У менскім Расейскім драматычным тэатры імя Максіма Горкага прайшла прэм’ера п’есы «Пясьняр», галоўны герой якой — Уладзімер Мулявін. Ці ўдалося праўдзіва ўвасобіць на сцэне вобраз легендарнага артыста? Чаму першы помнік Мулявіну зьявіўся ня ў Менску, а ў Екацярынбургу? Госьцем перадачы — малады драматург Васіль Дранько-Майсюк.
— Васіль, віншую з прэм’ерай! Ці задаволены ты спэктаклем?
— Дзякуй вялікі за віншаваньне. Для мяне гэта, безумоўна, падзея — дэбют на сцэне Расейскага тэатру. Адразу хачу выказаць удзячнасьць рэжысэру Валянціне Ераньковай і яе мужу — цудоўнаму кампазытару Аляксею Еранькову. Каб ня іх прапанова, то п’есы «Пясьняр», відаць, не было б. Яны да мяне зьвярнуліся, гэта быў фактычна заказ, і я напісаў п’есу. Што да спэктаклю, то атрымалася, мне здаецца, яркая і неадназначная рэч, дзе гарманічна спалучаюцца музыка, плястыка, дзеяньне, расейская і беларуская мовы. Пастаноўка шмат у чым, думаю, спрэчная, што таксама добра. Бо я даўно ня бачыў у нас спэктакляў дыскусійных, пасьля якіх можна паспрачацца. Цяпер галоўнае — каб далей спэктакль ішоў, каб на ім нарошчваліся мышцы. Таму што толькі зь цягам часу пастаноўка атрымлівае яшчэ большую моц і глыбіню, большы зьмест.
— Дзейныя героі п’есы — цэлае сузор’е вялікіх творцаў: Пясьняр (Уладзімер Мулявін), Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка. Іх маналёгі — твая выдумка, ці ўсё ж яны напісаныя з выкарыстаньнем нейкіх іхных тэкстаў?
— Так, у кожнага зь іх ёсьць свой маналёг, свая навэлка — пры сустрэчы зь песьняром яны яму нешта выказваюць. Ці сваю крыўду, ці свой боль. Пішучы гэтыя маналёгі, я адштурхоўваўся ад таго, што яны перажывалі. Маналёгі часам мелі дакумэнтальную аснову, як было, скажам, зь Якубам Коласам. Ён рэальна перажываў крыўду на ўсіх — на жанчынаў, якія не ўдзялялі яму ўвагі, на няўвагу нашаніўскіх сяброў і г.д. Засталіся ж лісты. А вось навэлка пра Максіма Багдановіча, які закахаўся ў італьянку і хацеў зь ёю зьехаць у Італію, — мая выдумка. Але я адштурхоўваўся ад таго, што Багдановіч перажываў. Зыходзячы з успамінаў пра яго, з таго, як да яго ставіліся тыя самыя нашаніўцы: «эстэт», ня піша пра тое, што трэба і блізка народу і г.д. У выпадку з Багдановічам я стараўся захаваць эмацыйную праўду. Бо самае важнае ў мастацтве хіба ня факт, а менавіта эмацыйная праўда.
— Ролю Янкі Купалы ў спэктаклі выканаў Аляксандар Ждановіч, якога ўсе беларускія дзеткі ведаюць як Маляваныча з «Калыханкі». Ролю Цёткі — Наста Шпакоўская з гурта «Naka». Ім удалося адысьці ад сваіх шырокавядомых вобразаў і стаць на сцэне Купалам і Цёткай?
— Думаю — так. Сапраўды, калі ты доўгі час Маляваныч з «Калыханкі», то каго б ты потым на сцэне ні ўвасабляў, ты псыхалягічна хочаш даказаць, што можаш быць ня толькі ім. Што ты можаш быць і Калігулам (а Ждановіч сыграў вельмі жорстка ў свой час Калігулу), і Купалам. Купала ў яго атрымаўся іранічны, гратэскны, рэальны, зразумелы нам, у нечым нават для мяне нечаканы, бо Аляксандар даў свой погляд на Купалу. Ён спэцыяльна вывучаў Купалу, глядзеў дакумэнтальныя матэрыялы. Увогуле акторы да сваіх роляў падышлі вельмі творча. Безумоўна, была вялікая спакуса, рабіць нешта патасна. Часам на рэпэтыцыях я бачыў, што дзе-нідзе патас ёсьць, але гэта тое, што потым прыбярэцца. Я сам актор і ведаю, што прэм’ера — гэта заўсёды нешта цяжкае. На прэм’еры ты яшчэ заціснуты, ня вельмі ўпэўнены. Толькі дзесьці ў пятнаццатым-дваццатым спэктаклі ты пачынаеш разумець — вось яно! вось як трэба! я цалкам унутрана свабодны! Але ўжо сёньня гэтую ўнутраную свабоду я бачу ў Насты Шпакоўскай, у Аляксандра Ждановіча, у выдатнага артыста Сяргея Жбанкова (Песьняра). Мы зь ім разам вучыліся ў Акадэміі мастацтваў. Ён чалавек вельмі добры, вочы ў яго добрыя — як у Мулявіна. Нездарма яго ўзялі на гэтую ролю.
— Цягам усяго спэктаклю ідзе змагаьне за Песьняра паміж беларускімі паэтамі і падступнымі Чорным ды Шэрым. Думаю, для гледача відавочна, каго яны ўвасабляюць. Як мяркуеш, да зьнішчэньня мулявінскіх «Песьняроў» мелі дачыненьне «чорныя ды шэрыя» сілы?
Змаганьне за генія — вечная тэма ў мастацтве
— «Песьняры» і сёньня існуюць. І не адзін калектыў, а пяць ці шэсьць. Якраз і бяда ў тым, што яны фармальна ёсьць. Хоць трэба было б, каб пасьля сьмерці Мулявіна яны спынілі сваё існаваньне, бо гэта ўжо не «Песьняры». Што заўгодна, але не «Песьняры». Змаганьне за генія — вечная тэма ў мастацтве. Ёсьць прадстаўнікі чорнай сілы. Хтосьці думае, што гэта ўпаўнаважаныя ўлады, хтосьці думае, што гэта ўнутраны дэман. Вечная тэма — Мэфістофэль і Фаўст. Таму я гэтую лінію ўвёў у п’есу. Але мне не хацелася рабіць нейкую пашпартную канкрэтыку. Нават Пясьняр у мяне ні разу не названы Мулявіным. Канешне, зразумела, каго я маю на ўвазе. Але гэта таксама вобраз Песьняра, які стаміўся ім быць. Таму што быць Песьняром у Беларусі — гэта вельмі цяжка, гэта няўдзячна. Табе ніхто ня скажа дзякуй — ні зайздросьнікі-сябры, ні зьверху, ні зьнізу. Таму ўсе мы час ад часу стамляемся. І час ад часу мы марым наляцець на той дуб, каб апынуцца ў цішыні і спакоі. Але калі гэта здараецца, тады ўсе на цябе накідваюцца. І ў п’есе іронія ў тым, што Пясьняр хоча, каб яго ўсе пакінулі ў спакоі. Усе — і гэты Чорны. А можа, гэта проста доктар?
— Доктар допытаў не праводзіць.
— А можа, гэта ўсё проста ў сьвядомасьці Песьняра? Мы заўсёды жылі ў страху, ведаючы, што нас хтосьці «курыруе». Допыты — ужо ў нашай мэнтальнасьці, таму я іх увёў у п’есу.
— Спэктакль ідзе на дзьвюх мовах — на беларускай і расейскай. І гэтае падкрэсьленае рознамоўе яшчэ больш палярызуе тыя сілы, якія дзейнічаюць у п’есе. Гэты прыём, дарэчы, ужыты Купалам у «Тутэйшых». Дзьве мовы — для палярызацыі?
Дзьвюхмоўе ў нашай традыцыі — у беларускай батлейцы чорт заўсёды размаўляў па-расейску, а героі-мужыкі — па-беларуску
— Гэты момант, безумоўна, прысутнічае. Момант выразнасьці. Расейская — ня родная нам мова, яна прыйшла да нас тым ці іншым шляхам. Мы ведаем — якім. Гэта наша бяда, што ў нас менш беларускай і больш расейскай мовы. Але тут момант і нейкай іроніі, бо сам Пясьняр размаўляе па-расейску, але робіць для Беларусі значна больш, чым тыя, хто размаўляе па-беларуску. Дзьвюхмоўе ў нашай традыцыі — у беларускай батлейцы чорт заўсёды размаўляў па-расейску, а героі-мужыкі — па-беларуску. І ў Купалы так, і Мікалай Пінігін, калі ставіў «Тутэйшых», таксама выкарыстаў гэты батлеечны ход. Наша спрадвечная бяда — мы дзелімся на расейскамоўных і беларускамоўных. Гэты падзел у п’есе таксама ёсьць, нават у завостраным выглядзе.
— Калі глядзеў спэктакль, мне так хацелася, каб Пясьняр хоць два-тры словы па-беларуску сказаў.
