Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал з вылучэньнем адзінага: ня могуць падзяліць подпісы пад дакумэнтам


Пяць партыяў падпісалі пагадненьне пра «адзінага», якое нічога ня значыць

БНФ, БХД, БСДП (Грамада), рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду» экстранна склікалі прэс-канфэрэнцыю. На ёй абвясьцілі, што падпісаны дакумэнт аб працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Беларусі на прэзыдэнцкія выбары 2015 году.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што сёньня «адбыўся выхад на новы ўзровень перамоваў пра адзінага кандыдата, зроблены вялікі крок наперад».

Аднак пад дакумэнтам няма подпісаў прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і партыі «Справядлівы сьвет», безь якіх дакумэнт ня дзейны, бо павінен прымацца кансэнсусам мінус адзін голас. Такім чынам, дадзеная працэдура вылучэньня адзінага кандыдата можа «запрацаваць» толькі ў тым выпадку, калі да яе далучыцца альбо Сяргей Калякін, альбо Анатоль Лябедзька.

«Не магу зразумець, навошта спатрэбілася такая сьпешка. У нас сама меней ужо разоў 10 былі сытуацыі, калі пяць структураў зь сямі галасавалі „за“. Кансэнсус у такіх выпадках адсутнічаў, і ніякіх рашэньняў не прымалася», — заявіў Радыё Свабода лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Паводле аднаго зь лідэраў БХД Паўла Севярынца, лідэры партыяў парушылі ранейшыя дамоўленасьці:

Шаноўнае спадарства, абвясьціўшы пра падпісаньне, крыху пасьпяшалася, як мінімум, паступіла некарэктна

«Сёньня быў падпісаны праект працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыйных сілаў. Паводле нашых дамоўленасьцяў да 1 сьнежня мы чакаем рашэньня АГП і „Справядлівага сьвету“. Мы дамовіліся, што датуль мы не публікуем і не прыступаем да рэалізацыі працэдуры. Так што шаноўнае спадарства, абвясьціўшы пра падпісаньне, крыху пасьпяшалася, як мінімум, паступіла некарэктна», — заявіў Севярынец.

Паводле ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі, Сяргей Калякін прысутнічаў на сёньняшнім паседжаньні. Ён сказаў, што каб падпісаць дакумэнт аб працэдуры, яму патрэбна згода партыйнага кіраўніцтва. Гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца ў партыі 30 лістапада.

А Аляксей Янукевіч сказаў, што калі Калякін і Лябедзька не падпішуць дакумэнт аб працэдуры, то «мы будзем абмяркоўваць далейшыя сцэнары з тымі, хто паставіў подпісы».

На прэсавай канфэрэнцыі не агучылі таксама і імя магчымага кандыдата. Аднак было абазначана, што кангрэс дэмакратычных сіл можна правесьці ў сакавіку 2015 году ў выпадку, калі прадстаўнікі АГП ці «Справядлівага сьвету» хутка падпішуць гэты дакумэнт — альбо, калі гэтая працэдура зацягнецца, то ў канцы вясны 2015 году.

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сказаў, што, паводле папярэдніх разьлікаў, у кангрэсе будуць удзельнічаць прыкладна 1000 дэлегатаў. Прычым толькі 10 працэнтаў будуць абраныя туды паводле пэўнай квоты, уключна з 50 VIP-пэрсонамі. Усе астатнія дэлегаты на кангрэс будуць абірацца праз розныя спосабы вылучэньня.

Між тым Лідзія Ярмошына ўжо назвала магчымую дату прэзыдэнцкіх выбараў — 15 лістапада 2015 году. Такім чынам, выглядае, што кандыдатура адзінага зьявіцца ў дэмакратычных сілаў літаральна за паўгода да дня выбараў.

XS
SM
MD
LG