Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ермакова: Мы будзем праводзіць палітыку павольнай дэвальвацыі рубля


Дэвальваваць беларускі рубель усьлед за расейскім не плянуецца, заявіла 18 кастрычніка журналістам старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова.

Яна адзначыла, што Казахстан, які нароўні зь Беларусьсю зьяўляецца членам Эўразійскага эканамічнага саюзу, не плянуе аслабляць курс нацыянальнай валюты ўсьлед за расейскім рублём. «А чаму мы павінны бегчы за расейскім рублём? А раптам ён, як золата, потым паднімецца?» — падкрэсьліла кіраўнік Нацбанку.

Старшыня праўленьня Нацбанку мяркуе, што беларускім экспарцёрам трэба не спадзявацца на аслабленьне курсу нацыянальнай валюты, а падвышаць канкурэнтаздольнасьць сваёй прадукцыі за кошт скарачэньня выдаткаў і памяншэньня сабекошту, — паведамляе БелаПАН.

«Зь іншага боку, неабходна працаваць з расейскімі пакупнікамі. Акрамя дэвальвацыі, у Расеі назіраецца інфляцыя», — зьвярнула ўвагу Надзея Ермакова.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, кіраўнік Нацбанку не пагадзілася зь меркаваньнем, што курс беларускага рубля сёньня пераацэнены:

«Сказаць, што сёньня курс нашага рубля нерэальны, нельга. Мы будзем праводзіць палітыку павольнай дэвальвацыі рубля», — адзначыла Надзея Ермакова.

Пры гэтым яна дадала, што неабходна захоўваць прывабнасьць укладаў у нацыянальнай валюце. «Гэта вельмі важна», — лічыць Ермакова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG