Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народны рэфэрэндум» здае першыя 50 тысяч подпісаў у парлямэнт


У дзень адкрыцьця восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў дэпутатам перададуць 50 тысяч подпісаў у падтрымку правядзеньня «Народнага рэфэрэндуму», якія зьбіраюць чальцы «Гавары праўду», Партыі БНФ, Руху «За свабоду», БСДП (Грамада) і Партыі свабоды і прагрэсу.

Подпісы зьбіралі цягам апошняга году падчас мясцовых выбараў, грамадзкіх слуханьняў, сустрэчаў з грамадзянамі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Для абвяшчэньня рэфэрэндуму з ініцыятывы грамадзянаў патрабуецца сабраць 450 тысяч подпісаў. Аднак рэфэрэндум можа ініцыяваць і парлямэнт, калі грамадзяне зьбяруць 50 тысяч подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму па тым ці іншым пытаньні.

Адзін з кіраўнікоў кампаніі «Народны рэфэрэндум» Юрась Губарэвіч кажа, што мэтазгодна скарыстаць магчымасьць уплыву грамадзтва на парлямэнт праз падачу першай партыі подпісаў — гэта паставіць парлямэнтароў перад неабходнасьцю нейкім чынам рэагаваць:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Гэта тыя 50 тысяч, якія мы сабралі яшчэ падчас мясцовых выбараў. Цяпер гэтыя подпісы сыстэматызаваныя і перагледжаныя. І мы плянуем у першы дзень сэсіі Палаты прадстаўнікоў іх туды аднесьці. Была абраная лічба 50 тысяч, бо яна адпавядае патрабаваньням закону, паводле якога парлямэнт сваім рашэньнем мае права прызначыць рэфэрэндум. Атрымаўшы 50 тысяч подпісаў грамадзянаў, парлямэнтары будуць вымушаныя даць канкрэтны адказ сваім выбарцам, што яны зьбіраюцца рабіць — ігнараваць подпісы ці абвяшчаць рэфэрэндум».

Юрась Губарэвіч адзначыў, што збор працягваецца і сабрана значна больш подпісаў, чым будзе пададзена.

«У нашых плянах сабраць больш подпісаў. У законе аб правядзеньні рэфэрэндумаў гаворыцца пра 450 тысяч у тым выпадку, калі рэфэрэндум ініцыюецца грамадзянамі», — сказаў палітык.

У межах «Народнага рэфэрэндуму» зьбіраюцца подпісы за ініцыяваньне рэфэрэндуму па такіх пытаньнях:

1. Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

2. Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласьцей павінны абірацца прамым галасаваньнем грамадзян?

3. Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэньне бязьвізавай прасторы з Эўрапейскім Зьвязам?

4. Ці згодныя вы, што дзеля забесьпячэньня нэўтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена разьмяшчэньне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несьці службу за мяжой?

5. Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны?

6. Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад заплянаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсьці на кампэнсацыю ўкладаў, страчаных падчас дэвальвацыі-2011, і стварэньне працоўных месцаў?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG