Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнік Vseti.by: Я за тое, каб Беларусь была ў складзе Расеі


Аляксандар Мяцеліца
Аляксандар Мяцеліца

Аляксандар Мяцеліца, заснавальнік беларускай сацыяльнай сеткі Vseti.by, чакае, што ў Беларусь прыйдуць «ветлівыя людзі», а ў выпадку зьмены ўлады Беларусь павінна стаць часткаю Расеі.

Некалькі дзён таму Vseti.by абвясьціла, што спыняе існаваньне.

У верасьні карпаратыўны блог сеткі паведаміў, што зарэгістраваны паўтарамільённы акаўнт. Паводле дадзеных audience.by, у жніўні 2014 году сетка мела 62 755 карыстальнікаў.

Мяцеліца распавядае, што расчараваўся ў беларусах, якія хочуць мець усё і адразу, ды яшчэ і бясплатна, а замест уласнай сацыяльнай сеткі выбіраюць іншыя, не беларускія:

«На дзяржаўным узроўні гэта нікому не спатрэбілася, на патрыятычным таксама. Мы хацелі, каб людзі ўбачылі ў гэтым прэстыж краіны, бо Беларусь павінна мець сваю сацыяльную сетку, а не туляцца па фэйсбуках, кантактах і іншых аднаклясьніках. Свая сацыялка — гэта інфармацыйная бясьпека краіны».

Сам Мяцеліца не хавае сваіх прарасейскіх поглядаў, лічыць, што «ніякай Украіны няма», а ў Данбасе ідзе братазабойчая вайна, у якой ваюе «вялікая і адзіная Расея» сама з сабой.

Фотакаляж ВКонтакте

Фота і відэа антыўкраінскага зьместу Аляксандар Мяцеліца публікаваў нават у сваёй сацыяльнай сетцы Vseti.by. Як ён сам тлумачыць, гэтыя ролікі зьявіліся ў ягоным прыватным профілі. Што праўда, з гэтага ж профілю Аляксандар Мяцеліца як адміністратар і заснавальнік сайту меў права дасылаць паведамленьні на больш як мільён акаўнтаў або публікаваць інфармацыю пра дзейнасьць Vseti.by.

Сябе трыццацігадовы праграміст зь Віцебску называе «рускім і савецкім чалавекам, як і кожнага, хто яшчэ засьпеў СССР». Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг лічыць «калябарацыянісцкім» ды занадта падобным да польскага бела-чырвонага, што «робіць зь Беларусі калёнію Польшчы», а беларускую мову і ўвогуле лічыць праяваю нацыяналізму:

«Менск, Віцебск — тут заўсёды размаўлялі па-расейску. Вось у нас цяпер агрэсіўна ідзе рэкляма пра матчыну мову. Хлопцы, у мяне тры пакаленьні продкаў размаўлялі па-расейску, якая матчына мова? У мяне была цудоўная настаўніца, якая навучыла мяне казаць „смачна есьці“ замест „приятного аппетита“. Але ёсьць людзі, якія пачынаюць палітызаваць беларускую мову, намагаюцца ўбіць клін паміж Расеяй і Беларусьсю».

Паводле Аляксандра Мяцеліцы, паміж абедзьвюма суседнімі краінамі не павінна быць нават межаў, таму што Беларусь павінна стаць часткаю Расеі. Праграміст ня супраць таго, каб «ветлівыя людзі» зьявіліся ў нашай краіне — больш за тое, гэтыя дзеяньні Расеі ён падтрымае. Прынамсі ў тым выпадку, калі ў Беларусі «гвалтоўным чынам зьменяць уладу»:

«Я гарантую, што ёсьць вельмі вялікі адсотак людзей, якія выступяць за тое, каб тут была Расея. Таму што ім больш нічога і ня трэба», — кажа Аляксандар Мяцеліца.

Vseti.by спыніць сваё існаваньне ўжо 30 лістапада. Аляксандар Мяцеліца лічыць, што ўнікальная і адзіная ўласна беларуская сацыяльная сетка аказалася «нікому не патрэбная ні на дзяржаўным, ні на патрыятычным узроўні». З IT-сфэры Мяцеліца сыходзіць не зьбіраецца, але, як кажа, беларускі інтэрнэт больш разьвіваць ня хоча. Свае ідэі ён плянуе рэалізаваць на «больш урадлівай зямлі», сярод магчымых краінаў дзейнасьці называе Казахстан.

Vseti.by стварылі ў 2008 годзе як новую інтэрактыўную пляцоўку для наведвальнікаў віцебскага гарадзкога парталу Vitebsk.ws. Сайт пазыцыянаваў сябе як найбуйнейшы і найбольш пасьпяховы IT-праект у Беларусі, які меўся стаць лякальнай альтэрнатывай іншым сацыяльным сеткам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG