Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пазьняк, Пазьняк... Лепш мяне, Новікава, паслухайце!»


Яўген Новікаў на мітынгу БНФ, жнівкень 1991 года.
Яўген Новікаў на мітынгу БНФ, жнівкень 1991 года.

У гэтыя дні пытаюцца, што я магу сказаць пра колішняга калегу па Вярхоўным Савеце Яўгена Новікава, чыя праграма сваёй адыёзнасьцю не задаволіла нават кіраўніцтва БТ.

Так атрымалася (зусім выпадкова), што апошнім дэпутатам, які выступаў на апошняй сэсіі Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, быў аўтар гэтых радкоў. У верасьні 95-га Лукашэнка імкнуўся пакінуць краіну без заканадаўчай улады, і я заклікаў сьпікера Мечыслава Грыба не спыняць пасяджэньне (ён усё ж спыніў, і больш гэты парлямэнт ужо не сабраўся).

А вось пачалася дзейнасьць ВС-12 ў траўні 1990-га з таго, што не пасьпеў старшыня ЦВК сказаць уступнае слова, як на трыбуну выбег дэпутат Яўген Новікаў і заявіў, што яму, сябру КПСС, сорамна за аднапартыйцаў-камуністаў, якія ўчора тут, у Авальнай залі, ня пусьцілі на пасяджэньне партыйнай групы дэпутатаў-некамуністаў.

Для фронтаўцаў той выступ быў нечаканым: бо менавіта ён, Новікаў, лекар 4-га шпіталю, ішоў на выбарах па Лермантаўскай акрузе Менску як «незалежны кандыдат» (гэта значыць — ні з камуністамі, ні з БНФ) — супраць намесьніка старшыні Сойму БНФ прафэсара Міхася Ткачова. Тым самым не прапусьціўшы Ткачова ў Вярхоўны Савет.

Праўда, той эпізод з выбарамі хутка забыўся. «Чыстых» фронтаўцаў у парлямэнт прайшло няшмат, але да Апазыцыі БНФ далучаліся некаторыя з тых, хто на выбарах пад узьдзеяньнем камуністычнай прапаганды ставіўся да нас крытычна (як, напрыклад, Галіна Сямдзянава).

У той час здавалася, што Беларусь пойдзе па дэмакратычным шляху, і Народны Фронт урэшце прыйдзе да ўлады, як гэта адбывалася ў рэспубліках Балтыі. І ўсімі сіламім Новікаў імкнуўся давесьці, што ён — «свой».

"Евгений Новиков, оппозиция Белорусского Народного Фронта",— часта так пачынаў ён выступы.

"Евгений Новиков, оппозиция Белорусского Народного Фронта",— часта так пачынаў ён выступы. Хаця арганізацыйна да БНФ не належаў (ня быў ні сябрам Сойму, ні сябрам якой-небудзь суполкі БНФ), Новікаў у 1990–1991 гадах падпісваў практычна ўсе нашыя заявы.

Я перагледзеў здымкі падзеяў 1991 года — на большасьці Новікаў на першым пляне. Вось ён на трыбуне помніка Леніна ў першы дзень шматтысячнага страйку — гутарыць з рабочымі. А тут на плошчы перад Домам ураду ў дні жнівеньскага путчу — з мэгафонам, побач з Пазьняком. І ў перапынку Сэсіі Незалежнасьці ў тым жа жніўні 1991-га, калі мы пайшлі да будынку ЦК — мы з Пазьняком, Антончыкам, Баршчэўскім і Вячоркам на прыступках, а Новікаў — ля мікрафону.

У 1992 годзе Новікаў стварыў Лігу правоў чалавека і ад БНФ адыйшоў. Што прыкметна — да ягонай арганізацыі адразу пацягнуліся тыя з дэмакратычнага лягеру, хто выступаў за «дзьвюхмоўе».

Яшчэ ў пачатку 1995-га Новікаў публічна абвінавачваў Лукашэнку ў наступе на свабоду слова («Прэзыдэнт адкрыта і беспакарана парушае прынцып свабоды слова, ужываючы рэпрэсыўныя мэтады за выказваньні... Хіба можна сёньня сьцьвярджаць, што першага прэзыдэнта Беларусі абраў народ?.. Галодны натоўп, які мітусіўся ў пошуках выйсьця, паставілі перад выбарамі першага прэзыдэнта. Вынік не зьдзіўляе — кожны народ варты свайго ўладара» («Права человека», студзень 1995), — але на галадоўку за мову, Сьцяг і «Пагоню» з намі ён ужо не пайшоў.

Не магу прыгадаць, каб Новікаў хоць калі-небудзь выступіў па-беларуску. Ён казаў прыгожа, вельмі часта палымяна, але — не па-беларуску.

Здаецца, годзе ў 1993-м, калі Апазыцыя БНФ змагалася супраць уцягваньня Беларусі ў сыстэму Калектыўнай бясьпекі СНД (якой рэальна кіраваў расейскі Генштаб), у буфэце мы апынуліся зь ім за адным сталом. Побач журналісты атакавалі пытаньнямі Пазьняка.

Вы лучше послушайте, что скажу вам я, Евгений Новиков!

Новікаў не ўтрымаўся: «Позняк, Позняк... Все хотят знать, что сказал Позняк. Вы лучше послушайте, что скажу вам я, Евгений Новиков!»

Сваё слова, як вядома, Новікаў сказаў. І не адно.

Ёсьць, як найменш, дзьве якасьці, якія аб’ядноўваюць Лукашэнку і Новікава. Першая — суб’ектыўная: вялікая любоў да мікрафона, яшчэ большая — да тэлевізыйнай камэры. Ім абодвум заўсёды карцела быць навідавоку, заставацца на першым пляне. Другая — ідэйная: непрыманьне беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў. Таму тое, што Новікаў ўрэшце рэшт апынуўся ў абозе Лукашэнкі, нечаканым для мяне не было.

Але зьдзівіла, на якую дробную ролю ён пагадзіўся. Натуральна, на першы плян Новікаў разьлічваць ня мог: занята. Аднак усё ж такі былыя дэпутаты, якія прыйшлі на паклон да Лукашэнкі, атрымалі неблагія пасады — хто віцэ-прэм’ера, хто амбасадара, хто намесьніка міністра.

Затое тых амбасадараў і міністэрскіх чыноўнікаў не чутно і ня бачна, а Новікава бачаць і чуюць: і пра парушэньні правоў чалавека на Захадзе, і пра пляны НАТО акупаваць Беларусь, і пра абстрэлы заходнімі наёмнікамі Луганска.

І, канешне, пра пацукоў, якіх ядуць галодныя амэрыканскія дзеці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG