Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія міліцыянты прапанавалі Вінаградаву пераехаць у Беразіно


Вінаградаву пагражаюць лёсам Завадзкага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00

Вінаградаву пагражаюць лёсам Завадзкага

Актывіст «Зьмены» Павал Вінаградаў аштрафаваны на 8 базавых велічынь нібыта за знаходжаньне ў нецьвярозым выглядзе ў грамадзкім месцы. Павал сьцьвярджае, што ў міліцыі яму пагражалі лёсам зьніклага журналіста Зьмітра Завадзкага.

А 15 гадзіне 3 кастрычніка Павал Вінаградаў быў вызвалены з Маскоўскага РУУС, дзе адбыў суткі. Паводле рашэньня кіраўніцтва РУУС актывіста моладзевай арганізацыі «Зьмена» аштрафавалі на 1 мільён 200 тысяч рублёў нібыта за знаходжаньне ў нецьвярозым выглядзе ў грамадзкім месцы. Але больш, чым такое пакараньне, якое Вінаградаў лічыць цалкам незаконным, яго непакояць адкрытыя пагрозы ад міліцыянтаў.

«Начальнік крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Мікалай Лужынскі спытаў мяне: „Паша, а дзе Завадзкі?“ Кажу, што ня ведаю. „Дык што, хочаш, каб і твая жонка ня ведала, дзе ты?“ Я спытаў у яго, ці пагражае ён мне. „Не, — адказвае. — Не пагражаю. Папярэджваю“. Далей я правёў яшчэ некалькі гадзін у кабінэце свайго інспэктара. Зайшоў начальнік інспэкцыі, сказаў забіраць у мяне рэчы і адпраўляць у „дзяжурку“. Ноч правёў у „дзяжурцы“ — у „стакане“. Да мяне прыйшоў міліцыянт, які азнаёміў мяне з пратаколам, што я нібыта быў у нецьвярозым стане па адрасе Грушаўская, 9. Гэта нібыта было ўчора, у 16:20. У матэрыялах справы было напісана, што нібыта я адмовіўся ад агляду на алькаголь, хоць насамрэч я не адмаўляўся. І праз хвілін 30 мне ўжо прынесьлі пастанову, у якой намесьнік начальніка Маскоўскага РУУС спадар Руцкі прысудзіў мне 1 200 000 рублёў штрафу».

Паводле Паўла Вінаградава, міліцыянты таксама прапаноўвалі яму зьехаць зь Менску ў Беразіно, адкуль ён родам і дзе жыве ягоны бацька. Павал Вінаградаў кажа, што не зьбіраецца зьяжджаць зь Менску і заявіў пра гэта ў міліцыі. Актывіст намераны рэагаваць на пагрозы на свой адрас «пасьля кансультацыяў з адвакатам». Адносна абвінавачаньня, што ён знаходзіўся ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым выглядзе, Павал Вінаградаў заўважыў, што падобнае абвінавачаньне вылучанае супроць яго невыпадкова — каб падрыхтаваць падставы для накіраваньня ў ЛТП:

«Калі я не памыляюся, мне засталося атрымаць яшчэ адзін пратакол аб расьпіцьці сьпіртных напояў, і ўжо можа праходзіць камісія аб прызнаньні мяне алькаголікам ці непрызнаньні».

Частку ночы на 3 кастрычніка Павал Вінаградаў правёў у гэтак званым «малпятніку» — памяшканьні для затрыманых хуліганаў, у тым ліку сапраўдных алькаголікаў. «Там была брудная падлога і невыносны пах», — згадаў актывіст умовы ўтрыманьня.

Паводле Паўла Вінаградава, з 2011 году ён правёў на Акрэсьціна больш за 200 сутак пад арыштам, агульная колькасьць ягоных адміністратыўных арыштаў набліжаецца да двух дзясяткаў. Апошні раз Павал Вінаградаў быў затрыманы 11 верасьня і асуджаны на 15 сутак. Актывіст не выключае і таго, што ўлады рыхтуюць для яго падаўжэньне прэвэнтыўнага нагляду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG