіны былога савецкага блёку. Гішпанцы, італьянцы, французы — яны ўвогуле не разумеюць, у чым справа. Прабіць гэтую абыякавасьць, вядома, складана. Там ёсьць група прыбалтаў, палякаў, таму мы спрабуем патлумачыць сытуацыю ва Ўкраіне і Беларусі.

— Якія менавіта дзеяньні вы прадпрымаеце, каб Эўропа не адварочвалася ад Беларусі?

— Я думаю, што гэта могуць вырашыць толькі асабістыя кантакты. Я ўжо казаў, эўрапейскія палітыкі мусяць прыяжджаць у Менск і іншыя гарады. І наадварот — трэба запрашаць дысыдэнтаў і апазыцыю ў Эўрапарлямэнт. Але я ня думаю, што іх трэба запрашаць разам з афіцыйнымі ўладамі. У нас на мінулым тыдні быў Хадаркоўскі, але не прыехаў расейскі прэзыдэнт. Гэтаксама як і падчас сустрэчы з Саакашвілі ў Страсбуры ня будзе прэзыдэнта Грузіі.

— Якія падзеі, зьвязаныя зь Беларусьсю, плянуюцца ў Эўрапарлямэнце ў бліжэйшым часе?

— Можа, нешта і ёсьць, але я ня ў курсе і ня чуў пра гэта. Калі б было, я б цікавіўся і хацеў бы прыняць удзел. Але гэтага проста няма.

— Як вы лічыце, адмена санкцыяў у дачыненьні да «кашалькоў» Лукашэнкі Пефціева і Чыжа азначае нейкую новую стратэгію Эўразьвязу?

— Я ўжо казаў, што гэта фарысэйская палітыка, таму што яна ўвесь час зьмяняецца. Яна зьмяняецца і ў нас — гэта роля правоў чалавека, якія, напрыклад, гралі вялікую ролю ў замежнай палітыцы Чэхіі пры Шварцэнбэргу, калі ён быў міністрам замежных справаў. І так гэта працуе нават зь Беларусьсю. Правы чалавека ўжо не зьяўляюцца поўным прыярытэтам у Чэскай Рэспубліцы і ў значнай частцы Эўрапейскага парлямэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG