Кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку зрабілі апэрацыю на каленным суставе.
Пра гэта заявіла ягоная прэс-сакратарка Натальля Эйсмант.
Яна заявіла, што Лукашэнка атрымаў траўму падчас трэніроўкі па хакеі і апэрацыя была плянавай. «Але з-за шчыльнага графіку прэзыдэнта правесьці яе раней было немагчыма. Цяпер прэзыдэнт адчувае сябе здавальняюча. Ён знаходзіцца ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі. Для рэабілітацыі спатрэбіцца 3-4 дні. Свае абавязкі прэзыдэнт выконвае ў поўным аб’ёме», — заявіла прэс-сакратар.
Апэрацыю Лукашэнку, паводле Эйсмант, правялі ў лечкамісіі.
Апошні раз, як афіцыйна паведамлялася, Лукашэнка гуляў у хакей падчас візыту ў Эміраты. Разам з сынам Мікалаем ён правёў матч са зборнай вэтэранаў ААЭ.
Ці адбылася траўма падчас паездкі ў Эміраты, ці гэта было ў Беларусі, на гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды прэс-сакратарка адказаць не змагла.
Раней Лукашэнка прызнаўся, што яму выразалі паўкалена.
«Мяне часам падкрытыкоўваюць, маўляў, сам захапляецца хакеем і пляцовак гэтых набудаваў, я ўжо даўно казаў, што я захапляюся хакеем па няшчасьці. Я па прафэсіі футбаліст, я ўсё жыцьцё гуляў у футбол, але калі траўмаваўся і мне паўкалена выразалі, то ўжо скакаць на гэтым нават мяккім поле цяжка».
У 2013 годзе Аляксандар Лукашэнка зваліўся падчас катаньня на горных лыжах у Сочы. Гэта патрапіла ў сюжэт тэлеканалу СТБ, хаця беларускія афіцыйныя мэдыі пазьбягалі падобнай інфармацыі пра кіраўніка краіны.
У 2013 годзе атрымаў траўму на хакейным турніры ў Сочы сын кіраўніка Беларусі Дзьмітры Лукашэнка і вымушаны быў прапусьціць дзьве гульні групавога этапу.
У 2012 годзе Лукашэнка распавёў падрабязнасьці пра траўму прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Ён сказаў, што Пуцін пашкодзіў хрыбетнік падчас трэніроўкі па дзюдо. Паводле Лукашэнкі, ён прапанаваў Пуціну згуляць у хакей, аднак расейскі прэзыдэнт адклаў гульню. «Ён любіць дзюдо. Ён падняў супэрніка, кінуў яго і пашкодзіў хрыбетнік», — растлумачыў кіраўнік Беларусі.