Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Жук: Каб спыніць расісцкія выхадкі, з заўзятарамі павінен працаваць клюб


Агенцтва «Франс Прэс» распаўсюдзіла інфармацыю, што наступны матч Лігі чэмпіёнаў 25 лістапада паміж камандамі БАТЭ і «Порту» адбудзецца пры пустых трыбунах «Барысаў Арэны».

Агенцтва «Франс Прэс» распаўсюдзіла інфармацыю, што наступны матч Лігі чэмпіёнаў 25 лістапада паміж камандамі БАТЭ і «Порту» адбудзецца пры пустых трыбунах «Барысаў Арэны». Такім чынам УЭФА адрэагавала на расісцкія выкрыкі барысаўскіх заўзятараў на адрас форварда данецкага «Шахтара», чарнаскурага Луіса Адрыяна — 21 кастрычніка бразылец забіў у вароты супернікаў пяць зь сямі галоў. Тым часам у БАТЭ сьцьвярджаюць, што санкцыі УЭФА не такія жорсткія і тычацца толькі фанацкага сэктару, доступ на які сапраўды будзе забаронены. У любым выпадку гэта першы выпадак у гісторыі беларускага футболу, калі ўжываюцца санкцыі за абразу па нацыянальнай прыкмеце і колеру скуры.

У штаб-кватэры УЭФА пацьвердзілі, што ня маюць намеру пазбаўляць права на прагляд матчу БАТЭ — «Порту» ўсіх патэнцыйных наведнікаў «Барысаў Арэны», абмежаваўшыся пакараньнем сэктару D1, адкуль і гучалі расісцкія воклічы. У камітэце па дысцыплінарных і этычных пытаньнях таксама ўдакладнілі, што абмежаваньне будзе тычыцца толькі адной сустрэчы — зрэшты, пры цяперашніх выніках няшмат падставаў спадзявацца, што ў гэтым сэзоне БАТЭ працягне выступы ў далейшых стадыях Лігі чэмпіёнаў.

Нагадаем, што ў самым канцы матчу групавога раўнду паміж БАТЭ і «Шахтарам» 21 кастрычніка судзьдзя на некалькі хвілін спыніў гульню. Падставай сталі абразы з боку фанатаў на адрас Луіса Адрыяна, які падбег да краю поля, каб адсьвяткаваць свой чарговы гол. Што здарылася пасьля — футбаліст расказаў сайту «Шахтара».

— Што крычалі заўзятары?

— Гэта былі непрыгожыя выкрыкі, расісцкія...

— На ваш адрас?

— Так. Я проста перадаў у камэру пацалунак сваёй жонцы і дачцэ. Але заўзятары павялі сябе недапушчальна, таму я расстроены і абураны. Гэта іх не ўпрыгожвае.

Праз два тыдні, перад матчам у адказ у Львове, Адрыяна падкрэсьліў, што паводзіны асобных заўзятараў у Барысаве не сапсавалі агульнага ўражаньня ад Беларусі:

— Не магу сказаць, што ў мяне склалася дрэннае ўражаньне пра краіну, пра горад. Сустракаюцца розныя людзі,у тым ліку і недалёкія. Тое, як яны сябе паводзяць, — непрымальна, але з такімі сытуацыямі футбаліст можа сутыкнуцца дзе заўгодна.

— Сустракаліся з такім нэгатывам ва Ўкраіне ці ў іншых краінах?

— Так, бывала — пару-тройку разоў за ўсё маё жыцьцё. Лічу, што паводзіць сябе так няправільна. Такое не павінна паўтарацца...

Такім чынам, упершыню ў беларускім футболе цэлы стадыён пакараны за праявы расізму, і віна — на фанатах БАТЭ. Судзьдзя міжнароднай катэгорыі, старшыня вучэбна-мэтадычнай камісіі судзейскага камітэту Беларускай фэдэрацыі футболу Вадзім Жук лічыць захады УЭФА цалкам абгрунтаванымі:

— Першае, што трэба памятаць: УЭФА вядзе вялікую барацьбу супраць расізму. Можна бачыць, як перад кожнай гульнёй вывешваюцца адмысловыя эмблемы супраць расізму, выносяць на поле плякаты і г. д. Да ўсялякіх праяваў расізму ставяцца вельмі непрымірыма, гэтым шляхам ідзе і УЭФА, і ФІФА. Так, меры досыць жорсткія, але, напэўна, справядлівыя. Тым больш для першага разу. Калі такое здарыцца ўжо другі раз, то захады адназначна будуць нашмат стражэйшыя. Тое самае, як мы памятаем, у адносінах да маскоўскага ЦСКА прымалася, там увогуле пры пустых трыбунах гулялі. Але з улікам таго, што ў Барысаве гэта здарылася ўпершыню, яны абмежаваліся толькі адным сэктарам, дзе сядзяць фанаты. Калі ж раптам такое паўторыцца, то адной трыбунай яўна не абыдзецца. Таму я лічу, што калі такая палітыка ідзе і з боку Блатэра, і з боку Плаціні, то будуць прымацца самыя рашучыя меры. І ў дадзеным выпадку яны апраўданыя.

Інцыдэнт наўрад ці меў шанцы застацца незаўважаным. Асабліва калі ўлічыць, што матчы Лігі чэмпіёнаў праходзяць акурат пад лёзунгам «Не — расізму!». Не ўратавала ад наступстваў і афіцыйнае выбачэньне перад «Шахтарам» і асабіста Адрыяна, агучанае калектывам БАТЭ:

«Для нас тое, што адбылося, стала непрыемным сюрпрызам, за які сорамна перад нашымі сябрамі з Данецку. Мы не падзяляем пазыцыі асобных нашых „заўзятараў“. Наадварот, наш клюб лічыць любыя праявы расізму недапушчальнымі і заклікае гледачоў паважаць усіх удзельнікаў спаборніцтваў».

Тут жа была прыпіска: дадзеная заява робіцца не таму, што БАТЭ пагражаюць санкцыі з боку УЭФА, а таму, што ў камандзе шчыра лічаць падобныя паводзіны «дзікасьцю і ідыятызмам». Але днямі пагрозы ўсё ж увасобіліся ў рэальнасьць.

Ці стане рашэньне УЭФА урокам для БАТЭ і ягоных прыхільнікаў? Вядомы ў мінулым судзьдзя Вадзім Жук у гэтым не сумняецца:

— Я думаю, што так. Усё ж заўзятары, фанаты не павінны быць самі па сабе, зь імі трэба працаваць. Таму што калі ня будзеш працаваць, то найперш моладзь можа паддацца розным уплывам, і невядома чаго ўрэшце можна чакаць. Усё ж калі гуляе каманда, адказныя людзі з клюбу павінны працаваць з заўзятарамі, каб расісцкія выхадкі, выкрыкі спыніць на корані. Такога быць не павінна ні ў якім разе.

Пакараньні пустымі часткова ці цалкам трыбунамі за праявы расізму нярэдкія для эўрапейскага футболу. Аматары футболу ў Беларусі на гэтым тле раней звычайна дэманстравалі талерантнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG