Паводле суду, асуджаныя скралі ў кіраўніцтва справамі Лукашэнкі больш за 2 мільёны даляраў.
Георгі Саракашыш асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Аляксандар Кізім і Андрэй Меранкоў атрымалі па 9 гадоў зьняволеньня. У іх канфіскаваныя знойдзеныя падчас ператрусаў грошы — сумы ў кожнага ад 1,2 да 2,8 тысячы даляраў, але куды падзеліся больш за 2 мільёны даляраў, сьледзтва не паведаміла.
Справа былых кіраўнікоў «Беларусі» пачалася ў канцы 2012 году са скандалу. Стала вядома пра арышт КДБ Георгія Саракашыша з намесьнікам Аляксандрам ндрэем Кізімам, якіх адмыслова выклікалі нібыта дзеля падпісаньня дакумэнтаў з Сочы ў Менск. З таго часу да суду арыштаваных кіраўнікоў трымалі ў «амэрыканцы». Сваякі Георгія Саракашыша скардзіліся «Свабодзе», што зь ім няма сувязі, і казалі, што ён не прызнае сябе вінаватым.
Страты, якія, паводле суду, нанесьлі кіраўніцтву спраў Лукашэнкі былыя кіраўнікі санаторыя «Беларусь», — другія паводле памеру ў гісторыі гэтай установы. Большыя нанесла толькі былая кіраўніца спраў прэзыдэнта Галіна Жураўкова, якую ў 2004 годзе асудзілі на 4 гады за крадзеж 2,2 мільёна даляраў — таксама праз службовыя злоўжываньні. Ані дня за кратамі Жураўкова не прабыла, бо Аляксандар Лукашэнка яе памілаваў.