Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: Беларусы мусяць скупіць усю Расею


«Сапраўдны бонус для беларусаў — новы „Ланд крузэр Прада“ за 30 тысяч даляраў з Масквы і кватэры зь відам на мора ў Калінінградзе коштам па 19 тысяч даляраў», — эканаміст Леанід Заіка падлічвае, як беларусам скарыстацца эканамічным крызісам у суседзяў.

Нарэшце надышоў час, калі беларусы мусяць цалкам расьцягнуць, раскупіць усю Расею. Такой магчымасьці ніколі раней не было.

Беларусь спадзяецца ад 2015 году купляць прыродны газ у Расеі па кошце 154-155 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пра гэта заявіў першы намесьнік старшыні беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка. Калі так сапраўды атрымаецца, то зьніжка параўнальна з 2014 годам складзе 14-13 даляраў на тысячы кубоў, бо сёлета за такую колькасьць газу Беларусь выплачвае 168 даляраў.

Сямашка таксама гаворыць, што новы кантракт можа быць падпісаны цягам гэтага тыдня. Прычым дакумэнт будзе дзейнічаць не адзін, а ажно тры гады.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Такія спадзяваньні цалкам абгрунтаваныя», — гаворыць Свабодзе кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«У свой час „Газпром“ доўга думаў над тым, як знайсьці ўнівэрсальную формулу для кошту газу. Ня ведаю, якому экспэрту прыйшла ў галаву такая ідэя, але кошт газу „прывязалі“ да кошту нафты. Цяпер, калі кошты нафты моцна абваліліся, мы маем поўнае права патрабаваць зьніжэньня кошту газу. І, дарэчы, 155 даляраў, — не такі ўжо і вялікі кошт. Тыя ж амэрыканцы прадаюць газ за 99 даляраў.

А я, як чалавек, які ўжо даволі шмат пажыў, памятаю часы, калі тысяча кубоў у месцы здабычы газу каштавала ўсяго 15 даляраў. І было гэта на пачатку 90-х гадоў. Болей за тое, усе ўжо забыліся пра кампанію „Ітэра“ і пра яе кіраўніка Макарава. А ён жа калісьці купляў у туркмэнаў газ усяго за 4 даляры.

Я думаю, і сёньня „красная цана“ тысячы кубоў — 20 даляраў. І толькі калі Мілер (кіраўнік „Газпрому“) будзе купяць залатыя ўнітазы, то тады трэба драць з пакупнікоў па 30 даляраў. А то 150-160!? А куды ж дзецца? Пасадзілі расейцы ўсіх на газавую іглу — і сьмяюцца, задаволеныя».

Карэспандэнт: «Але калі вярнуцца да рэаліяў, то бонус у 13-14 даляраў на адной тысячы кубоў (а Беларусь купляе звычайна 20-22 мільёны кубоў на год) выглядае таксама даволі вялікім. Ці ня так?. Мы з вамі можам зараз гэта лёгка падлічыць».

«Не марнуйце дарэмна час. Па-першае, бонус ёсьць ужо даўно, бо Расея ня першы год прадае нам газ па ільготных коштах. Па-другое, ні вы, ні я, ні ніхто іншы са звычайных грамадзянаў гэтых грошай ня ўбачыць. Яны дзесьці „растаяць“.

А сапраўдны бонус для беларусаў — гэта новы „Ланд крузэр Прада“ за 30 тысяч баксаў у маскоўскіх крамах. Бонус для беларусаў — і машыны за 10 тысяч даляраў, якія раней каштавалі 18 тысяч, у тых жа маскоўскіх крамах. Бонус для беларусаў — і кватэры зь відам на мора ў Калінінградзе коштам па 19 тысяч даляраў. Скажыце, кватэра зь відам на мора за 20 тысяч баксаў — гэта дорага для беларусаў?

Зараз кошты ў Расеі такія, што беларусы мусяць яе цалкам расьцягнуць, раскупіць. Такой жа магчымасьці ў нас ніколі раней не было.

Я вось купіў у родным горадзе Калінінградзе-Кёнінзбэргу сьвіную выразку па 5 даляраў за кіляграм. А калі празь 10 гадзінаў зайшоў у менскую краму і пабачыў такое ж мяса па 10 даляраў, ды яшчэ ў нейкай акцыі са скідкай, я ледзь не зваліўся ад сьмеху».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG