Пра выкананьне прысуду Праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміла маці асуджанага Вольга Грунова.
Вольга Грунова атрымала пасылку з адзеньнем сына, якое было на ім у камэры сьмяротнікаў на «Валадарцы».
3 лістапада стала вядома, што Аляксандру Грунову адмоўлена ў памілаваньні.
Праваабаронца Андрэй Палуда лічыць: ёсьць вялікая верагоднасьць, што прысуд прыведзены ў выкананьне:
«Тэма сьмяротнага пакараньня і выкананьня сьмяротных прысудаў застаецца пад заслонай сакрэтнасьці. Інфармацыю даводзіцца здабываць па ўскосных прыкметах. Вельмі падобна да таго, што сьмяротны прысуд у дачыненьні да Аляксандра Грунова выкананы. Раней мы атрымалі інфармацыю, што справа Аляксандра Грунова прыйшла ў Гомельскі абласны суд з пазнакаю, што ў прымяненьні памілаваньня ў дачыненьні да яго адмоўлена і што ўсе меры па абскарджваньні прысуду на нацыянальным узроўні ім вычарпаныя.
Гэта было яшчэ 13 кастрычніка, то бок ужо дастаткова даўно. Улічваючы, што прыйшлі маці і ягоныя рэчы, мы можам сказаць, што гэта так і ёсьць.
Маці і адвакат пойдуць у абласны суд заўтра, каб атрымаць афіцыйныя паведамленьні, дакумэнты, пасьля атрыманьня якіх яна можа зьвярнуцца ў ЗАГС, каб атрымаць пасьведчаньне аб сьмерці. Маці ў цяжкім псыхалягічным стане, таму зараз пайсьці не гатовая.
Нас турбуе лёс яшчэ аднаго асуджанага — Эдуарда Лыкава. Ягоная справа таксама знаходзілася на разглядзе аб памілаваньні. Практыка ў нас такая, што расстрэльваюць не па адным. Так было і зь Юзапчуком і Жуком у 2010 годзе, і з Кавалёвым і Канавалавым.
Мы адсочваем ягоны лёс, але гэта даволі складана, бо ў яго сваякоў у Беларусі няма, дзеці жывуць за мяжою. Ён лічыцца чалавекам бяз пэўнага месца жыхарства».
Сёлета ў Беларусі ўжо былі выкананыя два сьмяротныя прысуды: у дачыненьні да 23-гадовага Паўла Селюна і 45-гадовага Рыгора Юзапчука. 54-гадовы Эдуард Лыкаў, паводле інфармацыі праваабаронцаў, чакае выкананьня прысуду.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе сьмяротнае пакараньне ўсталявана заканадаўча і прыводзіцца ў выкананьне. Расея прытрымліваецца мараторыю на сьмяротнае пакараньне з 1997 году.