Ціхан Чарнякевіч
Пачну з таго, што пісьменьнік вольны пісаць усё, што яму ўздумаецца. Хто ня згодны з гэтым тэзісам, можа ісьці прасіцца ў памочнікі да Ірыны Дрыгі. Разам з тым, і чытач свабодны ў сваім выбары: пісьменьнік мусіць быць падрыхтаваны да не зусім адэкватных рэакцый, калі ўжо ён вырашыў не абмяжоўваць літаратуру рэкрэацыйнай функцыяй. Адзінае, пра што варта гаварыць — наколькі гарманічны сам тэкст і водгук на яго і наколькі аўтар з чытачом разумеюць адно аднаго. У сувязі са скандаламі вакол кніжкі Андрэя Лазуткіна «Палігон», мне думаецца, ўскрыліся пэўныя нарывы.
Зноў і зноў даводзіцца вяртацца да банальнага, да літаралізму ўспрыманьня. Пра гэта я пісаў крыху ў свабодаўскім артыкуле пра Андрэя Федарэнку. Аднак калі ў выпадку зь Федарэнкам вялося пра ягонае шыфраваньне, стоеную за вонкавай абалонкай унутраную форму, то ў выпадку з Лазуткінам літаралізм як зьява зрэагаваў на перакуленых дагары нагамі нацыянальных «сьвятарных кароваў»: нацдэмаўскі характар беларускай калябарацыі ў часе нямецкай акупацыі, уніяцкую царкву, ідэю добрай і пухнатай Эўропы, прыгажосьць Вільні, антырускасьць як ідэю. Націсканьне на такую колькасьць эрагенных кнопак нацыянальна арыентаванага чытацкага цела не магло не прывесьці да выбуху эмоцый. Які, безумоўна, быў загадзя спрагназаваны аўтарам аповесьці.
Такім чынам, мастацкі твор быў успрыняты як артыкул з «Нашай Нівы», як калёнка, калі хочаце: зноў і зноў трапляе на тыя ж граблі чытацкая аўдыторыя. Тут жа дадаецца яшчэ адна акалічнасьць. Апошнім часам колькасьць дасьледаваньняў ІІ сусьветнай вайны, выдадзеных у Беларусі, значна павялічылася — не ў апошнюю чаргу дзякуючы рэдакцыі «Архэ» і тэматычным нумарам аднайменнага часопіса. Паліцы кніжных крамаў і сайтаў электронных кніг запоўненыя мэмуарамі военачальнікаў, манаграфіямі пра партызанскі, антысавецкі, нацыяналістычны рух у вайну, біяграфіямі розных палітычных і культурных дзеячаў таго часу.
Праз гэта абазнанасьць у тэме вырастае, але ў той жа час ваенная літаратура пасьля Быкава ў Беларусі ўспрымаецца, па-першае, анахранізмам, а па-другое — нахабствам. Маўляў, во куды занесла. Тым ня менш, чытацкі голад у гэтай тэме ёсьць, што і пацьвярджае рэзананс вакол невялікай аповесьці Лазуткіна. Карацей, такая тэма, а прыйшло невядома што, рускамоўнае, з няпоўнай вышэйшай адукацыяй — і яшчэ бэсьціць усё, што нам дорага. Вось такая прыкладная рэакцыя. (Я, канечне, пакідаю за кадрам заклікі да фізычнай расправы і проста тоны выкшталцонай рускай лаянкі, якая пралілася на аўтара кніжкі ў камэнтарах да артыкулаў і ў сацыяльных сетках).
Мне, па шчырасьці, нецікава нават гаварыць пра тэматыку (упэўнены, і Быкаў не пра вайну пісаў, а пра нешта іншае). Значна больш мяне заінтрыгавала аўтарскае ўмельства: пругкасьць фразы, разуменьне абзацу, кампазыцыі глаўкі. Кніжка выглядае, як ні круці, вельмі цэльнай і гладкай — ня ведаю, наколькі вялікая ў гэтым заслуга рэдактара. Але з уласнага (няхай і ня вельмі доўгага) рэдактарскага досьведу ведаю, што кепска напісаны тэкст перапісаць у выдатны — немагчыма. Калі і зробіш цукерку, то не шакалядную, а карамельку. А тут, у «Палігоне», бачыцца яўны аўтарскі талент, хоць асаблівага «ваў»-«во дае»-ўзрушаньня ў мяне пасьля прачытаньня і не было. Гэта відавочна нядрэнная кніжка, як для пачаткоўца, і файна, што свой жыцьцёвы досьвед ён перавёў у цень, на першы плян выставіўшы «калябарацыйную» лінію. Такім чынам,
1) магчымая будучыня, альтэрнатыўная гісторыя 1950-х, дзе вэрмахт перамагае і стварае на тэрыторыі Беларусі буфэрную зону і марыянэткавы ўрад на чале з Астроўскім, і
2) блуканьні-бадзяньні-буханьні беспрынцыпнага «раззлаванага маладзёна» 2000-х зьліліся ў адзіны плявок нянавісьці і агіды.
Што больш чым характэрна і натуральна для новага пакаленьня літаратараў, якому давялося боўтацца ў спыненым часе і год за годам страчваць сьвятыні і надзеі. Перакульваньне дагары нагамі аўтарытэтаў — абсалютна нармальна для такога стану, але мне значна больш цікава, на чым трымаецца наступная кніга Лазуткіна, якая, паводле правераных чутак, ужо падрыхтаваная да друку.
Бо толькі на цьвяленьні аўтарытэтаў і тоўстым тролінгу далёка не заедзеш: схема спрацуе толькі аднойчы. Мяжа і сьцяна з стэрэатыпаў, якую перасякае галоўны герой напрыканцы «Палігону», ня створаная для таго, каб скакаць цераз яе ад кнігі ў кнігу. Наколькі захаваецца балянс? Вось што важна. Пакуль што даводзіцца гаварыць, і ня першы раз сёлета ў сувязі кнігай беларускага рускамоўнага празаіка, што ў нас зьявіўся яшчэ адзін таленавіты аўтар. «Біяграфію рыжаму» ўжо зрабілі сотні камэнтатараў.
Будзем сачыць за бібліяграфіяй.