Былы дарадца расейскага прэзыдэнта Андрэй Іларыёнаў намаляваў чорную карціну будучыні Расеі пасьля вайны, фактычна разьвязанай цяпер Уладзімерам Пуціным.
У сваім блогу ў Жывым журнале экспэрт піша, што Расеі давядзецца ня толькі вярнуць Украіне Крым і Данбас:
"Па заканчэньні вайны дзяржавы-пераможцы могуць распачаць крокі для недапушчэньня рэстаўрацыі матэрыяльных асноў расейскіх мілітарызму, шавінізму і агрэсіі. У гэтых мэтах на Расею могуць быць накладзеныя абавязацельствы выплаціць рэпарацыі і кампэнсацыі ахвярам расейскай агрэсіі. У частцы забесьпячэньня гэтых абавязацельстваў некаторыя часткі цяперашняй тэрыторыі Расеі, якія зьяўляюцца гістарычнымі абласьцямі суседніх дзяржаў, у свой час анэксаваныя ў іх, могуць быць гэтым краінам вернутыя.
Перадачы могуць быць падвергнуты тэрыторыі, у адносінах да якіх за мяжой час ад часу прад’яўляюцца публічныя і непублічныя прэтэнзіі, напрыклад: Пыталаўскі раён Пскоўскай вобласьці — Латвіі, Кінгісепскі раён Ленінградзкай вобласьці — Эстоніі, поўнач Карэльскага пярэсмыка, Прыладажская Карэлія, Пячэнга — Фінляндыі, Калінінградзкая вобласьць (Усходняя Прусія) — Нямеччыне, Смаленская і Бранская вобласьці — Беларусі, Белгарадзкая, Курская, Варонежская і Растоўская вобласьці, Краснадарскі край — Украіне, Омскі стэп — Казахстану, не менш 1,5 мільёны квадратных кілямэтраў Сыбіры і Далёкага Ўсходу — Кітаю, Курыльскія выспы і Сахалін — Японіі. Нафтавыя і газавыя радовішчы, буйныя крыніцы іншых мінэральных рэсурсаў, сетка магістральных трубаправодаў, банкаўская сыстэма, якія зьяўляліся асновай фінансаваньня агрэсіўнай палітыкі папярэдняга пэрыяду, могуць быць перададзены пад міжнародны кантроль",— піша Іларыёнаў.