Мама казала — гулялі вясельле. Мы — гулялі на вясельлі.
Яны — ладзілі Купальле. Мы глядзім тое, што ладзяць.
Адчужэньне абрадаў. Пазбаўленьне сакральнасьці сьвятаў.
Мне тыцкаюць фотаздымкамі: ёлка ў нацыянальным стылі! Стужачкі раздаём!
Стужка, мова, сьцяг, «Пагоня» — модна, кайфуюць тысячы.
Раздавайце стужачкі. Танчыце ля ёлкі ў нацыянальных сымбалях.
Зьбірайцеся на моўных курсах.
Але мода — мінае. У моды ня дух — душок.
Мама не была супраць маіх клёшаў на 32. Мама ведала — мінецца.
Але мама ведала, калі гуляла вясельле, што рабіць з кавалкам вясельнага караваю.
Мы гуляем на вясельлі — ня ведаем.
Што рабіць са стужкай — ня ведаем.
Наступнае пакаленьне будзе ведаць, нашто яму мова?
(Валеры Гапееў)
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас maksymiukj@rferl. org. Аўтарства чытацкіх допісаў пазначым, ганарараў плаціць ня будзем