9 лістапада 2014 году спаўняецца 25 гадоў з дня падзеньня Бэрлінскага муру. Бар’ер паміж усходнімі і заходнімі сэктарамі гэтага нямецкага гораду пачалі будаваць у 1961 годзе. 13 жніўня 1961 Усходняя Нямеччына разьмясьціла войска каля Брандэнбурскай брамы і пачала блякаду часткі Бэрліну, кантраляванай заходнімі саюзьнікамі. Мур, які расьцягнуўся на 155 кілямэтраў вакол Заходняга Бэрліну, азначаў амаль пэўную сьмерць для тых, хто хацеў зьбегчы цераз яго з усходняй часткі гораду. Дваццаць восем гадоў пасьля яго ўзьвядзеньня, у муры нечакана зьявіліся пераходы, празь якія шуганулі натоўпы грамадзянаў Усходняй Нямеччыны. Падзеньне муру паклала пачатак канцу камуністычных рэжымаў у Сярэдняй Эўропе і ў Савецкім Саюзе.