Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данскія казакі — «праваслаўны Талібан»


Казакі
Казакі

Некалькі дзён таму ў інтэрнэце зьявілася відэа, дзе можна пабачыць парадкі так званага «Войска Данскога», «казацкага апалчэньня», якое падтрымлівае прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. На відэа можна ўбачыць, што за дысцыплінарныя і іншыя парушэньні салдат караюць лупцоўкай. Спачатку «казак» атрымлівае пяць бізуноў, а за паўторнае парушэньне можна атрымаць і 25.

Такім чынам караюць як за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане, так і за крадзеж мабільнага тэлефона. Пасьля лупцоўкі «казак» павінен сказаць: «Дзякуй, бацька, за навуку». Адзін з камэнтатараў пад відэаролікам адзначае: «Тое, што ў цывілізаваным сьвеце ўспрымаецца як сапраўдная дзікунства, у гэтым войску бачаць як адзіны правільны мэтад выхаваньня байцоў». Хто такія гэтыя данскія «казакі» і адкуль яны ўзяліся на Луганшчыне? З такім пытаньнем журналістка Радыё Свабода Людміла Ваннэк зьвярнулася да мясцовага журналіста Андрэя Дзегцярэнкі.

— На ўсходзе Луганскай вобласьці (гэта станіца Луганская і іншыя гарады такога кампактнага пражываньня данскіх «казакоў») «казакі» былі заўсёды. Яны падпарадкоўваліся афіцыйнаму «Ўсевялікаму войску Данскому», якое на пачатку канфлікту ва Ўкраіне заявіла аб тым, што ня будзе афіцыйна прымаць у ім удзелу. Але на пачатку траўня ў Антрацыт, невялікае шахцёрскае мястэчка на поўдні Луганскай вобласьці, уварваліся некалькі камазаў з узброенымі людзьмі ў шапках-кубанках, якія называлі сябе «байцамі казачай нацыянальнай гвардыі». Старшынём або атаманам гэтай «нацыянальнай гвардыі» быў Мікола Казыцын. У свой час у пачатку 90-х гадоў ён стаў чацьвёртым атаманам «Усевялікага войска Данскога». Гэта чалавек, які заўсёды адстойваў тэзіс, што данскія «казакі» — гэта асобная нацыя, гэта ня рускія. І ў пачатку Першай чачэнскай вайны ў Расеі ён заключыў мірны дагавор з Джахарам Дудаевым пра тое, што «Войска Данское» праз сваю «ўласную тэрыторыю» ня будзе прапускаць ніякія ваенныя грузы ці войскі.

І Казыцына адхілілі ад улады. Пасьля гэтага Крэмль і Барыс Ельцын асабіста даў заданьне падпарадкаваць «казацтва», якое стала сур’ёзнай пагрозай для расейскай адзінай улады, тым больш, што гэта паўднёвыя рэгіёны Расеі разам з Паўночным Каўказам, дзе магла б утварыцца напаўсамастойная рэспубліка, і яны падпарадкавалі ўсіх «казацкіх атаманаў» цэнтральнай маскоўскай уладзе — на ўзор Польшчы, дзе гэта было зроблена за даўніх часоў — з рэестравымі атаманамі і рэестравым казацтвам. Але Мікалай Казыцын стаў такім апазыцыйным «казаком». Ён у свой час падтрымліваў камуністаў, што для «казакоў» не зьяўляецца нармальным. І потым ён падтрымліваў любую апазыцыю, пакуль прэзыдэнтам Расеі ня стаў Уладзімер Пуцін.

Увесь час прэзыдэнцтва Пуціна ён сядзеў вельмі сьмірна, пакуль не пачаўся гэты канфлікт ва Ўкраіне. І вось цяпер Казыцын у тыле ў «ЛНР». Пакуль «элэнэраўцы», сэпаратысты і «тэрарысты» ваявалі з Украінай, ён у іх у тыле «адціскаў» горад за горадам, населены пункт па населеным пунктам. І цяпер прыкладна 85 адсоткаў тэрыторыі так званай «ЛНР» на самай справе знаходзіцца пад «казакамі», і гэтая «казакія», дзе пануюць гэтыя дзіўныя звычаі, дзе людзей катуюць, нейкі праваслаўны «Талібан» яны спрабуюць прайграць.

— Што гэта за традыцыі такія?

— Адна з такіх традыцый — гэта тое, што мы цяпер бачым у многіх відэасюжэтах, калі гэтыя «казакі» б’юць адзін аднаго пугамі за некаторыя правіны. То бок, гэта лічыцца ў іх цалкам нармальным. Таксама мы ведаем, што ў «казацкіх» традыцыях, напрыклад, жанчына заўсёды была, як кажуць, «за мужам». Яна павінна паводзіць сябе вельмі ветліва, сядзець дома. І Аляксей Мазгавой, які, дарэчы, не зьяўляецца адным з гэтых «нацыянал-казакоў», на адным з гэтых так званых «народных судоў» у «ЛНР» таксама абмовіўся, што жанчына павінна сядзець дома і вышываць крыжыкам. На самой справе «казацтва» — гэта такая больш архаічная форма славянскага ўладкаваньня, чым мы ўсе здольныя перажыць у ХХ ці нават у ХХІ стагодзьдзі. То бок, гэта парадак састарэлы, такі «дамастроеўскі», як кажуць у Расеі, пачатку нават ХІХ стагодзьдзя, а не ХХ-га.

— Усіх цікавіць, што з гэтага можа выйсьці.

— Мы можам зрабіць такі прагноз, што Луганск, які цяпер застаўся практычна без тэрыторыі Луганскай вобласьці, якую прыпісваюць да «ЛНР», можа паваліцца проста таму, што перавага цяпер на баку гэтай «нацыянальнай гвардыі» Мікалая Казыцына. Ён ужо забраў большую частку Луганскай вобласьці, амаль 85 адсоткаў (ад тэрыторыі, захопленай антыўкраінскімі сіламі — рэд.).

І цяпер паміж «казакамі» і луганскімі сэпаратыстамі ёсьць пэўныя канфлікты. Яны зьвязаныя з тым, што «казакі» вінавацяць луганчан у тым, што ўсе гэтыя «гуманітарныя канвоі», якія ідуць з расейскай тэрыторыі, пакідаюць у Луганску, а ў іншыя гарады, дзе ўжо людзі выходзяць на плошчы, патрабуючы пэнсіі, нейкіх прадуктаў, не даходзяць, і людзі ўсё гэта не атрымліваюць праз Луганск. І я думаю, што гэта пытаньне часу, калі Луганск паваліцца. На жаль, ён паваліцца не ад украінскіх вайскоўцаў у бліжэйшым часе, а, можа, менавіта ад гэтых дзіўных архаічных расейскіх «нацыянал-казакоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG