Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя шукае «расейскую» субмарыну. Гэта найбуйнейшая вайсковая апэрацыя з часоў халоднай вайны


Карабель берагавой аховы Швэцыі
Карабель берагавой аховы Швэцыі

У Швэцыі, у найбуйнейшым Стакгольмскім архіпэлягу, працягваецца пошук «падводнага аб’екту», які можа зьяўляцца «замежнай падводнай лодкай», як пішуць швэдзкія СМІ, якая належыць ВМФ Расеі.

Міністэрства абароны Расеі аспрэчыла інфармацыю аб тым, што інцыдэнт нібыта зьвязаны з прысутнасьцю расейскай субмарыны каля берагоў Швэцыі. Швэдзкае Міністэрства абароны фактычна не абвяргае і не пацьвярджае ніякія паведамленьні аб замежнай субмарыне.

На 20 кастрычніка ў сувязі з гэтым у Стакгольме заплянаванае пазачарговае пасяджэньне камітэту Рыксдагу па абароне.

Шхеры Стакгольмскага архіпэлягу
Шхеры Стакгольмскага архіпэлягу

Увечары ў нядзелю прадстаўнікі міністэрства абароны Швэцыі, якія ўдзельнічаюць у пошукавай апэрацыі, паведамілі аб атрыманьні яшчэ больш дакладных дадзеных аб «замежнай падводнай дзейнасьці» ў раёне Стакгольмскага архіпэлягу, а таксама прадставілі аматарскую фатаграфію, на якой, на іх думку, адлюстраваны таямнічы падводны аб’ект. Контр-адмірал Андэрс Грэнстад пры гэтым ня змог сказаць, ці зьяўляецца ён падводнай лодкай.

Прадстаўнік Міністэрства абароны Швэцыі адмовіўся пацьвердзіць або абвергнуць паведамленьні мясцовай прэсы, што вайскоўцы нібыта запэленгавалі сыгнал бедзтва з расейскай субмарыны, перададзены ў Калінінград. У ВМФ Швэцыі таксама не камэнтуюць і чуткі пра тое, што субмарына атрымала нейкія пашкоджаньні, а таму не пакідае прыбярэжную тэрыторыю. Пры гэтым вайскоўцы заявілі, што ў іх няма пакуль падставаў гаварыць аб датычнасьці той ці іншай краіны да інцыдэнту з парушэньнем швэдзкіх тэрытарыяльных вод. Паводле Андэрса Грэнстада, армія пашырыла раён пошукаў невядомай субмарыны, ссунуўшы яго на поўдзень ад заліва, дзе першапачаткова была нібыта заўважаная падводная лодка. Раней расейскае ваеннае ведамства заявіла, што ніякіх «няштатных або аварыйных сытуацый» з расейскімі караблямі ў апошні час не адбывалася. У стакгольмскіх шхерах, аднак, ідзе поўнамаштабнае супрацьлодкавае паляваньне, якое нагадвае падзеі кастрычніка 1981 года, якія прынята лічыць адным з самых сур’ёзных інцыдэнтаў у швэдзка-расейскіх міжнародных адносінах у пасьляваеннай гісторыі.

Прадстаўнік ВМФ Швэцыі камандор Ёнас Вікстром
Прадстаўнік ВМФ Швэцыі камандор Ёнас Вікстром

Прадстаўнік ВМФ Швэцыі камандор Ёнас Вікстром позна ўвечары 18 кастрычніка прызнаў, што з улікам колькасьці задзейнічаных караблёў, верталётаў і вайскоўцаў гэта самая маштабная апэрацыя швэдзкіх узброеных сілаў з моманту заканчэньня халоднай вайны:

— Мы па-ранейшаму лічым, што інфармацыя выведкі аб тым, што адбываецца, заслугоўвае поўнага даверу. Як кіраўнік гэтай апэрацыі я, такім чынам, прыняў рашэньне павялічыць колькасьць аддзелаў, якія ўдзельнічаюць у ёй. Пры гэтым важна падкрэсьліць, што нашыя дзеяньні ўсё яшчэ носяць менавіта выведвальны характар. Наша задача — пераканацца ў тым, ці сапраўды ў вызначаным раёне адбываецца, альбо адбывалася нядаўна, якая-небудзь замежная падводная актыўнасьць. Швэдзкая ваенная выведка неафіцыйна зазначае, што ў тэрытарыяльных водах краіны магла пацярпець аварыю найноўшая расейская звышмалая падлодка «Трытон НН» так званы «носьбіт лёгкіх вадалазаў». Да такой высновы прыйшлі экспэрты швэдзкага ведамства абароны, прааналізаваўшы сытуацыю. Катэры-падлодкі «Трытон НН» здольныя перасоўвацца ў надводным стане з хуткасьцю да 40 вузлоў у гадзіну, несучы на сабе экіпаж вадалазаў і іх рыштунак, а перамяшчаюцца яны да месца дзеяньняў з дапамогай буйных гандлёвых судоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG