Нядаўна ў Вільні, у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, прайшла прэзэнтацыя анталёгіі «Голас волі з-за кратаў», куды ўвайшлі творы беларускіх палітзьняволеных. Чаму гэтую кнігу не ўдалося прэзэнтаваць у Беларусі? У чым каштоўнасьць надрукаваных у ёй твораў? Як у лік аўтараў анталёгіі трапіў народны паэт Рыгор Барадулін? Госьцем перадачы — укладальнік кнігі Аляксандар Фядута.
— Аляксандар, як прайшло прадстаўленьне кнігі ў ЭГУ?
— Добра прайшло. Арганізатарам прэзэнтацыі выступіла студэнцкае самакіраваньне ўнівэрсытэту. Былі студэнты, дыпляматы, нават два амбасадары, былі выкладчыкі ўнівэрсытэту, журналісты, аўтары — Уладзімер Някляеў, Павал Шарамет, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Кіркевіч і маці Ігара Аліневіча Валянціна Міхайлаўна. Мы запрашалі таксама Зьміцера Дразда і Натальлю Радзіну, але, на жаль, яны не змаглі прыехаць. Вядома, хацелася бачыць усіх аўтараў, якія цяпер знаходзяцца на волі, але трэба зразумець, што грошай на прэзэнтацыю ніхто не даваў. Праезд, знаходжаньне ў Вільні аплачвалася тым самым студэнцкім самакіраваньнем ЭГУ. Фактычна, гэта былі грошы, сабраныя студэнтамі. Таму колькасьць аўтараў была абмежаваная. Я спадзяюся, што неўзабаве мы зладзім прэзэнтацыю анталёгіі ў Польшчы і запросім іншых аўтараў.
— А чаму ня зладзіце ў Беларусі?
— Кніга вельмі аб’ёмная — амаль тысяча старонак. Тры кнігі займаюць паўвалізкі, пяць кніжак — цэлая валізка.
— Непрыкметна не правязеш, на мытні пацікавяцца.
— Абавязкова пацікавяцца. Таму мы ня ведаем, як незаўважна прывезьці наклад кнігі ў Менск. Мы прасілі аб дапамозе студэнтаў. З сарака асобнікаў у Менск даехалі васямнаццаць... Нават ня ўсе аўтары маюць гэтую кнігу. Скажам, Паўла Шарамета я ў Вільню завабіў тым, што паабяцаў яму два асобнікі. І ён адмыслова прыляцеў з Кіева, выступіў, узяў нават тры асобнікі і паляцеў назад, задаволены.
— У вашай анталёгіі 18 аўтараў: Ігар Аліневіч, Алесь Бяляцкі, Арцём Грыбкоў, Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Дрозд, Алесь Кіркевіч, Васіль Лявонаў, Уладзімер Някляеў, Андрэй Пачобут, Натальля Радзіна, Яўген Сакрэт, Павал Севярынец, Марыя Трафімава, Аляксандар Францкевіч, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп, Павал Шарамет, Уладзь Яроменак. Калі ня браць пад увагу трох-чатырох вядомых пісьменьнікаў, каму зь пералічаных вы, як літаратуразнавец са стажам, далі б рэкамэндацыю ў незалежны Саюз пісьменьнікаў?
— Я даў бы рэкамэндацыю ўсім. Для кагосьці «Голас волі з-за кратаў» — першая публікацыя. Напрыклад, таго ж Зьмітра Дразда ведалі як гісторыка, архівіста, а ён яшчэ і паэт. Ці Яўген Сакрэт, пра якога амаль нічога невядома шырокай аўдыторыі. Адседзеў чалавек свой тэрмін, вызваліўся, і на яго забыліся, а ён неблагія вершы піша. Цікавы чалавек — Марыя Трафімава. Яна першай адгукнулася, калі я папрасіў даслаць творы для анталёгіі. Пасьля Плошчы Марыя, на той час студэнтка, апынулася «на сутках». Выйшаўшы на свабоду, ні на што не прэтэндавала — у тым ліку на статус палітзьняволенай. А вершы яе кранаюць, бо — шчырыя. Менавіта шчырасьць робіць тэксты анталёгіі ня толькі гістарычным, але і літаратурным помнікам. Гэта эга-тэксты — тэксты пра сябе.
— У вашу анталёгію трапілі ня ўсе палітзьняволеныя. Чаму?
— Калі б сабраць усё напісанае за кратамі цягам апошняга дваццацігодзьдзя, то атрымаліся б тры такія анталёгіі! Прызнаюся, сёй-той не прыняў маю прапанову. З розных прычынаў. Былі аўтары, якія ў той момант рыхтавалі свае ўласныя кнігі. Быў аўтар, які сказаў: «Заплаціце мне грошы». Былі аўтары, якія проста не пажадалі размаўляць на гэтую тэму, бо ў беларускай апазыцыі складаныя адносіны міжсобку.
— Выстаўлялася ўмова — калі ў вашай анталёгіі будзе N., то я — не?
— Не, было іншае: «я не размаўляю зь Фядутам, што б ён ні рабіў, нават калі нешта слушнае». Зразумела, што некаторыя тэксты дадзеныя ў скароце. Скажам, Васіль Лявонаў напісаў цэлую кнігу ўспамінаў «Работа над памылкамі». Для анталёгіі я выбраў тую частку, якая прысьвечаная ягонаму знаходжаньню ў турме. З кнігі Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай «Выпадковы прэзыдэнт» узяты турэмны дзёньнік Паўла. Дарэчы, там шырока цытуюцца дзёньнікавыя запісы Зьмітра Завадзкага, фактычна, Шарамет выступае ў якасьці іх публікатара.
— Своеасаблівым corona astralis — зорным вянком — вашай анталёгіі стаў верш сьвятой памяці Рыгора Барадуліна «Голас волі», якога я раней нідзе ў друку не сустракаў. Гэта што — эксклюзыў ад народнага паэта?
— Так, Рыгор Барадулін адмыслова для нашай анталёгіі напісаў верш-прадмову. Гэта адзін з апошніх вершаў Барадуліна. Мне ад пачатку хацелася, каб Рыгор Іванавіч напісаў уступнае слова як бы ад Беларусі (яшчэ адну прадмову напісаў сябра Эўрапарлямэнту, старшыня Фонду імя Конрада Адэнаўэра доктар Ганс-Герт Пётэрынг). Аднак ведаючы, што Барадулін хварэе, я зьвярнуўся да Генадзя Бураўкіна. Генадзь Мікалаевіч выслухаў мяне, прачытаў тэксты і — адмовіўся. Сказаў, што аўтарам прадмовы павінен быць паэт № 1 — Рыгор Барадулін. Я патэлефанаваў Глебу Лабадзенку, ён пазнаёміў Барадуліна са зьместам анталёгіі. Рыгор Іванавіч, узрушаны тэмай, узяў аркуш паперы і літаральна на вачах у Глеба, без чарнавікоў, напісаў гэты верш:
Голас волі з-за кратаў,
Ён зрынае са стодаў
Крывасмокаў, вар’ятаў,
Трыстуноў млосных одаў.
Вея лютасьці вые.
Падрасьлі маладыя.
Не прымаюць іх шыі
Хамуты залатыя.
Рух ня спыняць ніколі
Ані здрадай, ні хлусьсю.
Сьцяг Пагоню на волю
Ўзносіць над Беларусьсю.
Нашы дні, як навэлы,
Значаць крылы палёту.
Беларус — значыць сьмелы,
Непадлеглы прыгнёту.
Дух змаганьняў ня кволы
— Ні паразаў, ні стратаў.
Весьніць высі і долы
Голас волі з-за кратаў!
— Пад вашай апекай выдавецтва «Лімарыюс» ажыцьцяўляе адразу тры значныя праекты — выпуск біяграфічнага альманаху «Асоба і час» (выйшла пяць тамоў), сэрыі «Беларуская мэмуарная бібліятэка» (каля дзясятка кніг) і сэрыі «Галасы Айчыны» (двухтомавік Ларысы Геніюш, аднатомавікі Алеся Салаўя, Янкі Юхнаўца, Уладзімера Дудзіцкага, Лявона Савёнка). Чаго больш — маральнага задавальненьня ці галаўнога болю — прыносяць вам гэтыя доўгатрывалыя праекты?
— Калісьці Аляксандар Пушкін заўважыў, што галоўнае зь людзкіх задавальненьняў заканчваецца болем, маючы на ўвазе каханьне. І ў культурніцкіх праектах задавальненьне і галаўны боль — гэта цалкам зьвязаныя рэчы. Ёсьць, напрыклад, кнігі, якія чамусьці немагчыма падрыхтаваць цягам доўгіх гадоў. Такім «даўгабудам» для «Лімарыюса» стаў двухтомавік Уладзімера Дубоўкі, які, спадзяюся, у пачатку будучага году ўрэшце зьявіцца. А бываюць кнігі даўно падрыхтаваныя, а грошы на іх ніхто не дае. Так, напрыклад, сталася з успамінамі Зыгмунта Мінейкі — удзельніка Паўстаньня 1863 году. Кніга перакладзеная на беларускую мову, адкамэнтаваная, шукаем грошы, а іх — няма. Усе культурніцкія праекты згорнутыя, паколькі галоўнае цяпер — барацьба зь ідэалягічным уплывам адной усім нам добра вядомай краіны.
— На нядаўняй сустрэчы зь пісьменьнікамі Аляксандар Лукашэнка ізноў, як і шаснаццаць гадоў таму, абазваў іх лайдакамі, што ніяк не напішуць новую «Вайну і мір». А на ваш погляд, творы-шэдэўры ў апошні час у Беларусі зьяўляюцца?
— Вядома ж, зьяўляюцца. Назаву толькі некалькі. Гэта раман «Літоўскі воўк» Алеся Наварыча. Гэта раман «Бунт незапатрабаванага праху» Віктара Казько. Гэта тэксты Андрэя Федарэнкі. Я ўжо не кажу пра росквіт новай беларускай паэзіі. Я неяк думаў паўтарыць цыкль рэцэнзій, прадоўжыць свой «Паэтычны аглядальнік» (кніга А. Фядуты — рэд.) — у мяне не атрымліваецца, гэта цалкам іншая паэзія. Як я магу адрэцэнзаваць вершы Антона Францішка Брыля? Я разумею, што яны выдатныя, але ў мяне словаў не хапае, каб пра іх напісаць! Аляксандар Рыгоравіч кажа, што няма «Вайны і міру»? Прабачце, як гэта няма? Калі браць беларускую клясыку, дык «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча — гэта і ёсьць наша «Вайна і мір». Разумееце, «Вайна і мір» Талстога — гэта не раман, дзе адбываецца бойка паміж дзьвюма арміямі, гэта раман, дзе жывуць людзі падчас змаганьня. Гэта сямейная проза. І «Каласы...» Караткевіча — таксама сямейная проза. Я нядаўна перачытаў іх і нават заганарыўся, што магу чытаць такія шэдэўры на мове арыгіналу.
— Нядаўняе пяцідзесяцігодзьдзе вы сустрэлі з новай кнігай «Мой маленькі Парыж», пранізанай паэзіяй гарадзенскага маленства і юнацтва. І ў турме КДБ вам паэзія пісалася. А ці пішацца на свабодзе?
— Не, бо верш для мяне — гэта заўжды дыялёг, размова з кім-небудзь. Калі я пісаў вершы, то знаходзіўся ў адзіночнай камэры, і размаўляць мне не было з кім, апроч тых, каго я ў той момант уяўляў. Там былі розныя людзі — мая мама, мая жонка Марына, там быў Уладзімер Някляеў (адзін зь вершаў я напісаў пасьля вочнай стаўкі зь ім), там была ўжо памерлая ў той час Сьвятлана Навумава... Верш у маім разуменьні дыялягічны. А на свабодзе я пасьпяваю паразмаўляць з адным, з другім, з трэцім. На жаль, нічога недагаворанага для вершаў не застаецца.