Альбом прывезьлі ў Магілёў паэт Андрэй Хадановіч ды журналісты Радыё Свабода Аляксей Знаткевіч і Франак Вячорка. Гаворачы пра новае выданьне сэрыі «Бібліятэка Свабоды. 21 стагодзьдзе» Аляксей Знаткевіч адзначыў, што складана было выбраць з амаль дзьвюх тысяч малюнкаў два дзясяткі для альбому. Сюжэты тых, якія трапілі ў альбом застаюцца актуальнымі для беларускай рэчаіснасьці. Аляксей лічыць, што выданьне атрымалася ўдалым:
«Палітычная сатыра тым і цікавая, тым і важная, што мастак рэагуе адразу. Падзея адбыла з раніцы, а ў дзень ужо ёсьць малюнак. То бок мастак адразу пераасэнсоўвае яе па-свойму. Падае яе сатырычны, іранічны погляд на тое, што адбылося».
Нарадзіліся невясёлыя карцінкі ў выніку супрацоўніцтва таямнічых творчых асобаў. Мастака ДэЛёза і паэта ДаСьлёза. Самі творцы на прэзэнтацыю ў Магілёў не прыехалі. Паводле іхнага блізкага знаёмца Андрэя Хадановіча іх затрымалі важныя творчыя справы.
Пра творчасьць ДэЛёза і ДаСьлёза, апавядаў магілёўцам сам Андрэй Хадановіч:
"ДэЛёс мастак, які ўжо некалькі год, дзень у дзень, малюе для Радыё Свабода, рэагуючы на вострыя, актуальныя падзеі ў Беларусі. ДаСьлёз далучыўся да гэтай сур’ёзнай гульні адносна нядаўна. Ён натхніўся самымі актуальнымі маляванымі карыкатурамі і стварыў свае вершаваныя карыкатуры. Ён ня гнаўся за эстэтычнымі вышынямі. Ён стварыў дваццаць надзённых палітычных тэкстаў",— казаў на прэзэнтацыі Андрэй Хадановіч.
Франак Вячорка апавёў магілёўцам пра выданьні сэрыі «Бібліятэка Свабоды. 21 стагодзьдзе», а таксама пра іншыя свабодаўскія цікавосткі — майкі з рознымі лягатымі, выдадзенымі па праекце «Свабода Арт». У яго ў альбоме ёсьць упадабаныя малюнкі:
«Мне падабаецца малюнак, які я пабачыў, калі прыйшоў з войска. На ім паказаны падпалкоўнік зь вялізнымі нажніцамі і шарэнга салдат. Адзін зь іх замест зялёнай формы ўбраны ў бел-чырвона-белую. І падпалкоўнік яго нібыта падразае як кусты па галаве. Я зразумеў, што карцінку намалявалі, калі я служыў у войску і не хацеў быць, як іншыя прызыўнікі».
На вечарыну прыйшло больш за два дзясяткі чалавек. Амаль усе яны малявалі на просьбу менскіх гасьцей сваё бачаньне Беларускага раю.
Пераможца конкурсу Артур лічыць, што альбом «Невясёлыя карцінкі» — гэта канцэнтрацыя беларускага трэшу і гэтым ён яму падабаецца. Ён жа за аснову свайго Беларускага раю ўзяў будынак Нацыянальнай Бібліятэкі:
«Бібліятэка — гэта ўвасабленьне ўсяго таго, што мы бачым і чуем па тэлебачаньні. Заўжды пра гэты будынак кажуць, што ён нібыта самы велічны ў нашай краіне. Але ўсе ведаюць, што гэта ня так. У ім усе беларускія стэрэатыпы, якія ўбіваюць нам у галовы».
Яшчэ адной пераможцы Натальлі спадабаўся малюнак, дзе мастак нічога не намаляваў, бо пабаяўся. Для Натальлі Беларускі рай падаўся з канямі і людзьмі:
«Захацелася намаляваць нешта такое экалягічнае. Хочацца, каб краіна наша была экалягічнапрыдатнай для жыцьця. У нас дужа забруджанае навакольле. Хочацца, каб наша зямля была чыстае і ад бруду і ад брудных людзей».
Пераможцаў, ах іх было пяцёра, уганаравалі прызамі ад Радыё Свабода. Усе ўдзельнікі прэзэнтацыі займелі на памяць альбом «Невясёлых карцінак».
Пры канцы Андрэй Хадановіч прэзэнтуе свой творчы даробак — кружэлку «Муры» зь перакладамі песень польскага барда часоў Салідарнасьці Яцка Качмарскага. Паводле беларускага паэта песьні Качмарскага чакалі многія палякі і сьпявалі іх разам зь ім:
«Гэта фантастычная, глыбокая паэзія зь цікава знойдзеным пасылам, каб пашырыць гэтае кола паэзіі на многіх і многіх слухачоў. Качмарскі знайшоў такую форму, што сотні тысяч слухачоў чакалі ягоных песень у 1970-80 гадах. Гэта высокая інтэлектуальная паэзія. Інтэлектуалізм і энэргетыка — іх я хацеў захаваць. Ёсьць у творчасьці Карчмарскага і паралелі з Беларусьсю. Гэта такія магутныя змагарскія песьні часоў салідарнасьці. У творчасьці сваёй ён завастраў увагу на актуальнасьці нейкая болевай кропкі свайго часу— «Тут і цяпер».
Магілёўская прэзэнтацыя «Невясёлых карцінак» стала трэцяй. Да яе альбом прадставілі грамадзкасьці ў Менску і Горадні.