— Мне таксама гэтага вельмі хацелася! І быў час, калі я быў гатовы гэта зрабіць. Але пабаяўся, бо гэта выглядала б занадта прадказальна. Маўляў, і вось ён у канцы перайшоў, дзякуючы Беларусі, на беларускую мову. І ўсе мы кажам — алілюя! А іронія якраз у тым, што Пясьняр — расейскамоўны чалавек, якога немаведама чаму захоплівае мэлёдыка беларускай мовы, і ён, размаўляючы па-расейску, стварае беларускія шэдэўры. У фінале п’есы, калі трэба шукаць новага песьняра, мы знаходзім ня нейкага нацыянальна сьвядомага, а — кампазытара Толіка, лабуха, які робіць чос. Чаму Толік? А вось так — менавіта ён. І гэты Толік прачнецца раніцай і будзе ствараць, сам ня ведаючы — чаму. У гэтым іронія нашага дыскурсу, нашага часу. Хацелася і гэты момант вызначыць.
— Мяне трохі бянтэжыла, што цягам усяго спэктаклю Пясьняр не разумее, што ён стварыў: «я проста песьні пісаў». Звычайна, у людзей творчых бывае наадварот.
Ён не любіў «Вологду», казаў: «Эта вонючая Вологда — ерунда полная»
— Мулявін сапраўды проста пісаў беларускія песьні, яму гэта падабалася. Ён не любіў «Вологду», казаў: «Эта вонючая Вологда — ерунда полная». Ён любіў рабіць вялікія рэчы — рок-опэру «Песьня пра долю», канцэптуальную «Перапёлачку». А народ гэта ня вельмі слухаў. Мулявіна цягнулі ў «Вологду», а ён эмацыйна цягнуўся да беларускага. Яго беларуская мова і беларускі фальклёр захапілі — як мастака. Ён жа, калі прыехаў, хацеў зрабіць адну праграму — беларускія песьні, другую — украінскія, трэцюю — таджыцкія. Песьні народаў Савецкага Саюзу. Пачаў зь беларускіх і ня змог вылезьці. Так, гэта нейкі цуд. Мулявін прыехаў у Беларусь, а мог прыехаць ва Ўкраіну. Як Параджанаў, які трапіў ва Ўкраіну і зьняў украінскія нацыянальныя фільмы на гуцульскай мове. З Мулявіным магло стацца тое ж самае. Але нам пашанцавала. Ён прыехаў у Беларусь, пачаў граць джаз. А пасьля проста пачуў мэлёдыку беларускай мовы. Яго як музыку захапіла мэлёдыка невядомай яму мовы. І ён зразумеў, што зможа праз гэтую мову спраўдзіцца. Гэтак хтосьці з нас можа паехаць, напрыклад, у Кіргізію, захапіцца кіргіскай мовай і пачаць ставараць на ёй, скажам, кіргіскі тэатар. І стане там нацыянальным героем.
— Мулявін жа папраўляў Купалу. Пра гэта мы нядаўна гаварылі з кампазытарам Алегам Моўчанам. Беларус, можа, і не адважыўся б.
— Можа, і не адважыўся б. Музыка Мулявіна роўная па генію паэзіі Купалы. Гэта ці не адзіны наш творца, хто да Купалы наблізіўся. Я магу назваць хіба яшчэ два чалавекі, якія наблізіліся да Купалы, — Пінігін у «Тутэйшых» і Луцэнка ў «Сьне на кургане». Мулявін адчуваў сябе з Купалам, як зь сябрам, ён яго зразумеў. А калі ты чалавека добра разумееш, то можаш ня толькі паправіць, а нават па-свойму зрабіць акцэнт, можаш нейкае слова ўставіць. Купала быў бы ня супраць паправак Мулявіна — я ў гэтым перакананы.
Музыка Мулявіна роўная па генію паэзіі Купалы
— Нядаўна на радзіме Мулявіна, у Екацярынбургу, быў адкрыты помнік яму. У Менску такога помніка няма. Чорны і Шэры дзейнічаюць?
— У кожным з нас у той ці іншай ступені сядзіць Чорны і Шэры. А Чорны і Шэры — гэта што? Гэта наша абыякавасьць да сваёй культуры. А калі ёсьць абыякавасьць — няма помніка. Вось і ўсё.
— У спэктаклі ёсьць неназваная дзейная асоба — Яна. Гэта вобраз Беларусі?
— Безумоўна.
— Пясьняр зрабіў для Яе ўсё, што мог? Ён, як спадзяваўся ў пачатку жыцьця, спраўдзіўся тут?
— Самае галоўнае, што ён зрабіў, — ён змог дараваць Ёй. Мы часта крыўдзімся на Беларусь, якой мы шмат што даем, а Яна нам узамен не дае нічога. Пясьняр змог дараваць. Ён змог Яе зразумець да канца. А зразумеўшы Беларусь, ён зразумеў і сваё пясьнярскае прызначэньне. І тое, што зробленае ім зробленае недарэмна. Я так мяркую: нават калі б Мулявін напісаў толькі адну «Перапёлачку», ён бы ўжо выканаў сваё прызначэньне.