Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зноў змагаюцца з «талеркамі»


Жыльлёва-камунальная служба Кастрычніцкага раёну Менску распачала новую кампанію барацьбы са спадарожнікавым тэлебачаньнем. Адначасна жыхарам падключаюць сеткі кабэльнага тэлебачаньня бязь іхняй згоды.

Зьміцер Марчук жыве на вуліцы Ландэра, што ў Кастрычніцкім раёне Менску. Днямі ён атрымаў папярэджаньне мясцовага ЖЭС № 24, што калі са сьцяны сваёй кватэры не дэмантуе спадарожнікавую антэну, то будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці.

«З ЖЭСу прыйшло паведамленьне, каб зьнялі спадарожнікавую антэну, бо аштрафуюць за тое, што павесілі антэну без адпаведных дакумэнтаў. У гэтай сувязі згадваюцца былыя часы „махровага“ сацыялізму, калі пад вокнамі езьдзілі міліцэйскія варанкі і лямантавалі раніцай, каб здымалі бялізну з гаўбцоў і таксама пагражалі штрафамі. Хаця б здавалася — зараз гэта нашая прыватная ўласнасьць, нашыя кватэры выкупленыя. Бо калі рабіць гэта праз дазвол, то гэта складаньне праекту і іншыя паперы — мільёнаў пяць спатрэбіцца. А дзе людзям грошы браць, калі заробкаў такіх ня маюць? Таксама і штрафы вялікія — у мяне няма чым іх плаціць. Думаю, што ў нашай улады справы ня лепшыя — мяса і іншыя прадукты Расея не бярэ, а чыноўнікаў утрымліваць патрэбна, бо яны самыя дарагія ў сьвеце — вось яны і шукаюць дзе, як і за што садраць зь людзей».

Адначасна жыхары гэтага менскага мікрараёну атрымалі ад мясцовых камунальнікаў паведамленьне, што маюць плаціць пэўную суму за карыстаньне кабэльным тэлебачаньнем. Пры гэтым многія сталі карыстальнікамі пашыранага пакету кабэльнага тэлебачаньня без уласнага жаданьня, апавядае адна з мясцовых жыхарак, Людміла Белахвостава:

«Без ведама людзей падключаюць дадатковыя каналы: у нас было дваццаць два каналы кабэльнага тэлебачаньня, а стала пад пяцьдзесят. І такім чынам зь людзей бяруць грошы. А, да прыкладу, у хаце жывуць пэнсыянэры, інваліды, ім не патрэбна гэтулькі каналаў. Калі пайшлі высьвятляць і дамагацца, каб адключылі, зь іх пачалі патрабаваць 90 тысячаў рублёў».

Адміністрацыя ЖЭС-24 ня першы раз змагаецца з антэнамі спадарожнікавага тэлебачаньня, але так і не дае ўцямных адказаў на пытаньні, зь якой патрэбы гэта робіцца. Ідэоляг ЖРЭА Кастрычніцкага раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца ЖЭС-24, Дзьмітрый Гордан паведаміў, што змаганьне з талеркамі праходзіць на законных падставах. А да падключэньня пашыранага пакету кабэльнага тэлебачаньня камунальныя службы нібыта ня маюць дачыненьня:

«На гэты конт ёсьць пастанова Савета міністраў ад 16 мая 2013 году. У адпаведнасьці з гэтай пастановай, антэну спадарожнікавага тэлебачаньня неабходна альбо зьняць, альбо ўзаконіць паводле пэўнага парадку. Што тычыцца падключэньне кабэльнага тэлебачаньня, то гэтае пытаньне трэба скіраваць да Тэлевізійных інфармацыйных кабэльных сетак. Яны, пэўна, мусяць папярэджваць пра падключэньне тэлебачаньня. Але ці робяць гэта — ня ведаю. Магчыма, што паводзяцца яны ў гэтым сэнсе ня дужа карэктна».

Дырэктар па маркетынгу Менскіх тэлевізійных інфармацыйных сетак Яўген Ніканчык у сваю чаргу паведаміў, што зараз МТІС праводзіць мадэрнізацыю сыстэмы кабэльнага тэлебачаньня з пэрспэктывай яе пераключэньня на лічбавае. Але гэтыя працы праводзяцца паводле адпаведных дамоўленасьцяў з камунальнымі службамі і самімі жыхарамі:

«Увесь сыгнал, які кабэль здольны прапусьціць, ён яго і прапускае. Таму, калі ў абанэнта было 22 каналы, а мадэрнізавалі пад лічбавае тэлебачаньне і іх стала 55, то ў абанэнта яны фізычна пачынаюць працаваць. Адзінае, што на заканадаўчым узроўні даведзена да апэратараў электарасувязі, то мы павінны прадстаўляць так званы „сацыяльны“ пакет. Таму мы ставім адпаведны фільтар і гэтая паслуга каштуе 90 тысяч рублёў. Таму так, калі мы робім мадэрнізацыю, то ўзьнікаюць пытаньні, што, нібыта, мы падключаем вялікую колькасьць каналаў. Але пры гэтым ніхто не глядзіць на свой подпіс, які ставілі пад дамоваў аб падключэньні сямі ці васьмі каналаў. Тым ня менш — ставілі».

Гэткім чынам, паводле чыноўнікаў і бізнэсоўцаў — усё, што адбываецца з тэлебачаньнем на тэрыторыі ЖЭС-24 у Менску, нібыта, мае законны характар. Але ўсё гэта робіцца па старой завядзёнцы — без уліку меркаваньняў і жаданьняў саміх карыстальнікаў паслуг — камэнтуе сытуацыю спадарыня Белахвостава:

«Гэтая кампанія па зьняцьцю спадарожнікавых антэн — яна зьвязаная, безумоўна, з наступным годам — годам прэзыдэнцкіх выбараў, каб людзі атрымоўвалі меней незалежнай і праўдзівай інфармацыі. Што тычыцца пераходу на лічбавае тэлебачаньне, то тут павінна быць пэўнае агульнае абмеркаваньне: ці патрэбна людзям шмат тэлеканалаў, бо ёсьць і самотныя людзі, і старыя, і хворыя. Таксама што тычыцца спадарожнікавых антэн, то маё такое меркаваньне і пазыцыя, што ёсьць такі чыньнік, як свабода. І я маю права на незалежныя тэле і радыёканалы: незалежны «Белсат» і незалежнае «Радыё Свабода».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG