Кіраўніца МВФ Крысьцін Лягард зьвяртае ўвагу на вялікія геапалітычныя рызыкі, якія існуюць сёньня.
Бесьперапынныя ваенныя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны зьяўляюцца значнай геапалітычнай рызыкай, здольнай справакаваць далейшы рост цэн і ўзмацніць фінансавыя дысбалянсы ва ўсім рэгіёне, — заявіла ў ходзе выступу ва ўнівэрсытэце Джорджтаўну дырэктар-распарадчык Міжнароднага валютнага фонду Крысьцін Лягард.
«Разам з фінансавымі „хмарамі“, мы сутыкаемся зь вялікімі геапалітычнымі рызыкамі. У гэтым сэнсе далейшая эскаляцыя канфлікту ва Ўкраіне можа справакаваць рост спажывецкіх цэнаў, дысбалянсы на фінансавых рынках і ў гандлі, — цытуе Лягард афіцыйны сайт МВФ. — Гэтыя рызыкі, апроч іншага, нясуць яшчэ і вялікія праблемы для шараговых грамадзян. Мы ня можам гэта ігнараваць».
Раней у МВФ спрагназавалі, што ў выпадку працягу ваенных дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны падзеньне эканомікі краіны перавысіць 7% па выніках году, а рэцэсія паглыбіцца і запатрабуе новых фінансавых уліваньняў. У 2015 годзе падзеньне эканомікі, на думку МВФ, складзе 4,25%. Па разьліках Фонду, экспарт па выніках 2014 скароціцца на фоне далейшага пагаршэньня адносін з Расеяй, а таксама з улікам фізычнага вываду з ладу вытворчых магутнасьцяў усходу Ўкраіны. Дэфіцыт плацёжнага балянсу ў 2014 годзе вырасьце да 7,5 млрд дал., а ў 2015-м — да 11,5 млрд дал. У гэтай сувязі Ўкраіне да канца 2015 году спатрэбіцца ня менш за 19 млрд даляраў зьнешніх запазычаньняў, каб пакрыць патрэбы ў фінансаваньні, — спрагназавалі ў МВФ. l