Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мараторый, якога патрабуе Эўропа, неабходны найперш Беларусі»

абноўлена

Тамара Чыкунова пра тое, як дамагліся адмены сьмяротнага пакараньня ва Ўзбэкістане
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00
Наўпроставы лінк

Тамар Чыкунова

10 кастрычніка ў Эўропе адзначаюць міжнародны Дзень супроць сьмяротнага пакараньня. У беларускім праваабарончым цэнтры «Вясна» нагадалі, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе гэтае пакараньне працягваюць ужываць, а таксама не выконваюць шэраг нормаў адносна правоў асуджаных.

241 сьмяротны прысуд уступіў у сілу ў Беларусі за час, калі краінай кіруе Аляксандар Лукашэнка. Праваабаронцам вядома толькі пра адзін выпадак, калі Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмерць, але прозьвішча памілаванага невядомае. Яшчэ адзін асуджаны, Дзьмітры Хархаль, у 2003 годзе пазьбег кары дзякуючы рашэньню прэзыдыюму Вярхоўнага суду, які замяніў яму найвышэйшае пакараньне на 15 год зьняволеньня.

Прывёўшы гэтыя дадзеныя для Радыё Свабода, праваабаронца зь «Вясны» Андрэй Палуда адзначыў, што яны грунтуюцца на лістах Міністэрства юстыцыі ад 2010 і 2012 гадоў, а таксама на паведамленьнях мэдыяў. Але збольшага, паводле праваабаронцы, статыстыка выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі застаецца закрытай, і гэта ўсё больш нагадвае сытуацыю ў Кітаі, дзе гэтыя зьвесткі ўвогуле абвешчаныя дзяжаўнай таямніцай.

Беларусь ня толькі застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе дагэтуль караюць сьмерцю і не паведамляюць сваякам пакараных ані пра час кары, ані пра месца пахаваньня. Улады краіны працягваюць парушаць і тыя абавязаньні адносна асуджаных на сьмерць, якія самі ж узяліся выконваць, заўважае намесьнік кіраўніка «Вясны» Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«З 9 апошніх выпадкаў выкананьня сьмяротных пакараньняў у 5 пакараньні былі выкананыя, нягледзячы на тое, што ўжо былі зарэгістраваныя індывідуальныя звароты асуджаных у Камітэце правоў чалавека ААН і адносна іх пачалася працэдура разбору. То бок беларускаму ўраду паведамілі пра рэгістрацыю індывідуальных зваротаў і нагадалі пра абавязаньне не прыводзіць прысуды ў выкананьне да разгляду зваротаў па сутнасьці. Але Беларусь у парушэньне сваіх міжнародных абавязаньняў выканала гэтыя прысуды. Таксама мы адзначаем, што працягваецца практыка вынясеньня сьмяротных прысудаў Вярхоўным судом Беларусі ў якасьці першай судовай інстанцыі, якая ёсьць і апошняй. Такім чынам, прысуды ўступаюць у дзеяньне пасьля вынясеньня і не падпадаюць пад касацыйнае абскарджваньне. Гэтак адбылося ў справе Канавалава-Кавалёва, якіх пакаралі сьмерцю ўсяго на трэці месяц пасьля ўступленьня прысуду ў сілу».

Ганаровы госьць тыдня «Праваабаронцы супроць сьмяротнага пакараньня» — праваабаронца з Узбэкістану Тамара Чыкунова. На пачатку двухтысячных гадоў ва Ўзбэкістане быў расстраляны яе сын Дзьмітрый. Пазьней жанчына дамаглася прызнаньня прысуду незаконным, але сына ўжо ня вернеш. Больш за 10 гадоў Тамара Чыкунова разам зь іншымі актывістамі змагалася за адмену сьмяротнай кары ва Ўзбэкістане, і ў 2008 годзе гэта адбылося. Тамара Чыкунова згадвае:

Тамар Чыкунова
Тамар Чыкунова

«Ва Ўзбэкістане было 6 камэраў сьмяротнікаў, дзе расстрэльвалі. Самая вялікая была ў Ташкенцкай турме. З астатніх туды прывозілі этапам асуджаных і расстрэльвалі. Але 1 студзеня 2008 году юрыдычна сьмяротную кару адмянілі. На той дзень у камэрах сьмяротнікаў было 58 чалавек. Яны ўсе засталіся жывымі, зь іх 21 чалавек сёньня ўжо на волі. Усе працуюць ці вучацца, шмат хто стварыў сям’ю. Ніводзін ня стаў на шлях злачынства».

У крымінальным законе Ўзбэкістана сьмяротную кару замянілі зьняволеньнем на 15 гадоў, а ў скрайнім выпадку — на пажыцьцёвае зьняволеньне. Але і пры гэтым у асуджанага застаецца нямала правоў, якіх няма ў пажыцьцёва зьняволеных у Беларусі, распавяла праваабаронца:

«Чалавек, асуджаны на сьмерць, мае права на працу і вучобу, на мэдычнае абслугоўваньне. Раз на месяц ён можа тэлефанаваць дамоў, і раз на паўгода — доўгатэрміновае спатканьне».

За апошнія гады сьмяротную кару адмянілі ці ўвялі мараторый на гэтае пакараньне ня толькі ва Ўзбэкістане, але таксама ў Кіргізстане, Казахстане, Манголіі. Гэтаму папярэднічала актыўная грамадзкая кампанія, у якой грамадзкія актывісты знайшлі паразуменьне з вышэйшымі чыноўнікамі, нагадала Тамара Чыкунова. Ці магчыма, што беларускае кіраўніцтва хутка стане на шлях адмены сьмяротнага пакараньня хаця б праз шлях мараторыя?

Паводле Валянціна Стэфановіча, апошнім часам беларускае кіраўніцтва намагаецца вярнуць краіне статус адмысловага запрошанага ў Радзе Эўропы, Ці гэта ўдасца без увядзеньня мараторыя на сьмяротную кару? Праваабаронца сумняваецца, спасылаючыся на свае кантакты з эўрапейскімі чыноўнікамі, якія працягваюць настойваць на выкананьні Беларусьсю дзьвюх базавых умоваў: вызваленьне палітвязьняў і адмена сьмяротнага пакараньня. Але галоўнае, на думку спадара Стэфановіча, — што адмена сьмяротнага пакараньня найперш патрэбная самому беларускаму грамадзтву:

Валянціна Стэфановіч
Валянціна Стэфановіч

«Мы ня можам казаць пра гуманізацыю грамадзтва, калі дзяржава дазваляе сабе забіваць сваіх грамадзян. У такіх умовах нельга гаварыць і пра гуманізацыю крымінальных законаў. Адмена сьмяротнага пакараньня патрабуе рэформы пэнітэнцыярнай сыстэмы, прафіляктычнай працы міліцыі ды шмат якіх яшчэ рэформаў. Таму мараторый найперш патрэбны нам, беларускаму грамадзтву, а не камусьці».

Статыстыка сьмяротных пакараньняў

Колькі ў Беларусі пакарана сьмерцю за часы праўленьня Аляксандра Лукашэнкі?

Паводле дадзеных праваабаронцаў «Вясны» з 1994 году, калі да ўлады ў Беларусі прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, ў краіне быў выкананы 241 сьмяротны прысуд і толькі адзін чалавек памілаваны кіраўніком дзяржавы. Праваабаронцам вядома таксама пра адзін выпадак адмены сьмяротнага прысуду Прэзыдыўмам Вярхоўнага суду Беларусі ў выніку нагляднай скаргі.

Вось як выглядае статыстыка сьмяротных прысудаў, якія ўступіўшых у сілу з 1994 году.

У 2013 годзе былі вынесеныя сьмяротныя прысуды Аляксандру Грунову і Эдуарду Лыкаву, якія ўступілі ў сілу ў 2014 годзе, але зьвестак пры іх выкананьне дагэтуль няма. У 2013 годзе былі вынесеныя сьмяротныя прысуды Паўлу Сялюну і Рыгору Юзэпчуку, якія ў 2014 годзе былі пакараныя выкананыя.

Вядомыя прозьвішчы пакараных сьмерцю злачынцаў

2007 г. — Аляксандр Сяргейчык.

2008 г. — Сяргей Марозаў, Ігар Данчанка, Валер Гарбаты, Павал Ляной.

2009 г. — Андрэй Жук, Васіль Юзэпчук.

2010 — Андрэй Бурдыка, Алег Грышкаўцоў.

2011 г. — Дзьмітрый Канавалаў, Уладзіслаў Кавалёў, Ігар Мялік.

2013 — Павал Сялюн, Рыгор Юзэпчук.

Чаму з 1999 году колькасьць сьмяротных прысудаў пачала заўважна зьніжацца? Камэнтар праваабаронцы Валянціна Стэфановіча:

«Сапраўды, можна адзначыць, што ў двухтысячных гадах караць сьмерцю сталі меней, чым у дзевяностых мінулага стагодзьдзя. Так, у 1998 годзе быў пік сьмяротных прысудаў — ажно 47, а ўжо праз год — толькі 13, а яшчэ праз год — 4. Але гэта ня трэба ўспрымаць як вынік узьдзеяньня на злачынцаў — маўляў, тыя спалохаліся і сталі меней рабіць цяжкіх злачынстваў. Гэта тлумачыцца найперш тым, што ў 1999 годзе былі ўнесеныя зьмены ў Крымінальны кодэкс, зьявілася такое пакараньне, як пажыцьцёвае зьняволеньне. Раней максымальны тэрмін зьняволеньня быў 15 год, а за ім адразу ішла сьмяротная кара. А калі ў 1999 годзе ўвялі пажыцьцёвае зьняволеньне, суды сталі часта ўжываць яго замест сьмяротнай кары, і таму статыстыка палепшала. Аднак усплёскі ўсё роўна здараліся, як было ў 2006 годзе, калі вынесьлі ажно 9 сьмяротных прысудаў. Але ў цывілізаваным грамадзтве гэтая статыстыка павінна быць зьведзеная да нуля».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG