Такую інфармацыю дае сёлетняя справаздача аб стане гендэрнай роўнасьці ў сьвеце, падрыхтаваная швэйцарскім фондам Усясьветны эканамічны форум.
Беларусь ў сёлетнім рэйтынгу займае 32-е месца са 142 краін. Яе агульны індэкс 0.73 — краіны могуць атрымаць ад нуля (поўная гендэрная няроўнасьць) да адзінкі (поўная роўнасьць).
Адзнакі ў такіх сфэрах як адукацыйныя дасягненьні, а таксама здароўе і выжываньне ў Беларусі блізкія да адзінкі. Пры гэтым беларускія жанчыны маюць вышэйшыя за мужчын такія паказьнікі як сярэдняя працягласьць жыцьця і атрыманьне вышэйшай адукацыі.
Крыху ніжэйшы паказьнік эканамічнага ўдзелу — 0.82. Але пры гэтым ён адзін з найвышэйшых сярод усіх краін у рэйтынгу — Беларусь паводле яго на шостым месцы ў сьвеце. Яе апярэдзілі толькі Багамы, ЗША, Малаві, Нарвэгія і лідэр ў гэтай катэгорыі — Бурундзі.
А вось паводле палітычных паўнамоцтваў паказьнік Беларусі — 0.121 — сьведчыць пра значную гендэрную няроўнасьць. Беларусь у гэтым рэйтынгу на 89-м месцы. Для гэтага індэксу, у прыватнасьці, улічваецца прадстаўніцтва жанчын у парлямэнце і на міністэрскіх пасадах.
Агульны рэйтынг гендэрнай роўнасьці для Беларусі практычна не зьмяніўся ад часу, калі яна апошні раз трапіла ў справаздачу Ўсясьветнага эканамічнага форуму. У 2009 годзе Беларусь была на 34-м месцы з паказьнікам 0.714, а годам раней на 33-м (0.710).
Аднак рэйтынг паводле палітычных паўнамоцтваў заўважна пагоршыўся. У 2009 годзе Беларусь была на 46-м месцы з паказьнікам 0.161, а цяперашняе 89-е месца гэта падзеньне на 43 месцы ў сьпісе.
Суседзі Беларусі маюць у агульным рэйтынгу наступныя месцы: Латвія — 15, Літва — 44, Украіна — 56, Польшча — 57, Расея — 75.
На першых месцах у сёлетнім рэйтынгу гендэрнай роўнасьці:
1) Ісьляндыя
2) Фінляндыя
3) Нарвэгія
4) Швэцыя
5) Данія
Найгоршыя паказьнікі ў сёлетнім рэйтынгу:
138) Малі
139) Сірыя
140) Чад
141) Пакістан
142) Емэн