Амбасадар Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка трапіў у аўтамабільную аварыю, у якой загінулі дзьве расейскія пэнсіянэркі. Паводле папярэдняй вэрсіі, вінаваты ў аварыі — кіроўца расейскіх «Жыгулёў», аднак сьведкі кажуць пра значнае перавышэньне хуткаснага рэжыму «Мэрсэдэсам», у якім ехаў беларускі дыплямат.
Аварыя здарылася раніцай 19 лістапада ў населеным пункце Якаўлева Ярцаўскага раёну Смаленскай вобласьці. Беларускі амбасадар на «Мэрсэдэсе» ехаў зь Менску ў Маскву. За рулём «Мэрсэдэса» быў кіроўца, грамадзянін Беларусі. У выніку сутыкненьня з аўтамабілем «Жыгулі» загінулі дзьве жанчыны-пэнсіянэркі, якія ехалі ў гэтым аўтамабілі. Кіроўца «Жыгулёў», таксама пэнсіянэр, цяпер у шпіталі. Амбасадар Ігар Петрышэнка, які сядзеў на заднім сядзеньні і быў прышпілены рэменем бясьпекі, не пацярпеў. Не пацярпеў і ягоны кіроўца. Ігар Петрышэнка ўжо выказаў спачуваньне сваякам загінулых у аварыі.
Смаленскія мэдыі напісалі пра парушэньне «Мэрсэдэсам» хуткаснага рэжыму — нібыта ён ехаў з хуткасьцю 200–220 кілямэтраў на гадзіну, і пры такой хуткасьці расейскі кіроўца проста ня мог дакладна вызначыць адлегласьць да «Мэрсэдэса». Пра вялікую хуткасьць «Мэрсэдэса» сьведчыць, у прыватнасьці, тое, што «Жыгулі» ўдарам разарвала на дзьве часткі.
Пра парушэньне хуткаснага рэжыму першым паведаміла смаленскае выданьне «Сігма-плюс» са спасылкай на зьвесткі зь Дзяржаўнай інспэкцыі бясьпекі дарожнага руху Смаленскай вобласьці. Аднак пазьней паведамленьне пра хуткасьць было з сайту выдаленае. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, які на брыфінгу ў МЗС паведаміў некаторыя падрабязнасьці здарэньня, гэтак пракамэнтаваў зьвесткі пра парушэньне хуткаснага рэжыму аўтамабілем беларускага дыплямата:
«Па-першае, я ня бачыў такой інфармацыі, хоць прагледзеў шмат паведамленьняў на гэты конт. Па другое, усе высновы ў дадзеным выпадку будзе рабіць сьледзтва».
Паводле смаленскай паліцыі, папярэдняя вэрсія прычыны аварыі — парушэньне правілаў дарожнага руху з боку кіроўцы «Жыгулёў», які пры павароце налева не прапусьціў «Мэрсэдэс».
Зьвесткі пра паводзіны беларускага амбасадара пасьля аварыі таксама ў розных крыніцах разыходзяцца. Як паведаміў РИА Новости супрацоўнік ДАІ Смаленскай вобласьці, Ігар Петрышэнка адразу пасьля аварыі зьехаў, «бо сьпяшаўся на працу». Тады ж нібыта з «Мэрсэдэса» былі зьнятыя нумары. Аднак у пазьнейшым паведамленьні ТАСС сьцьвярджаецца, што Петрышэнка заставаўся на месцы аўтакатастрофы «дастаткова працяглы час аж да завяршэньня ўсіх неабходных працэдур».
А вось што сказаў пра гэты момант карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар амбасады Беларусі ў Расеі Аляксандар Гардзейчык:
«Пасол застаўся на месцы здарэньня да заканчэньня ўсіх працэдур, потым, натуральна, адправіўся ў Маскву. Застаўся кіроўца, які ў адпаведным парадку даў усе патрэбныя паказаньні. Ніхто зь месца здарэньня ня зьехаў, нічога не адмаўляў».
Паводле Аляксандра Гардзейчыка, сёньня амбасадар Ігар Петрышэнка ў Ашгабадзе, ягоны кіроўца — на сваім працоўным месцы ў Маскве.
Беларускія дыпляматы не ўпершыню трапляюць у аўтамабільныя аварыі, хоць гэтая — першая са сьмяротным вынікам. У 2011 годзе ў Вільні, непадалёк ад беларускай амбасады, яе супрацоўнік учыніў аварыю, у якой пацярпелі 4 аўтамабілі. Дыплямат адмовіўся выходзіць з аўтамабіля для правядзеньня экспэртызы. Літоўскія мэдыі меркавалі, што беларус быў нецьвярозы, хоць сам ён тлумачыў сваю няўважлівасьць стомаю.
У 2010 годзе ў Славаччыне ўсяго празь некалькі тыдняў пасьля прызначэньня кіраўніком місіі трапіў у аварыю пасол Беларусі ў Славаччыне Ўладзімер Серпікаў. Аўтамабілем кіраваў сам дыплямат. Мясцовыя журналісты меркавалі, што кіроўца быў нецьвярозы, але спраўдзіць гэта не ўдалося, бо амбасадар адмовіўся ад экспэртызы, спаслаўшыся на дыпляматычную недатыкальнасьць. Паведамлялася, што аўтамабіль амбасадара аднаўленьню не падлягае.